АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Сцяпан Хусейнавіч) (15.12.1921, г. Капыль — 1.5.1986),

бел. літ.-знавец, крытык, пісьменнік. Д-р філал. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1963 у БДУ. Друкаваўся з 1946. Даследаваў гісторыю бел. л-ры. У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» (1971) на багатым, пераважна новым фактычным матэрыяле прааналізаваў гісторыю станаўлення новай бел. л-ры, нац. кнігадрукавання і перыёдыкі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Развіваў жанры пісьменніцкай біяграфіі, краязнаўчага і

біягр. нарыса («Незабыўнымі сцежкамі», 1959, дап. выд. 1962; «Па слядах паэтычнай легенды», 1965; «Тут зямля такая», 1974). Стварыў літ. партрэты бел. пісьменнікаў П.Багрыма, Ф.Савіча, Ф.Багушэвіча, К.Каганца, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, З.Бядулі, К.Чорнага, Ц.Гартнага, А.Гурло і інш. Аўтар аповесцяў пра жыццё і творчасць Я.Коласа («Ад роднае зямлі...», 1962, «На шырокі прастор», 1972, «Крыжавыя дарогі», 1985). Даследаваў жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, гісторыю народніцкага час. «Гоман», газет «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», «Светач», майстэрства Я.Купалы-перакладчыка, сувязі яго з польск. л-рай, сувязь з Беларуссю і бел. культурай А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, Я.Райніса. Узбагаціў крыніцазнаўчую базу бел. л-ры, крытыкі і публіцыстыкі (хрэстаматыі па бел. л-ры 19 і пач. 20 ст.; «Публіцыстыка беларускіх народнікаў», 1983; «Успаміны пра Цішку Гартнага», 1984; усе ў сааўт.). Аповесць «Далёкія зарніцы» (1967) пра гераізм

народа ў Айч. вайну. Падрыхтаваў да выдання кн. твораў Ф.Багушэвіча, К.Каганца, Цёткі, А.Паўловіча і інш.

Тв.: Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960; Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968; Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі. Мн., 1975; Кнігі і людзі. Мн., 1976; Слова — багацце. Мн., 1981.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія),

правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.

Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел. фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел. літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.Ф.Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). Пастановай СНК БССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМ БССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

П.П.Шуба.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.А.Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШАЗНА́ЎСТВА,

галіна літаратуразнаўчай навукі, якая вывучае структуру вершаванай мовы. Сучаснае вершазнаўства даследуе таксама рытм, інтанацыю ў празаічных творах.

Узнікненне вершазнаўства як навукі звязана з развіццём у розных л-рах пісьмовай паэзіі, якая аддзялілася ад музыкі. Першапачаткова вершазнаўства было проста сістэмай пэўных нормаў і правіл, па якіх павінны былі пісацца вершы. У 19 ст. яно становіцца даследчыцкай навукай. Адным з асн. метадаў яе з’яўляецца статыстыка: выдзяленне гукавых з’яў верша, якія могуць быць абавязковымі, пануючымі або толькі пераважаючымі. Асн. раздзелы: метрыка (даследуе асаблівасці рытміка-інтанац. будовы вершаванага радка), строфіка (вывучае прынцыпы і прыёмы аб’яднання рытмараду ў адно завершанае цэлае) і фоніка (устанаўлівае заканамернасці гукавой арганізацыі паэт. мовы).

На Беларусі першыя тлумачэнні асн. формаў і тэрмінаў ант. метрыкі далі Л.Зізаній (1596) і М.Сматрыцкі (1619). Пазней Сімяон Полацкі (1629—80) распрацаваў асн. прынцыпы сілабічнага верша, увёў паняцце «стихи краесогласнии» ў значэнні вершаванай мовы. Зараджэнне новай бел. л-ры, збіральніцкая дзейнасць фалькларыстаў і этнографаў у 19 ст. ўзмацнілі цікавасць да формаў нар. верша (працы І.Насовіча, Я.Карскага). Вял. ўвагу вершаванай структуры аддаваў М.Багдановіч, які ўпершыню ў бел. вершазнаўстве вылучыў прынцып адзінства формы і зместу, а ў літ. аглядах паказаў непасрэдную сувязь рытму са змястоўнасцю і эстэт. дзейснасцю паэт. твораў. Багдановіч развіваў разнастайныя страфічныя і метрычныя формы дзеля павышэння культуры творчасці, узмацнення ідэйна-эстэт. ўплыву л-ры на чытача. У пасляваен. перыяд з’явіліся навуч. дапаможнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, манаграфіі і артыкулы па асобных праблемах вершазнаўства, сярод якіх працы І.Ралько «Беларускі верш» (1969) і «Вершаскладанне» (1977), М.Грынчыка «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973).

Літ.:

Грынчык М.М. Беларускае вершазнаўства і перспектывы яго развіцця // Бел. літаратура. 1979. Вып. 7.

М.М.Грынчык.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў (Іван Аляксандравіч) (18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.В.Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тып рас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1977—80.

