КЛІЕНТЭ́ЛА (лац. clientela),

форма сац.-эканам. залежнасці ў Стараж. Рыме ў 6—3 ст. да н.э. Кліентамі радавой знаці былі бяднейшыя сваякі, палонныя, якія дапамагалі патрону апрацоўваць зямлю, падтрымлівалі яго на выбарах, удзельнічалі ў ваен. паходах. З зараджэннем у Рыме класавых адносін кліентамі называлі найбяднейшых плебеяў. Пасля ўтварэння Рымска-Італійскай федэрацыі сістэма К. пашырылася і на плямёны італікаў. Паступова страціла эканам. значэнне, яе змяніла сістэма каланату.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЦЕЎКА,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 28 км на ПдУ ад г. Горкі, 74 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 396 ж., 144 двары (1998). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 121 км ад Брэста, 44 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 307 ж., 105 двароў (1998). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў сав.-польскую вайну 1920; за 13 км ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — правасл. капліца (1821).

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛІ́ТЫ ў петралогіі,

найдрабнейшыя прымітыўныя формы (эмбрыёны) рэчыва, якое крышталізуецца. Цяжка вызначаюцца (пад мікраскопам не аказваюць прыкметнага ўздзеяння на палярызаванае святло). Часцей сустракаюцца ў вулканічным шкле. Паводле формы К. адрозніваюць: глабуліты (дробныя сферычныя кроплі або шарыкі), маргарыты (падобныя на выцягнутую нізку пацерак), лангуліты (цыліндрычныя брусочкі з закругленымі канцамі), трыхіты (воласападобныя К., якія часта выходзяць з агульнага цэнтра), скапуліты (тонкія сцяблінкі з галінкамі) і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ВА́ДКАСЦІ, сіліконавае масла,

арганасілаксанавыя алігамеры ці палімеры з невысокай малекулярнай масай, якія захоўваюць цякучасць у шырокім дыяпазоне тэмператур (ад -135 да 250—300 °C). К.в. бясколерныя, характарызуюцца гідрафобнасцю, хім. інертнасцю, адносна малым змяненнем вязкасці пры змене т-ры, высокімі сціскальнасцю, тэрмічнай (240—350 °C) і тэрмаакісляльнай (150—300 °C) стабільнасцю, добрымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у якасці гідраўлічных вадкасцей, гідрафабізатараў, змазак і інш. Гл. таксама Крэмнійарганічныя палімеры.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРАЗВАРО́Т,

чаргаванне агароднінных культур, што вырошчваюцца ў культывацыйных збудаваннях (цяпліца, парнік, аранжарэя, уцеплены грунт) на працягу аднаго года. Складаецца з некалькіх абаротаў культур, якія паступова змяняюць адна адну. Адрозніваюць К. агароднінны, расада-агароднінны і расадны. Пры праектаванні К. ўлічваюцца біял. асаблівасці культур, магчымасці атрымання макс. ўраджаю, вырошчванне неабходнай колькасці расады да пэўнага тэрміну, рацыянальнае выкарыстанне вытв. пляцовак, эканам. эфектыўнасць і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА,

даўні від бел. нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лань. Цэнтр сельсавета і калект. сельскай гаспадаркі. За 10 км на Пд ад г. Нясвіж, 122 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Клецк. 794 ж., 294 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (19 ст.).

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі божаствы — апекуны рым. грамадз. абшчыны ў цэлым, яе асобных абшчын, іх зямель і скрыжаванняў дарог, а пазней таксама і хатнія багі — душы продкаў кожнай рым. сям’і, што яе апекавалі. У іх гонар ствараліся алтары, у т. л. хатнія, і штогод наладжваліся святы. Сямейныя Л. лічыліся заступнікамі рабоў і вольнаадпушчанікаў, якія пераважна і абслугоўвалі іх культ у сем’ях сваіх гаспадароў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Марыс Кантэн дэ (5.9.1704, г. Сен-Кантэн, Францыя — 17.2.1788), французскі жывапісец. З 1737 член Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1750 жывапісец франц. караля. Ствараў пераважна камерныя партрэты ў тэхніцы пастэлі, якія вызначаюцца лірычнасцю, мяккай градацыяй колеравых адценняў. Аўтар партрэтаў дзеячаў эпохі Асветніцтва (Ж.​Ж.​Русо, Ж.​Д’Аламбера, абодва 1753), каралеўскай сям’і і прыдворных, аўтапартрэтаў, эцюдаў.

К. дэ Латур. Аўтапартрэт. 1751.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)