заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН Рыгор Іванавіч (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЦШЭ (Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),
нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.Вагнера, Ф.Шылера, Г.Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.Зімель, Г.Файгінгер, О.Шпенглер, А.Камю, М.Хайдэгер, У.С.Салаўёў, Х.Артэга-і-Гасет, М.А.Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.Фрэйдам, Э.Фромам, К.Хорні, А.Адлерам, К.Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.Мана, Б.Шоу, Дж.Лондана, В.Брусава, М.Гумілёва, М.Ікбана і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Стихотворения;
Философская проза. СПб., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1994;
Человеческое, слишком человеческое;
Веселая наука;
Злая мудрость. Мн., 1997;
Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;
По ту сторону добра и зла;
Казус Вагнер;
Антихрист;
Ecce Homo. Мн., 1997.
Літ.:
Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;
Философия Ф.Ницше. М., 1991;
Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;
Кучевский В. Философия нигилизма Ф.Ницше. М., 1996;
Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЕ ПАЛЕ́ССЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Палескай нізіны ў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях. На У мяжуе з Падняпроўем (на правабярэжжы Дняпра і ніжняй Бярэзіне), на Пн — з Цэнтральнай Беларуссю (па лініі Парычы — Любань — Старобін — Чудзін), на З — з Заходнім Палессем (гл. Дадатак) (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўн. мяжа рэгіёна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення водараздзельнага тыпу, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтр. Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў. Межы гэтых рэгіёнаў адлюстроўваюць арэалы мясц. этнонімаў — палешукоў на Пд і палян (ці палевікоў) на Пн.
У жалезным веку У.П. з’яўлялася асн. тэрыторыяй рассялення мілаградскай культуры (3—7 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры (3 ст. да н.э.—5 ст.н.э.). У 8—9 ст. У.П. засялялі дрыгавічы, якія мелі сваё паліт. аб’яднанне «княжанне». У 9 ст. яны дайшлі на Пн да верхняга бас. Бярэзіны, на З дасягнулі левабярэжжа Нёмана, дзе сустрэліся з яцвягамі, паклаўшы пачатак славянізацыі апошніх. У 12—13 ст.асн. тэрыторыя У.П. ўваходзіла ў склад Тураўскага (Турава-Пінскага) княства, Мазырскае Палессе — Кіеўскага княства. У перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай землі У.П. ўваходзілі ў склад Мінскага, Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў. Разам з тым па этнагр. рысах у той час Палессе вылучалася ў асобную гіст. правінцыю, што знайшло адлюстраванне на геагр. картах (карты Т.Макоўскага 1613; Г. дэ Баплана 1651 і інш.).
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) У.П. ўвайшло ў склад Мінскай губ.
У рэльефе У.П. кампактныя ўзвышшы чаргуюцца з балоцістымі нізінамі Прыпяцкага Палесся. Да нядаўняга часувял. плошчы займалі адкрытыя балоты (галы). Шырокія веснавыя разлівы, забалочаныя землі і няўдобіцы накладвалі адбітак на характар рассялення, становішча шляхоў зносін і трансп. сродкі, гасп. заняткі і паўсядзённы побыт. У земляробчай практыцы побач з трохполлем захаваліся лясныя пералогі і лядная (падсечна-агнявая) сістэма. Зямлю апрацоўвалі валамі з дапамогай палескай сахі. На чаўнах сяляне перапраўляліся з аднаго вострава на другі, ставілі буданы-курані, што служылі ім часовым жыллём, і паслядоўна апрацоўвалі адзін участак за другім. Такім жа спосабам збіралі ўраджай з палёў, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокіх адонках, а пасля вывозілі на чаўнах або санях. Мясц. жыхары трымалі буйную рагатую жывёлу і свіней, якіх выганялі на выпас у лес ці адвозілі ў чаўнах на суседнія астравы, дзе яны знаходзіліся ў натуральных умовах без нагляду. Статкі рагатай жывёлы пасвілі ўдалечыні ад вёсак, заганяючы на ноч у спец. загарадку з куранём і лёгкай будынінай тыпу хлява (кашара). У традыц. гаспадарцы побач з земляробствам і жывёлагадоўляй былі пашыраны рыбалоўства, збіральніцтва, пчалярства, хатнія промыслы. Сельскія пасяленні нераўнамерна размяркоўваліся на тэрыторыі рэгіёна. Найб. густа населенымі здаўна былі Хойніцка-Брагінскае і Юравіцкае ўзвышшы, Мазырская града, на З — Тураўская лёсавая раўніна. Побач з мнагадворнымі сустракаліся невял. пасяленні (5—10 хат), засценкі і хутары-выселкі. Будоўлі звычайна размяшчаліся ў сістэме сядзібы: хата + сенцы + істопка + павець + хлявы + адрына. Найб. распаўсюджаныя тыпы жылля: хата + сенцы + істопка, хата + сенцы. На поймавых і балоцістых месцах хаты мелі драўляную падлогу і ставіліся на па́лі. Стрэхі рабілі на самцах («закотам»), крылі дошкамі, чаротам, саломай. Па вечарах хаты асвятлялі стацыянарным лучніком (светачам). У нар. адзенні У.П. захаваліся традыц. рысы, што выяўляюць агульнаслав. аснову. У жаночым адзенні найб. пашыранай была панёва-плахта, якую насілі з шарсцяным фартухом (запаскай). У больш ранні перыяд насілі 2 запаскі — спераду і ззаду. Кашуля мела ўзорны (часцей вышываны) дэкор на каўняры, рукавах, грудзях, унізе на падоле. Ва ўзоры дамінавалі буйныя расл. формы, якія ў познім сярэдневякоўі выцеснілі геаметрызаваны дробнараслінны арнамент. Жаночыя гарсэты ўпрыгожвалі аплікацыяй. У Прыпяцкім Палессі яны больш доўгія, прыталеныя, з шарсцяной тканіны, у Мазырскім — кароткія, з даматканага палатна ці фабрычнай тканіны (гл.Калінкавіцкі строй, Брагінскі строй, Турава-мазырскі строй, Давыд-гарадоцка-тураўскі строй). У керамічнай вытворчасці вядомы цэнтры па вырабе задымленага і паліванага посуду ў Парычах, Юравічах, Лоеве. Мясц. мазырскія гаворкі складаюць асобную групу паўд.-зах. дыялекту. Рэгіянальныя асаблівасці мае песенны фальклор: для вясельных напеваў У.П. ўласцівы святочна-прыўзнятыя лірычныя матывы.
