ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),

род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.

На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.

Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Пярэступ белы.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НКІ, пясчанкавыя (Gerbillinae),

падсямейства хамяковых атр. грызуноў. Каля 15 родаў, 102 віды. Пашыраны пераважна ў пустынях Азіі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Еўропы. Жывуць калоніямі, у норах. Многія віды — шкоднікі с.-г. культур, пашаў, могуць разбураць насыпы дарог і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў клешчавага сыпнога тыфу, скуранога лейшманіёзу, чумы і інш. інфекц. хвароб.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Вушы кароткія, закругленыя. Хвост даўжэйшы за цела, укрыты кароткімі густымі валаскамі, на канцы кутасік. Афарбоўка пясчана-жоўтая ці карычневая, знізу белая. Кормяцца раслінамі і насякомымі. Нараджаюць 5—6, зрэдку да 12 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясчанкі: 1 — вялікая; 2 — персідская.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,16 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 28 м, даўж. берагавой лініі 4,37 км. Пл. вадазбору 99,6 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы на З выш. 18—24 м (на Пн і ПнУ 9—10 м), параслі хмызняком, на У і Пд выш. 4—5 м, часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на У нізкія, пясчаныя. Дно выслана пяском, апясчаненымі адкладамі, ілам. Зарастае. Упадае р. Лукомка, сцёк у воз. Астраўкі.

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЖПУ́ТЫ,

раджа-путра (санскр. «сыны раджы»), прадстаўнікі адной з вышэйшых каст у Індыі (больш за 10 млн. чал.). Б.ч. кланаў Р. паходзіць ад эфталітаў, якія ўварваліся ў Паўн. Індыю ў 5—6 ст. Ў 9—12 ст. княствы на чале з раджпуцкімі дынастыямі дамінавалі на Пн Індыі. У час мусульм. заваявання (12—13 ст.) б. ч. раджпуцкіх княстваў знішчана. Да пач. 20 ст. захаваліся дробныя княствы Р. пераважна ў Раджастхане, якія пасля 1947 увайшлі ў склад Рэспублікі Індыі. Да Р. належыць дынастыя сучасных каралёў Непала — Шах.

Літ.:

Успенская Е.Н. Раджпуты: рыцари средневековой Индии. СПб., 2000.

т. 13, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́ПЫ, Радопскія горы. На У Балканскага п-ва, у Балгарыі і Грэцыі. Даўж. каля 240 км, выш. да 2191 м (г. Галям-Пералік). Складзены з шэрагу масіваў, якія паступова паніжаюцца на У. Для Зах. Р. характэрны паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы; ва Усх. Р. пераважаюць сярэдне- і нізкагор’і. Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, крышт. і вулканічных парод. На паўн. схілах — гаі шыракалістых і хваёвых лясоў, субальпійскія лугі, на паўд. — міжземнаморскія хмызнякі. Радовішчы жал. і свінцова-цынкавых руд. Вадасховішчы. Мінер. крыніцы, курорты (Пампорава, Велінград, Нарэчанскі-Бані і інш.). Некалькі рэзерватаў (у Балгарыі).

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́ДЗІН (Мікалай Міхайлавіч) (19.5.1903, г. Самара, Расія — 10.4.1987),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Правадз. чл. АМ СССР (1967). Вучыўся ў маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — ін-це (1923—30). У 1930-я г. працаваў пераважна ў гіст.-рэв. жанры («Прыфрантавы рэўком», 1934—37). Вядомасць набылі лірычныя пейзажы, якім уласцівы свежасць успрыняцця прыроды, эпічная казачнасць, праца пры вячэрнім асвятленні. Сярод твораў: «Сяло Хмялёўка» (1944), серыі «Волга — руская рака» (1944 45), «Рускія мелодыі» (1946—57), «Чатыры пары года» (1952—53), «Кудзінскае возера» (1974—78) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Н.​Ромшин: Альбом. М., 1981.

М.Рамадзін. Сяло Хмялёўка. 1944.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Ciliata),

клас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 падкл.: кругараснічныя інфузорыі, роўнараснічныя інфузорыі, спіральнараснічныя інфузорыі, этнадыніяморфы і ханатрыхі (Chonotricha). Каля 6,5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў прэсных і марскіх водах, паасобна і калоніямі, некат. здольныя прымацоўвацца да субстрату; састаўная ч. планктону і бентасу. Многія віды — паразіты, некат. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.

Даўж. да 3 мм. У адрозненне ад сысучых інфузорый цела большасці відаў Р.і. на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла ўкрыта раснічным покрывам (адсюль назва). Форма і афарбоўка цела разнастайныя, шмат бясколерных форм. Кормяцца бактэрыямі. водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажэнне бясполае і палавое.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»

(Rolling Stones),

англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.​Джагер (вакаліст) і К.​Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.​Уотс (барабаны), Б.​Джонс (гітара), Б.​Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.​Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́ВА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)