Літ.:

Недзвецкий В.А. И.А.Гончаров — романист и художник. М., 1992.

Н.В.Галаўко.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЗЫ́ЧАННІ ў мове,

лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.

У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным праз рус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.М.Булыка.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),

расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.Саге, «Ода» Н.Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.Міё, «Матросы» Ж.Арыка, «Баль» В.Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.Пракоф’ева, К.Дэбюсі, М.Равеля, М. дэ Фальі, П.Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.

Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.

Літ.:

Плещеев А. С.Лифарь. Париж, 1938;

Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофвев М. Профили искусства. М., 1965;

Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»

(«Młoda Polska»),

назва перыяду ў развіцці польскай л-ры і мастацтва 1890—1918. У дачыненні да л-ры ўжываюць таксама тэрміны «мадэрнізм», «неарамантызм», якія абагульняюць разнастайныя плыні і тэндэнцыі, характэрныя для гэтай эпохі (натуралізм, сімвалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш.). Эстэтыка і паэтыка «М.П.» супрацьстаялі папярэдняму перыяду — пазітывізму і фарміраваліся пад уплывам філас. ідэй А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, А.Бергсона, а таксама зах.-еўрап. нерэалістычнай л-ры канца 19 ст. і традыцыі нац. рамантызму (пераважна Ю.Славацкага). 1-ы этап развіцця «М.П.» (1890—1907) вызначаецца з’яўленнем маніфестаў, у якіх сцвярджаюцца прынцыпы дэкадэнцкага мастацтва (артыкулы 3. Пшасмыцкага, С.Пшыбышэўскага). Гэтыя праграмы падвяргаліся крытыцы, якая ўзмацнілася ў час 2-га этапа (1907—18). Адметнай рысай літ. свядомасці пасля 1907 стаў культ жыцця (С.Выспянскі, Л.Стаф) у процівагу дэкадэнцкаму настрою адзіноты і бязвыхаднасці. Паэзія «М.П.» прадстаўлена творамі Я.Каспровіча, К.Тэтмаера, Т.Міцінскага, Стафа, Б.Лесьмяна і інш., проза — Пшыбышэўскага, Міцінскага, С.Жаромскага, В.Рэйманта, В.Оркана і інш., драматургія Выспянскага, Г.Запольскай, В.Пежынскага, Т.Рытнера, К.Раствароўскага, Я.Леманскага, А.Навачынскага, Т.Бой-Жаленскага і інш. Развіццё пластычных мастацтваў у рэчышчы «М.П.» вызначалася суіснаваннем розных стылявых плыняў: імпрэсіянізму (жывапісцы Ю.Панкевіч, Л.Вычулкоўскі, Я.Станіслаўскі), сімвалізму (жывапісцы Ф.Рушчыц, Я.Мальчэўскі), мадэрну (жывапісцы і графікі Выспянскі, Ю.Мехофер, В.Вайткевіч, К.Фрыч). Архітэктура выкарыстоўвала матывы драўлянага дойлідства (С.Віткевіч), стыль мадэрн набываў у ёй нац.-рамант. афарбоўку (Т.Стрыенскі, Ф.Манчынскі). Пад уплывам імпрэсіянізму і мадэрну адбываўся ўздым скульптуры (К.Ляшка, В.Шыманоўскі, К.Дунікоўскі). Атрымала развіццё дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Młoda Polska: Antologia. 6 wyd. Warszawa, 1963;

Literatura okresu Młodej Polski. T. 1—3. Warszawa, 1967—73;

Wyka K. Młoda Polska. T. 1—2. Kraków, 1977;

Makowięcki A.Z. Młoda Polska. Warszawa, 1981.

С.Дз.Малюковіч.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),

бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял. Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1959;

Аповесць. Мн., 1985;

Палеская аповесць. Мн., 1991.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986.

Т.К.Грамадчанка.

Б.М.Мікуліч.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іосіфавіч; н. 24.1.1931, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. літ.-знавец, тэкстолаг, крытык. Чл.-кар Нац. АН Беларусі (1991), д-р філал. н. (1978). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац. АН Беларусі (з 1979 заг. аддз. выданняў і тэксталогіі). Друкуецца з 1955. Даследуе гісторыю бел. крытыкі і літ.-знаўства, творчасць Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Лынькова і інш. Аўтар прац «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.» (1975), «Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці» (1982), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы» (1988), «І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры» (1990) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 2—4, 1994—95), манаграфій «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972), «Інстытут беларускай культуры» (1993). Кіраваў падрыхтоўкай і выданнем навукова-каменціраваных збораў тв.. І.Мележа ў 10, П.Броўкі ў 9, М Лынькова ў 8, П.Пестрака ў 5, З.Бядулі ў 5, М.Гарэцкага ў 4, М.Зарэцкага ў 4, Поўных збораў тв. М.Багдановіча ў 3, Я.Купалы ў 9 тамах. Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;

Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.

І.У.Саламевіч.

М.Мушынскі.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)