ПЯТРО́ЎСКІ (Іван Георгіевіч) (19.1.1901, г. Сеўск Бранскай вобл., Расія — 15.1.1973),
расійскі матэматык, стваральнік навук. школы па агульнай тэорыі сістэм дыферэнцыяльных ураўненняў. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. з 1943). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927), дзе і працаваў з 1929 (з 1951 рэктар). У 1947—51 акад.-сакратар Аддз.фіз.-матэм. навук АНСССР. Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі, тэорыі імавернасцей, алг. геаметрыі, тапалогіі, матэм. фізіцы і інш.Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952.
Тв.:
Избр. труды: Системы уравнений с частными производными. Алгебраическая геометрия. М., 1986;
Избр. труды: Дифференциальные уравнения. Теория вероятностей. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Леанід Рыгоравіч) (12.6.1902, г.п. Шчарбінаўка Данецкай вобл., Украіна — 17.8.1941),
савецкі военачальнік, ген.-лейт. (1941), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Сын Р.І.Пятроўскага. Скончыў Акадэмію РСЧА (1922). З 1917 у Чырв. гвардыі, у 1918—38 і з 1940 у Чырв. Арміі. У маі—снеж. 1937 камандзір корпуса ў БВА. У 1938—40 быў звольнены з Чырв. Арміі, выключаны з партыі. У Вял.Айч. вайну 63-і стралк. корпус на чале з П. правёў Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Пры прарыве з акружэння смяротна паранены. У в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. на магіле П. помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА ПЯЦЁХ,
другі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў маі 1918. Сфарміраваны пасля выхаду з 1-га складу Народнага сакратарыята Беларусі ў пач. мая 1918 бел. сацыялістаў-рэвалюцыянераў П.Бадуновай, Т.Грыба, Л.Зайца і сацыял-дэмакрата А.Смоліча. У склад Р.п. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў Я.Варонка (старшыня), Я.Бялевіч, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі. Правыя ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі з мэтай адхіліць Р.п. стварылі Нар. сакратарыят пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта. У выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, у чэрв. 1918 быў сфарміраваны 4-ы склад Нар. сакратарыята.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁНАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (28.10.1878, Масква — 7.2.1954),
расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці ў СССР. Акад.АНСССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Дрэздэнскі політэхн.ін-т (1901) і Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). З 1920 праф. Маскоўскіх ун-та, тэкст. ін-та (з 1935), хіміка-тэхнал. ін-та (з 1943). Навук. працы па хіміі алкалоідаў, фарбавальнікаў, духмяных рэчываў і фармацэўтычных прэпаратаў. Адкрыў метад сінтэзу β-амінакіслот кандэнсацыяй альдэгідаў з малонавай к-той і аміякам у растворы этанолу (рэакцыя Р.; 1926). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙ (Рам Мохан) (22.5.1772 або 1774, Раджнагар, Індыя — 27.9.1833),
індыйскі (бенгальскі) асветнік, філосаф, рэфарматар індуізму, грамадскі і літ. дзеяч. Скончыў вышэйшую мусульм. школу ў г.Патна. Імкнуўся стварыць універсальную рэліг. сістэму на аснове індуізму, выступаў за скасаванне яго найб. адыёзных звычаяў (самаспаленне ўдоў, дыскрымінацыя «недатыкальных», дзіцячыя шлюбы і інш.). Стварыў рэліг.-рэфарматарскае т-вы Ар’я самадж (1815) і Брахма самадж (1828). Па ініцыятыве Р. ў Калькуце адкрыта першая інд. свецкая школа — Індускі каледж (1817). Выдаваў газ. «Шомбад каўмудзі» («Месяц навін», на бенгальскай мове) і «Мірат уль-ахбар», («Люстэрка навін», на перс. мове). Аўтар перакладаў на бенгальскую мову філас. твораў Стараж. Індыі, юрыд. даследаванняў, памфлетаў, падручнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛЬКО́ (Уладзімір Антонавіч) (н. 30.7.1922, в. Падарэссе Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гаспадарчы і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1976). У 1950—92 старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага р-на. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—63, дэп., нам. Старшыні Вярх. Савета БССР у 1985—90. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1966—70 і 1974—89. Пад яго кіраўніцтвам у калгасе «Аснежыцкі» дасягнуты высокія паказчыкі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі, шырока выкарыстоўваліся інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.
Тв.:
Всего достигнешь, если любишь труд. Мн., 1966;
Оснежицкий поиск. Мн., 1979.
Літ.:
Владимир Ралько / Авт. текста С.В.Бородовский. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКІ БОЙ 1942у Вялікую Айчынную вайну,
бой Расонскай партыз. брыгады імя Сталіна па разгроме гарнізона ням. фашыстаў (больш за 300 гітлераўцаў) у г.п.Расоны Віцебскай вобл. 19 вер. Летам 1942 партызаны перарэзалі ўсе камунікацыі, што вялі ў Расоны, і пачалі блакаду гарнізона. Да сярэдзіны верасня разграмілі навакольныя апорныя пункты ворага ў вёсках Клясціцы, Сакалішча, Сівошына і інш. У ноч на 19 вер. артабстрэлам умацаванняў гарнізона партызаны вымусілі гітлераўцаў са стратамі ў жывой сіле і ўзбраенні пакінуць Расоны. У гонар гэтага бою ў Расонах пастаўлены помнік.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУБО́Н»
(«Rubon»),
альманах памяркоўна-кансерватыўнага кірунку. Выдаваўся ў 1842—49 у Вільні на польскай мове. Распаўсюджваўся пераважна на Віцебшчыне (Рубон — стараж. назва р.Зах. Дзвіна). Рэдактар-выдавец К.Буйніцкі. Асвятляў культ. жыццё Наддзвіння і паказваў мінулае краю. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі. Надрукаваў творы Я.Баршчэўскага, Т.Лады-Заблоцкага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, братоў Ю., К. і В. Гжымалоўскіх, А.Плятэра, Я.Ходзькі, І.Храпавіцкага, Я.Чачота і інш. ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, бел.нар. песні. Адыграў пэўную ролю ў ажыўленні культ. руху і згуртаванні літ. сіл рэгіёна. Арыентаваўся на маёмную шляхту і мясц. інтэлігенцыю. Выйшла 10 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд.Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),
рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап.нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш.бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш. (у кн. «Мастацкія творы», 1941).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—30. М., 1954—66.
Літ.:
Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;
Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;
Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;
Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.