ЛА́РМАРА ПРЭЦЭ́СІЯ,

прэцэсія аднолькавых зараджаных часціц (напр., электронаў у атаме) у пастаянным аднародным слабым магн. полі. Апісана Дж.Лармарам у 1895. Пакладзена ў аснову класічнай тэорыі дыямагнетызму, тлумачэння Зеемана з’явы і магн. вярчэння плоскасці палярызацыі.

Абумоўлена ўздзеяннем на часціцы Лорэнца сілы; падобная на прэцэсію восі гіраскопа пад уздзеяннем сілы, якая імкнецца павярнуць вось вярчэння. Л.п. адбываецца вакол напрамку магн. поля з вуглавой скорасцю ωL (лармараўская частата), якая вызначаецца. па формуле ωL = qB/(2m), дзе q — зарад, m — маса і q/m — удзельны зарад часціцы, B — індукцыя магн. поля.

Л.І.Камароў.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРНЕ́Т

(франц. lorgnette),

складныя акуляры ў аправе з ручкай.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РНІ (Larni; да 1942 Лайне, Laine) Марці Ёханес (н. 22.9.1909, г. Пакіла, Фінляндыя — 1993), фінскі пісьменнік і журналіст. У 1948—49 і 1951—54 жыў у ЗША. Дэбютаваў як паэт і перакладчык з франц. і сканд. моў. Майстар сатыры. У сатыр. раманах «Паважаныя беднякі і іх стракатая кампанія» (1944), «Чацвёрты пазванок, ці Махляр паняволі» (1957), «Цудоўная свінарка, ці Успаміны эканамічнай дарадчыцы Міны Карлсан-Кананен» (1959) адлюстравана поўная сац. кантрастаў рэчаіснасць Амерыкі і Фінляндыі. Аўтар публіцыстычных («Чорная Венера», 1951; «Мінесота гарыць», 1952), сац. («Нецярплівая страсць», 1945; «Блізка да граху, 1946), гіст. («Нябёсы апусціліся на зямлю», 1948), сатыр («Аб гэтым услых не гавораць», 1964) і інш. раманаў, зб-каў апавяданняў «Фінская кошачка» (1961), «Сакрат у Хельсінках і іншыя апавяданні» (1972). Пісаў вершы, дарожныя нататкі. кінасцэнарыі. Для твораў характэрна шырокае выкарыстанне карыкатуры, гіпербалы, гратэску, гумару. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Я.Лапатка, А.Шарахоўская.

Тв.:

Бел. пер. — Крьшку нахабства: Апавяданне // Полымя. 1970. № 6;

[Апавяданні] // Далягляды, 88. Мн., 1988;

Рус. пер. — Памфлеты. Фельетоны. Рассказы. М., 1973;

Четвертый позвонок Прекрасная свинарка. М., 1994.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРО́Ш Герман Аўгуставіч

(25.5.1845, С.-Пецярбург — 18.10.1904),

рускі музычны крытык, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1866), вучыўся ў А.Рубінштэйна. Праф. Маскоўскай (1867—86, з перапынкамі) і Пецярбургскай (1872—79) кансерваторый. З 1860-х г. выступаў у перыяд. друку. Аўтар цыкла артыкулаў пра творчасць М.Глінкі, П.Чайкоўскага, інш. рус. і зах.-еўрап. кампазітараў і артыстаў, па пытаннях муз. адукацыі, муз. навукі і інш. У шэрагу ацэнак выявіліся супярэчлівасць і кансерватызм яго эстэт. прынцыпаў: недаацэньваў творчасць кампазітараў «Магутнай кучкі», адмоўна ставіўся да новых тэндэнцый у музыцы 2-й пал. 19 ст. Выступаў і як літ. крытык.

Тв.:

Избр. статьи о Глинке. М., 1953.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРО́ШФУКО́ (La Rochefoucauld) Франсуа дэ

(15.9.1613, Парыж — 17.3.1680),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў у 1659. Аўтар «Мемуараў» (1662, поўнае выд. 1817) і зб. афарызмаў «Разважанні, або Маральныя сентэнцыі і максімы» (1665), у якіх назіранні за жыццём і псіхалогіяй чалавека злучаюцца з глыбокім філас. абагульненнем, крытыкай палітыкі і побыту арыстакратычных колаў. Майстар афарыстычнага стылю, які вылучаецца надзвычайнай трапнасцю і дасціпнасцю. На бел. мову паасобныя максімы пераклаў А.Асташонак.

Тв.:

Бел. пер. — Максімы // Далягляды, 1983. Мн., 1983;

Рус. пер. — Мемуары. Максимы. Л., 1971.

Літ.:

Разумовская М.В. Ларошфуко, автор «Максим». Л., 1971.

Г.В.Сініла.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА КРЫ́СТЭНСЕНА БЕ́РАГ

(Lars Christensen Coast),

частка ўзбярэжжа Мак-Робертсана Зямлі (Усх. Антарктыда). Размешчаны паміж берагам Моўсана на 3 і шэльфавым ледавіком Эймеры на У. Край ледавіковага покрыва, які абмываецца морам Садружнасці. Адкрыты ў 1930—31 нарв. кітабоямі. Названы ў гонар уладальніка кітабойнай флатыліі.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСАН (Larsson) Ларс Эрык Вільнер

(н. 15.5.1908, Окарп, Швецыя),

шведскі кампазітар, педагог; адзін з прадстаўнікоў швед. муз. неакласіцызму. Чл. Каралеўскай муз. акадэміі (1943). Вучыўся ў Стакгольмскай кансерваторыі (1925—29). У 1947—59 праф. Вышэйшай муз. школы ў Стакгольме. Сярод твораў: опера «Царыца Кіпрская» (паст. 1937), балет «Ліпы» (паст. 1958); 3 сімфоніі (1928—45), 3 канцэртныя уверцюры, «Пастаральная сюіта» і інш. для аркестра; сімфаньеты для стр. аркестра (1932), 12 канцэрціна для саліруючых інструментаў і стр. аркестра (1953—57), канцэртаў для скрыпкі (1952), віяланчэлі (1947), саксафона (1934) з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі, у т.л. 2 стр. квартэты; хары, рамансы, песні; музыка да кінафільмаў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К

(Larsen Shelf Ice),

адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антаркгыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км2. Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.Ларсена, названы ў яго гонар.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРТЭ́ (Lartet) Эдуард

(1801—71),

французскі археолаг. З 1830-х г. вёў раскопкі ў пячорах Мусцье, Мадлен, Арыньяк (дэпартамент Дардонь, Францыя). Распрацаваў храналогію чацвярцічнага перыяду і перыядызацыю палеаліту, вылучыў арыньякскую, салютрэйскую, мадленскую культуру (гл. Арыньяк, Мадлен, Салютрэ). Сцвярджаў, што чалавек існаваў у пач. чацвярцічнага перыяду. У 1868 знайшоў рэшткі краманьёнцаў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)