злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).
Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́НТ (ад лац. componens састаўная частка),
складальная частка, элемент чаго-н. К. у хіміі і тэрмадынаміцы — кожнае з хім.індывід. рэчываў, найменшага ліку якіх дастаткова для ўтварэння ўсіх фаз сістэмы.
Маса кожнага К. ў сістэме не залежыць ад масы інш. К. можна ўводзіць у сістэму і выдаляць з яе. Калі рэчывы могуць уступаць у рэакцыю, колькасць К. ў сістэме вызначаецца рознасцю паміж лікам складальных рэчываў і лікам незалежных хім. рэакцый, якія могуць ісці ў сістэме. Калі хім. рэакцыі ў сістэме не адбываюцца (напр., сумесь бензолу і гліцэрыны), то такая сістэма наз. фізічнай і для яе лік К. роўны ліку складальных рэчываў. Гл. таксама Гібса правіла фаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),
у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.
Як канстр.-дэкар.элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.
На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,
канцэпцыя, што разглядае грошы як асн.элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.Давандзаці, Ш.Мантэск’ё, Д.Юм, Д.Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.Фішэрам, А.Маршалам, А.С.Пігу, Дж.Кейнсам, М.Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал. чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЭ́РЫЙ АПТЫМА́ЛЬНАСЦІў эканоміцы,
паказчык, які дае магчымасць вызначыць гранічную меру эканам. эфекту ад таго ці інш. рашэння для параўнальнай ацэнкі магчымых рашэнняў (альтэрнатыў) і выбару найлепшага (напр., максімум прыбытку, мінімум выдаткаў, мінімальны час дасягнення мэты). Важны элемент любой аптымальнай эканоміка-матэматычнай мадэлі. У адносінах да эканам. сістэм К.а. — прыкмета, па якой функцыянаванне сістэмы прызнаецца найлепшым з магчымых варыянтаў. К.а. класіфікуюць па: узроўні агульнасці (глабальныя, лакальныя), часавым аспекце (статычныя і дынамічныя, бягучыя і фінішныя, крытэрыі часу дасягнення мэты); спосабах фарміравання (нарматыўныя, сацыёлага-статыстычныя і інш.); тыпу вымяральніка (вартасныя, натуральныя і інш.); спосабах выкарыстання (практычныя, тэарэтычныя, палітыка-прапагандысцкія); матэматычнай фармалізацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛІ́НА, аліўкавае дрэва (Olea),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Характэрны элемент цвердалістых хмызнякоў і рэдкастойных лясоў. У культуры М. вядома з 3—2-га тыс. да н.э.
Вечназялёныя дрэвы ці кусты выш. 10—15 м. Лісце супраціўнае, ланцэтнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белаватыя, духмяныя, у пазушных суквеццях. Плод — касцянка цёмна-фіялетавага ці чорнага колеру. Плады алейнай расліны М. культурнай. ці еўрапейскай (O. europaea), маюць 25—80% невысыхальнага алею; іх соляць, кансервуюць (зялёныя і спелыя). Са свежых алівак атрымліваюць мед., харч. (лепшы сорт праванскі), тэхн. алей. Макуха — корм для жывёл, драўніна ідзе на сталярныя і такарныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНЫ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ СЛОЙ,
сукупнасць эл. зарадаў процілеглых знакаў, размешчаных уздоўж мяжы падзелу фаз. Утвараецца электронамі, іонамі, а таксама арыентаванымі палярнымі малекуламі, якія маюць уласны дыпольны момант. Абумоўлівае электракінетычныя з’явы.
Будова П.э.с. істотная для эл.-хім. рэакцый, для электролізу і інш.Напр., у хім. крыніцах току (гл.Гальванічны элемент) пры апусканні металу ў электраліт метал «аддае» дадатныя іоны, а сам набывае адмоўны зарад. Дадатныя іоны электраліту прыцягваюцца паверхняй металу і ўздоўж паверхні дакранання фаз утвараецца П.э.с. Эл. поле, якое ўзнікла паміж зараджанымі слаямі, перашкаджае далейшаму растварэнню металу і пры пэўным значэнні спыняе яго.
Утварэнне падвойнага электрычнага слоя пры апусканні металу ў электраліт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАРу ядзернай фізіцы,
прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн.элемент якой — крышталь паўправадніка.
Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЗС-МАТРЫЦА,
святлоадчувальная інтэгральная схема, у аснову работы якой закладзены прынцып захоўвання лакалізаванага эл. зараду; цвердацельны аналаг перадавальных тэлевізійных трубак.
Асн. элемент — паўправадніковая прылада з зарадавай сувяззю (ПЗС, адсюль назва). Калі матрыца з такіх прылад, размешчаных на 1 крышталі паўправадніка, знаходзіцца ў факальнай плоскасці аб’ектыва, то ў кожнай ячэйцы матрыцы збярэцца зарад, які адпавядае асветленасці ў дадзеным пункце, і відарыс будзе «запісаны» ў выглядзе такіх зарадавых пакетаў. У канцы кожнага радка размяшчаецца счытвальнае прыстасаванне і ўзмацняльнік. Калі падаваць на электроды ПЗС-м. тактавыя імпульсы, якія забяспечваюць перадачу зарадавых пакетаў выхадной прыладзе, з выхаднога ўзмацняльніка здымецца паслядоўнасць імпульсаў, адпаведных зыходнаму відарысу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.
Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.