кірунак у неакантыянстве. Заснавальнік М.ш. Г.Коген і яго паслядоўнікі П.Натарп, Э.Касірэр ставілі сваёй мэтай «трансцэндэнтальна-лагічную» інтэрпрэтацыю філасофіі І.Канта, «ачышчэнне» яе ад катэгорыі «чыстаты розуму», «рэчы ў сабе», «вопыту» і інш., ад прымесей «метафізікі» і псіхалагізму. Паводле ўстаноўкі М.ш., навук. статус прызнаецца выключна за тымі філас. паняццямі, якія зводзяцца да гістарычна даказаных фактаў навукі, этыкі, мастацтва, рэлігіі і звязваюцца з «усёй творчай работай культуры», дзе цэнтр. месца займаюць не развіццё з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, а іх навук. тлумачэнне і выкладанне; законам руху культуры абвяшчаецца менавіта творчая дзейнасць у галіне навукі. «Сузіранне» Канта ў трактоўцы М.ш. адрываецца ад псіхалагічнай антрапалагічнай асновы, у выніку чаго працэс пазнання зводзіцца да Мысліцельнай дзейнасці чалавечага мозга. Адмаўленне прынцыпу адзінства пачуццёвай і абстрактна-мысліцельнай ступеней азначае абсалютызацыю лагічных структур навукі і іх атаясамліванне з адзінай крыніцай навук. ведаў. Свой «трансцэндэнтальна-лагічны» метад М.ш. імкнулася пашырыць пераважна на прыродазнаўства; у грамадскіх навуках М.ш. мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі этычнага сацыялізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,
філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл.Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян філосафаў Дж.Бруна, Дж.Ваніні, П.Пампанацы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛАжывапісу,
самабытная галіна ісп.маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К. ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.Бараса, Б.Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К. ш. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,
адзін з вядучых творчых кірункаў у музыцы 15—16 ст. Склалася ў Нідэрландах (уключалі сучасныя Бельгію, Люксембург, Нідэрланды, Паўн.-Усх. Францыю; адсюль назва кірунку і яго падзел на некалькі школ паводле храналагічнай і стылявой прыкмет). Гал. прадстаўнікі 1-й Н.ш., бургундскай (ранняй нідэрландскай), — Г.Дзюфаі і Ж.Беншуа; 2-й, фламандскай, — І.Окегем і Я.Обрэхт; 3-й, франка-фламандскай, — Жаскен Дэпрэ; 4-й, англа-франка-фламандскай, — А.Ласа. Кампазітары Н.ш. абагульнілі дасягненні нар. і ранняга прафес. мастацтва Фландрыі, Бургундыі, Францыі і Англіі, стварылі новы поліфанічны стыль для хору a cappella, т. зв. строгі стыль (гл.Поліфанія) з характэрным для яго раўнапраўем галасоў, развітой імітацыйнай тэхнікай, складанымі кантрапунктавымі злучэннямі. Вядучыя жанры — меса, матэт, канон, поліфанічны шансон, мадрыгал, фратола, віланела, канцанета. Харавая меса існавала ў некалькіх разнавіднасцях, якія адрозніваліся кампазіцыйнай тэхнікай, тэкставай асновай, літургічнай функцыяй (месы-парафразы, месы-пародыі і інш.). Выпрацаваны разнастайныя прыёмы развіцця cantus firmus. Муз. тэарэтык Н.ш. І.Тынкторыс абагульніў муз.-тэарэт. погляды сваёй эпохі, сістэматызаваў муз. тэрміналогію («Вызначальнік музычных тэрмінаў», 1474), развіў тэорыю метрарытмічнай арганізацыі і інш. Прынцыпы, выпрацаваныя прадстаўнікамі Н.ш., сталі універсальнымі. У 20 ст. некат. іх прыёмы ўвайшлі ў тэхніку кампазітараў новай венскай школы, П.Хіндэміта, І.Стравінскага і інш.
Літ.:
Теоретические наблюдения над историей музыки: Сб. ст.М., 1978;
Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў сацыялогіі,
кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.Шэфле (Германія), Р.Вормс і А.Эспінас (Францыя), П.Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.
Літ.:
Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА АКВАРЭ́ЛІ,
мастацкая школа ў Віцебску. Пачала складвацца на пач. 1950-х г. Характэрныя рысы — засяроджанасць на выяўленні жывапісных якасцей акварэлі, праблеме каларыту, сувязь з традыцыямі мясц. культуры. Каля вытокаў Віцебскай школы акварэлі стаяў І.Сталяроў. У фарміраванне яе традыцый зрабілі ўклад мастакі Ф.Гумен, А.Карпан, М.Ляўковіч, В.Ляховіч, В.Ральцэвіч, А.Кастагрыз, І.Шкуратаў. У традыцыях Віцебскай школы акварэлі мастакі працавалі і працуюць у розных манерах, кірунках (Л.Воранава, М.Драненка, У.Іваноў, І.Кісялёў, В.Лук’янава, У.Напрэенка, Я.Панамарэнка, Р.Танковіч, Г.Шутаў, А.Шыёнак і інш.). У 1995 створана суполка «Віцебская акварэль», якая аб’ядноўвае найб. вядомых прадстаўнікоў школы.
Літ.:
Цыбульскі М. Акварэльная аўра Віцебска // Беларусь. 1995. № II;
Рынковіч У. І лёд, і полымя // Мастацтва. 1995. № Ю. М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Віцебская школа акварэлі. А.Шыёнак. Веснавы разліў. 1996.Да арт.Віцебская школа акварэлі. В.Ральцэвіч. Віцебск. 1985.Да арт.Віцебская школа акварэлі. І.Сталяроў. Навальнічныя воблакі. 1985.Да арт.Віцебская школа акварэлі. Ф.Гумен. Сонца над горадам. 1996.Да арт.Віцебская школа акварэлі. Г.Шутаў. Маятнік. 1995.Да арт.Віцебская школа акварэлі. А.Карпан. Нацюрморт. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В.Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел.нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж.бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст.школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.Б.Цьепала, Дж.Б.П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.А.Каналета, Б.Белота) адносіцца да 18 ст.
Літ.:
Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.
Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Я.Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.