канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМА́,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Хорапуць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад г. Добруш, 45 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Закапыцце. 1298 ж., 600 двароў (1997). Сярэдняя школа, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кармянская Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАВА́Л (італьян. carnevale, верагодна, ад лац. carrus navalis пацешлівая калясніца, карабель святочнай працэсіі),
форма масавай нар. культуры (вулічныя шэсці, тэатралізаваныя гульні, камічныя інсцэніроўкі, парадзіраванне грамадска-паліт. і інш. афіцыйна высокіх ін-таў, якія пераводзяцца ў гратэскава-камічны аспект). Склаўся ў сярэдневяковай Еўропе. Ва ўсх.-слав. рэгіёне выявіўся ў калядных, масленічных, велікодных, купальскіх і інш. абрадах з удзелам скамарохаў, блазнаў. Своеасаблівым К. на Беларусі з’яўляюцца Каляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ АБСТАЛЯВА́ННЯ,
паказчык выкарыстання абсталявання на прадпрыемствах, які характарызуе зменнасць яго працы. Разлічваецца як адносіны колькасці адпрацаваных станка-змен (машына-змен) да агульнай колькасці станкоў, замацаваных за прадпрыемствам, цэхам, участкам (або да найб. колькасці станка-гадзін, якія могуць быць адпрацаваны пры адназменнай працы і інш.). Павышэнне К.з.а. мае важнае значэнне для павелічэння аб’ёму прадукцыі, зніжэння яе сабекошту, паляпшэння выкарыстання сродкаў вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРА́НТ (ад лац. quadrans чацвёртая частка),
1) у матэматыцы — плоскі сектар з цэнтр. вуглом у 90°, 1/4 частка круга. К. плоскасці — любая з 4 абласцей (вуглоў), на якія плоскасць дзеліцца 2 узаемна перпендыкулярнымі прамымі. 2)У астраноміі — стараж. вугламерны інструмент для вымярэння вышыні нябесных свяціл над гарызонтам і вуглавых адлегласцей паміж свяціламі.
3) У вайсковай справе — прылада для верт. наводкі гарматы паводле зададзенага вугла ўзвышэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,
прылада, у якой адбываецца ўзмацненне эл.-магн. хваль за кошт вымушанага выпрамянення актыўнага рэчыва. Гэтае выпрамяненне па частаце, фазе і палярызацыі супадае з зыходным сігналам (кагерэнтнае ўзмацненне; гл.Кагерэнтнасць). Актыўным рэчывам з’яўляюцца дыэл. крышталі з невял. ізаморфнымі дамешкамі парамагн. іонаў, якія маюць сістэму трох (ці больш) энергет. узроўняў, дзе ажыццяўляецца інверсія заселенасці (гл.Інверсія ў фізіцы). Асн. характарыстыкі К.у.: каэфіцыент узмацнення, паласа прапускання і адчувальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РМА,
фізічная велічыня, якая характарызуе меру энергіі, перададзенай іанізавальным выпрамяненнем зараджаным часціцам у дадзеным пункце аб’ёму апрамененага рэчыва. Тэрмін «К.» — абрэвіятура англ. выразу kinetic energy released in matter (кінетычныя энергія, вызваленая ў рэчыве). К. роўная адносінам сумы пачатковых кінетычных энергій зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пад дзеяннем нейтронаў, рэнтгенаўскіх і γ-квантаў у элементарным аб’ёме рэчыва, да масы рэчыва ў гэтым аб’ёме. Адзінка К. ў СІ — грэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІМАНДЖА́РА (Kilimanjaro),
вулканічны масіў ва Усх. Афрыцы, на ПнУ Танзаніі. Утвораны з трох конусаў патухлых вулканаў, якія зліліся: Кіба (выш. 5895 м, найвыш. пункт мацерыка), Мавензі і Шыра. Складзены пераважна з трахібазальтаў і фаналітаў. Кіба з актыўнай сальфатарнай дзейнасцю. На схілах саванны, горныя лясы, плантацыі кавы і бананаў, на вяршыні шматгадовыя снягі і ледавікі. Нац. парк Кіліманджара, уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны, утварае ч. рэзервата К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РВЕЛЬ (Анатоль Мяфодзьевіч) (н. 23.7.1939, в. Вітунічы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім ін-це замежных моў (1958—61). Настаўнічаў. З 1977 жыве ў С.-Пецярбургу. Друкуецца з 1969. Аўтар кніг апавяданняў «Човен Харона» (1993), вершаў і мініяцюр у прозе «Урбанія» (1994), «Чалавеку ўласціва...» і «Формула Замежжа» (абедзве 1996), «Ласінае крэда» (1997), якія адметныя лаканізмам, філасафічнасцю, прытчавасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШЭ́ЧНЫЯ КРЫ́ПТЫ, ліберкюнавы залозы,
трубчастыя паглыбленні эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка ў пазваночных жывёл і чалавека. Апісаны ням. вучоным І.Н.Ліберкюнам (1745). Форма, велічыня і колькасць К.к. у розных аддзелах кішэчніка розныя (у тонкай кішцы іх болей за 150 млн., а агульная пл. каля 14 м²). Прадуцыруюць кішэчныя ферменты і гармоны (эрэпсін, гастрын, мацілін і інш.), якія ўдзельнічаюць у працэсах стрававання.