БІ́БЛСКАЕ ПІСЬМО́, біблскае псеўдаіерагліфічнае пісьмо, протабіблскае пісьмо,

пісьмо надпісаў на каменных і бронзавых прадметах, знойдзеных у г. Бібл (цяпер Джубейль) у Ліване. Датуецца канцом 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. Было адкрыта М.​Дзюнанам у 1920-я г. Надпісы — схематызаваныя малюнкі жывёл, раслін, пабудоў, лінейных геам. фігур і інш. Накірунак пісьма справа налева. Ёсць меркаванні, што біблскае пісьмо — папярэднік зах.-семіцкага пісьма.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),

сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.​Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІВЕРДЗІ́Н,

C33H34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.

Бісектрысы трохвугольніка.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЯ ЛІ́ПА вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на З ад г. Нясвіж, 120 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Гарадзея. 837 ж., 301 двор (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік на ўшанаванне памяці 168 землякоў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад дэ... + кампенсацыя),

парушэнне дзейнасці органа, сістэмы органаў і арганізма ў цэлым з прычыны знясілення ці зрыву яго прыстасавальных механізмаў. Шкодныя ўздзеянні выклікаюць значныя змены ў арганізме і парушаюць раўнавагу паміж арганізмам і навакольным асяроддзем, што існуе пастаянна. Праз некат. час арганізм прыстасоўваецца да новых умоў існавання (напр., гіпертрафіруецца мышца сэрца пры яго пароках) і раўнавага аднаўляецца — настае кампенсацыя.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛА́МБР ((Delambre) Жан Батыст Жазеф) (19.9.1749, г. Ам’ен, Францыя — 19.8.1822),

французскі астраном, геадэзіст і метролаг. Чл. Франц. (1791) і Пецярбургскай (1810) АН. У 1792—97 прымаў удзел у градусных вымярэннях дугі мерыдыяна ад г. Дзюнкерк (Францыя) да г. Барселона (Іспанія), што стала падставай для ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Вылічыў табліцы бачных рухаў Сонца, вял. планет і спадарожнікаў Юпітэра. Аўтар працы па гісторыі астраноміі.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ, кут,

фігура ў прасторы, утвораная дзвюма паўплоскасцямі, якія выходзяць з адной прамой, а таксама частка прасторы, абмежаваная гэтымі паўплоскасцямі. Паўплоскасці наз. гранямі Д.в., агульная прамая — рабром. Д.в. вымяраецца лінейным вуглом, г.зн. вуглом α, паміж двума перпендыкулярамі да рабра, што выходзяць з аднаго пункта і ляжаць у розных гранях, ці, інакш, вуглом, утвораным перасячэннем Д.в. плоскасцю, перпендыкулярнай да рабра.

Двухгранны вугал.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВЫ́ ЦІСК,

дадатковы ціск, што ўзнікае ў вадкім або газападобным асяроддзі пры праходжанні ў ім гукавой хвалі; асн. характарыстыка гуку. Гукавая хваля выклікае ў асяроддзі згушчэнні і разрэджванні, якія і ствараюць дадатковыя змены ціску ў адносінах да яго сярэдняга значэння. Пры значным гукавым ціску можа парушацца суцэльнасць вадкасці (гл. Кавітацыя). Вымяраецца ў паскалях. Гукавы ціск трэба адрозніваць ад ціску гуку.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА КУЗЬМЫ́ З АПАНА́САМ»,

ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Упершыню апубл. І.Насовічам у «Записках имп. Рус. геогр. о-ва по отд. этнографии» (т. 5. СПб., 1873). Сюжэтную аснову «Гутаркі...» складае спрэчка паміж сялянамі пра тое, што прынесла бел. вёсцы скасаванне паншчыны. Ёсць у творы і быт. замалёўкі.

Публ.:

Гарэцкі М. Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век — 1905 год. Вільня, 1922.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)