ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГА́ЗЫ,

газы, якія выдзяляюцца вулканамі ў час вывяржэння (эруптыўныя) і спакойнай дзейнасці (фумарольныя). У іх уваходзяць пара вады (больш за 90% аб’ёму), дыаксіды вугляроду і серы, аксід вугляроду, метан, вадарод, азот, сера, фторысты і хлорысты вадарод і інш. Эруптыўныя вулканічныя газы выходзяць з кратэра, трэшчын, паверхні магмы, фумарольныя — з паверхні фумарольных палёў і застылай лавы. Праходзячы праз падземныя воды, награюць іх, утвараюцца гарачыя крыніцы (гл. Гейзеры).

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЭМАГРАФІ́ЧНЫ ВЫ́БУХ»,

рэзкае паскарэнне тэмпаў росту насельніцтва ў 1950—60-х г. у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, якія пачалі хутка развівацца. Абумоўлены зніжэннем смяротнасці, асабліва дзіцячай, пры захаванні высокай нараджальнасці. Апераджальны рост насельніцтва краін, якія развіваюцца (у іх пражывае больш за 50% насельніцтва свету), ператварыла «Д.в.» у гэтых краінах у фактар сусветнага значэння, а сац.-эканам. праблемы іх развіцця прынялі характар глабальных праблем чалавецтва.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГ (ад англ. lag запазненне),

паказчык, які характарызуе адставанне або апярэджанне ў часе адной з’явы ў параўнанні з іншай, звязанай з ёй з’явай. У эканоміцы найб. важныя віды Л. — інвестыцыйны (характарызуе час абароту ўсіх вытв. капіталаўкладанняў) і будаўніцкі (сярэдні тэрмін будаўніцтва вытв. аб’екта), а таксама запазненне прапановы тавараў ад іх вытворчасці, попыту ад прапановы, спажывання ад попыту, запазненне выпуску кадраў ад пачатку іх абучэння і інш.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТАЛО́ГІЯ (ад планеты + ...логія),

комплекс навук, якія вывучаюць паверхневую і ўнутр. будову, фіз. стан і хім. састаў рэчыва планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, распрацоўвае гіпотэзы і тэорыі іх утварэння і эвалюцыі. Даследаванні вядуцца апаратурай з касм. караблёў, аптычнымі назіраннямі з Зямлі і непасрэдна геал. метадамі на ўзорах парод з Месяца і метэарытах. Гл. таксама Касмагенныя мінералы, Касмагонія, Касмалогія, Касмахімія, Касмічнае землязнаўства.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖА́НСКІ Мікалай Апалінаравіч (28.6.1884, Кіеў — 25.11.1957),

расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Акад. АМН СССР (1945). Брат Дз.​А.​Ражанскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1909). З 1916 у Растоўскім ун-це. Навук. працы па агульнай фізіялогіі, фізіялогіі стрававання, кровазвароту, сну, функцыях глыбінных структур (падкоркавых вузлоў) галаўнога мозга і іх ролі ў вышэйшай нерв. дзейнасці. Вывучыў асн. біял. рэфлексы, распрацаваў класіфікацыю безумоўных рэфлексаў па іх біял. значэнні.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЖУ́КІ,

галіна плямён цюркаў-агузаў (туркменаў; першапачаткова жылі на Сырдар’і), названая так ад імя іх правадыра Сельджука (10 — пач. 11 ст.), а таксама адна з назваў створанай ім мусульманскай дынастыі Сельджукідаў. У 1030-я г. атрымалі на васальных умовах ад дзяржавы Газневідаў землі ў Харасане, а потым паўсталі супраць Газневідаў і перамаглі іх пры Дандэнакане (1040). У выніку далейшых заваёў у 11 ст. створана Сельджукская дзяржава.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСАНО́МІЯ (ад грэч. taxis размяшчэнне, строй, парадак + nomos закон),

тэорыя і практыка класіфікацыі і сістэматызацыі складанаарганізаваных абласцей рэчаіснасці; раздзел сістэматыкі. Тэрмін прапанаваны ў 1813 швейц. батанікам А.П.Дэкандолем. Асн. задача Т. — стварэнне рацыянальнага вучэння аб таксанамічных катэгорыях (рангах) і іх супадначалення (іерархіі), якое дазваляе пабудаваць прыродную класіфікацыю арганізмаў. Т. дае магчымасць адначасова ўлічваць вял. колькасць розных прыкмет. Т., сістэматыка і класіфікацыя звязаны паміж сабой, іх значэнні часта перакрываюцца.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНАРЫЁТЫ (навагрэч. Phanariōtēs літар. — жыхары Фанара, квартала ў Стамбуле з рэзідэнцыяй грэч. патрыярха),

прадстаўнікі грэч. хрысц. арыстакратыі ў Асманскай імперыі, якія да 18 ст. займалі прывілеяванае становішча сярод хрысц. падданых імперыі. З іх фарміравалася кіраўніцтва правасл. царквы, іх прызначалі на высокія пасады ў тур. адміністрацыі (драгаманы, гаспадары Малдовы і Валахіі і інш.). З уздымам у пач. 19 ст. нац.-вызв. руху балк. народаў уплыў Ф. падарваны.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНДУ́К (Corylus),

віды і формы ляшчыны, якія культывуюць на плантацыях. Да Ф. адносяць ляшчыны: буйнаплодную, або ламбардскі арэх (C. maxima), звычайную (C. avellana), пантыйскую (C. pontica), іх гібрыды і буйнаплодныя формы інш. відаў. Таксама Ф. наз. плады (арэхі) гэтых відаў і форм. Іх выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, атрымліваюць алей (у ядры арэха да 70%), спажываюць у ежу. Асн. вытворцы — краіны Міжземнамор’я.

І.​М.​Гарановіч.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)