ДЖАНІБЕ́К (? — 1357),

хан Залатой Арды ў 1342—57, сын і пераемнік хана Узбека. Завалодаў прастолам, забіўшы двух сваіх братоў. У час яго праўлення Арда дасягнула найб. ваен. ўздыму. Актыўна ўмешваўся ва ўнутр. справы рус. княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Ардзе насаджаў іслам. У 1356 здзейсніў паход у Азербайджан, захапіў Тэбрыз і пасадзіў там свайго намесніка. У выніку паўстання ў Тэбрызе да ўлады прыйшлі Джалаірыды, галіны Чынгісідаў, варожай да Дж. Загінуў, калі вяртаўся ў Арду.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown), Пінанг,

горад у Малайзіі, на в-ве Пінанг каля зах. берага п-ва Малака. Адм. ц. штата Пінанг. Засн. ў 1786 брытанскай Ост-Індскай кампаніяй. 219,4 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1993). Марскі порт, звязаны з мацерыком мостам і паромамі. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Прам-сць: волаваплавільная, каўчукавая і гумавая, эл.-тэхн., тэкст., швейная, харчасмакавая, электронная, машынабудаўнічая. Зона свабоднага гандлю. Курорт. Арх. помнікі 18 і 19 ст.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУМАХМА́ТАЎ Асанхан Джумахматавіч (н. 16.7.1923, г. Арашан, Кыргызстан),

кіргізскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958, клас Б.Хайкіна). З 1948 дырыжор (з перапынкам), у 1973—83 гал. дырыжор Кіргізскага т-ра оперы і балета. У 1962—76 адначасова гал. дырыжор Аркестра нар. інструментаў імя К.​Арозава, з 1969 Сімф. аркестра радыё і тэлебачання Кыргызстана. Муз. кіраўнік многіх оперных і балетных спектакляў. Старшыня Кірг. муз. т-ва (з 1987). Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́ДЫІ (Ascidiae),

клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс. відаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.

Асцыдыі: адзіночныя і каланіяльныя.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДАК,

намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд. ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ,

выкарыстанне тэхнічных сродкаў, эканоміка-матэм. метадаў і сістэм кіравання, якія часткова ці цалкам вызваляюць чалавека ад непасрэднага ўдзелу ў працэсах атрымання, пераўтварэння, перадачы і спажывання энергіі, матэрыялаў або інфармацыі; адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мэта аўтаматызацыі — павышэнне прадукцыйнасці і эфектыўнасці фіз. і разумовай працы, аптымізацыя планавання і кіравання ў розных галінах дзейнасці, вызваленне чалавека ад працы ва ўмовах, небяспечных для здароўя. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызацыя праграмавання, Аўтаматызацыя праектавання.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1978 у г. Бабруйск на базе цагельнага з-да (засн. ў 1873, у час Вял. Айч. вайны разбураны, у 1949 адноўлены), цэха дрэнажных трубаў (працаваў у 1930—94, выпускаў таксама чарапіцу) і цэха сілікатнай цэглы (пушчаны ў 1977). У 1990 створаны цэх па вырабе дробных блокаў з ячэістага бетону. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сілікат». Асн. прадукцыя (1995): камяні сілікатныя пустацелыя, дробныя сценавыя блокі, цэгла керамічная.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ЦІНА Анісся Давыдаўна (1865, г. Мсціслаў — ?),

рэвалюцыянерка-народніца. У час навучання ў Маскве ўваходзіла ў гурток нарадавольцаў. 31.3.1886 арыштавана, у ліп. 1887 саслана на 8 гадоў у Сібір. За ўдзел ва ўзбр. выступленні ссыльных у Якуцку 22.3.1889 прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пакаранне адбывала ў вілюйскай катаржнай турме для асабліва небяспечных паліт. злачынцаў. З 1893 на вольным пасяленні. З кастр. 1897 жыла ў Шклове Магілёўскай губ. пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1898 выехала за мяжу.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў ранняга мезаліту (у асн. 8-е тыс. да н.э.), якія насялялі тэр. паўд. Францыі і паўн. ч. Пірэнейскага п-ва. Назва ад пячоры Мас-д’Азіль у дэпартаменце Ар’еж (Францыя), дзе ў 19 ст. даследаваны 2 стаянкі. Узнікла на аснове папярэдняй культуры мадлен. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Для азільскай культуры характэрны дробныя крамянёвыя прылады (мікраліты), невял. гарпуны з касцей высакароднага аленя і т.зв. азільскія галькі з умоўнымі малюнкамі чырв. вохрай.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)