ЛЭ́МБАЎСКІ ЗРУХ узроўняў энергіі,
невялікія адрозненні энергій электрона ў атаме вадароду і вадародападобных атамах для некаторых станаў, у якіх, паводле Дзірака ўраўнення, энергіі павінны супадаць. Эксперыментальна выяўлены ў 1947 У.Ю.Лэмбам і амер. фізікам Р.Рызерфардам і тэарэтычна растлумачаны Г.А.Бетэ. У квантавай электрадынаміцы Л.з. тлумачыцца тым, што ўплыў на электрон яго ўласнага поля залежыць ад стану электрона. Гл. таксама Тонкая структура.
т. 9, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М,
чатырнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай М («мыслеце»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Μ («мі»), У старабел. графіцы абазначала гукі «м», «м’» («маршалокъ», «миля»), мела лікавае значэнне «сорак». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычнапраходныя насавыя губна-губныя зычныя гукі «м», «м’» («мова», «мята» — «м’ата»).
А.М.Булыка.
т. 9, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, што вымяраецца адносінамі работы да прамежку часу, за які яна выконваецца. Сярэдняя М. вызначаецца формулай: N = A/t, дзе A — работа, якая выконваецца за час t. У агульным выпадку N = dA/dt. У СІ М. вымяраецца ў ватах (часам выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — конскую сілу). М. — найважнейшая энергет. характарыстыка розных сістэм і машын (рухавікоў, генератараў, кампрэсараў і інш.).
т. 9, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.
Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],
расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАХРАМАТЫ́ЧНАЕ СВЯТЛО́,
светлавое выпрамяненне строга вызначанай частаты. У дачыненні да інш. участкаў спектра эл.-магн. хваль карыстаюцца тэрмінам монахраматычнае выпрамяненне. Строга М.с. не існуе, таму што ўсякае рэальнае выпрамяненне абмежавана ў часе і ахоплівае пэўны інтэрвал частот (гл. Шырыня спектральных ліній). Крыніцамі выпрамянення, блізкага да М.с., з’яўляюцца, напр., спектральныя лямпы, лазеры; для яго вылучэння з нямонахраматычнага святла выкарыстоўваюцца інтэрферэнцыйныя святлафільтры і монахраматары.
т. 10, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЯ СВАБО́ДНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, якая з пункту гледжання мытнага і валютнага права лічыцца за мяжой. Грузы, што пастаўляюцца на гэту тэрыторыю, не абкладаюцца мытнай пошлінай і інш. выдаткамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да замежных тавараў таксама не ўжываюцца меры эканам. палітыкі, а айчынныя тавары размяшчаюцца і выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з мытным рэжымам экспарту. М.с.з. ствараецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЦЁЛКА,
складанае батрычнае суквецце, на галоўнай восі якога на розным узроўні развіваюцца бакавыя галінкі, што таксама разгаліноўваюцца і нясуць кветкі або невял, простыя (элементарныя) суквецці (каласкі ў злакаў, кошыкі ў складанакветных і інш.). Галінкі бываюць прыціснутыя да гал. восі (М. сціснутая) або адстаяць ад яе (М. раскідзістая). Сціснутую М. з кароткімі галінкамі, падобную на колас у злакаў (напр., цімафееўка, лісахвост), наз. султанам.
т. 11, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ АРХІТЭ́КТАР СССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР за асаблівыя заслугі ў развіцці сав. архітэктуры, выдатную творчую дзейнасць у галіне горадабудаўніцтва, за стварэнне грамадз., прамысл. і сельскіх арх. комплексаў, будынкаў і збудаванняў, што атрымалі ўсенар. прызнанне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР 12.8.1967. Існавала да 1991.
Народныя архітэктары СССР у Беларусі
1970. У.А.Кароль.
1981. Г.У.Заборскі.
т. 11, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЫЯ РАСЛІ́НЫ, сперматафіты (Spermatophyta),
вышэйшыя (сасудзістыя) расліны, што ўтвараюць насенне. Да Н.р. адносяць голанасенныя і пакрытанасенныя, або кветкавыя расліны. Інш. вышэйшыя расліны: дзеразападобныя, мохападобныя, папараці, хвошчападобныя, псілотавыя і рыніяфіты насення не ўтвараюць. У Н.р. гаметафіт рэдукаваны і развіваецца на спарафіце Размнажэнне насеннем — прагрэсіўнае прыстасаванне ў параўнанні з размнажэннем спорамі. Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні расліннага покрыва Зямлі і ў гасп. дзейнасці чалавека.
т. 11, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)