СЕРАБРАКО́Ў Павел Аляксеевіч (28.2.1909, г. Валгаград, Расія — 17.8.1977),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930), выкладаў у ёй (з 1939 праф.; у 1938—51 і з 1961 рэктар). Вядомы як інтэрпрэтатар фартэпіяннай музыкі Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, першы выканаўца шэрагу твораў сав. кампазітараў. Ігра С. была адметная віртуознасцю, маштабнасцю, эмацыянальнасцю.

Літ.:

Растопчина Н. П.​А.​Серебряков. Л., 1970.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКО́ЎСКІ Кароль Юзаф

(каля 1750—1817),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, генерал. Вучыўся ў Варшаве ў корпусе кадэтаў. Быў вядомы. як здольны вайсковы інжынер і артылерыст. У ліп.—жн. 1794 на чале 4-тысячнага корпуса прайшоў рэйдам ад мяст. Высокае (праз Шарашова, Пружаны, Ружаны) да Слоніма. Удзельнік Крупчыцкага бою 1794 і бою пад Брэстам.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЬФО́Н (ад англ. фірменнай назвы Sylphon),

металічная танкасценная цыліндрычная трубка або камера з хвалепадобнымі гофрамі. Высокаадчувальны да змены ціску. Бываюць суцэльныя і зварныя.

Асн. характарыстыка — залежнасць паміж модулем сілы расцяжэння або сціскання, якое дзейнічае на С., і модулем дэфармацыі (прагіну). Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральных прыладах (напр., у дыферэнцыяльных манометрах, монаметрычных рэле), таксама як пругкія раздзяляльнікі асяроддзяў, гнуткія ўшчыльняльныя прыстасаванні, кампенсатары тэмпературных дэфармацый.

т. 14, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЬЯ́НСКІ АГРА́РНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1930 у в. Агранамічная (каля чыг. ст. Смальяны Аршанскага р-на) на базе ніжэйшай школы як с.-г. тэхнікум. З 1973 саўгас-тэхнікум, з 1998 с.-г. тэхнікум, з 2001 аграрны каледж. Рыхтуе аграномаў, эканамістаў і землеўпарадчыкаў. Спецыяльнасці (2001/02 навуч. г.): эканоміка і кіраванне; аграномія; землеўпарадкаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 15, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРЫТЫ́ЗМ (франц. spiritisme ад лац. spiritus душа, дух),

містычны кірунак, прыхільнікі якога вераць у пасмяротнае існаванне душ памерлых і магчымасць кантактаў з імі пры дапамозе пасрэднікаў (медыумаў). Вытокі С. ў анімізме і шаманстве. Як масавы містычны рух С. аформіўся ў 19 ст. ў ЗША і распаўсюдзіўся па ўсім свеце. У практыцы С выкарыстоўваюцца прыёмы т.зв. «фізічнага медыумізму»; «столакручэнне», варажба на сподках і інш.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГАЦЫЯНА́РНЫ ВЫПАДКО́ВЫ ПРАЦЭ́С,

працэс, імавернасныя характарыстыкі якога застаюцца нязменнымі на працягу часу назіранняў; асобны клас выпадковых працэсаў. Набліжана апісвае многія рэальныя працэсы, якія маюць неўпарадкаваныя флуктуацыі, напр., пульсацыі сілы току ці напружання ў эл. ланцугу (эл. шум) можна разглядаць як С.в.п., калі гэты ланцуг знаходзіцца ў стацыянарным рэжыме (усе яго макраскапічныя характарыстыкі і ўмовы, што выклікалі працяканне току, не змяняюцца ў часе).

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАБАСКАПІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

з’ява ўспрымання нерухомым рухомага аб’екта пры ўмове перарывістага яго назірання, а таксама ўспрымання хуткай змены відарысаў асобных момантаў (паслядоўных фаз) руху цела як неперарыўнага яго руху; адна са зрокавых ілюзій. Грунтуецца на інерцыі зроку — захаванні ў памяці ўспрынятага зрокавага вобраза на кароткі час (да 0,1 с) пасля знікнення аб’екта, які выклікаў гэты вобраз. Выкарыстоўваецца ў страбаскапічных прыладах, кінематаграфіі і тэлебачанні.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУХА́Я ІГО́ЛКА»,

тэхніка паглыбленай гравюры на метале, заснаваная на прадрапванні штрыхоў іголкай. Для гравюр, выкананых у тэхніцы «С.і.», характэрна асаблівая аксаміцістасць штрыхоў (што набліжае іх да малюнка), якія ўзнікаюць за кошт пакінутых іголкай завусеніц (т.зв. барбы). «С.і.» часта дапаўняе тэхніку афорта, але ў параўнанні з ім дае менш адбіткаў. Вядома з 15 ст. Як самаст. тэхніка пашырана з 19 ст.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЫРАКО́МЛЯ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 70 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Булгакі, Вайніловічы, Грахольскія, Кандратовічы, Пуцяты. Мае ў чырв. полі сярэбраны знак у выглядзе лац. літары W (як у гербе «Габданк»), на ім сярэбраны крыж. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж знак з крыжам. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 15, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЛЕНТ (ад грэч. talanton вага),

высокая ступень прыроднай адоранасці і развіцця здольнасцей да пэўнага віду дзейнасці. Фарміруецца з ранняга дзяцінства як выяўленне задаткаў і схільнасцей да пэўнага віду дзейнасці. Станаўленню Т. садзейнічаюць своечасовае дыягнаставанне здольнасцей і сістэматычная работа над іх развіццём. Т. можа выяўляцца ва ўсіх сферах жыцця (навук., паліт., маст. і інш.) і характарызуецца прынцыповай навізной, высокай дасканаласцю вынікаў творчай дзейнасці.

т. 15, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)