Літ.:
Сержпутовский А. Очерки Белоруссии. СПб., 1907;
Сербов И.А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. Вильна, 1914;
Лексіка Палесся ў прасторы і часе. Мн., 1971;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся, XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Тито в В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX ст.Мн., 1983;
Яго ж. Народная спадчына: Матэрыял. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці’. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДНА,
горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на Зад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс.ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У часвайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр.арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс.ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв.бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л.Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.
Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн.Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл.Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс.чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.
Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-дтэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.
Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл.Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл.Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн.Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед.ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял.Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед.ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн.Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч.г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л.Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж.ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл.Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах у 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).
У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.
Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел.літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл.Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкідрам. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял.Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл.літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв.арг-цыяРСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ.«Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел.т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ.«Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г.час.«Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт.газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».
Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.
Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл.арг-цыяБел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.
Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз.т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус.тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).
Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв.«Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л.Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш.Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз.навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз.т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-вамуз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн.пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.
Літ.:
Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл.Мн., 1986;
Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;
Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.
Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.
Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Л.І.Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш.еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.
Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр.ням., франц., лац. мовы.
Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.
Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.
Публ.:
Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Літ.:
Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;
Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;
Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;
Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г.Т. 1—2. Каунас, 1934—38;
Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;
Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;
Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;
Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;
Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;
Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;
Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯў СССР,
розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход адпаліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на УСССР. У часВял.Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССРад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс.чал. Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач.перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦККПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦККПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.
Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл.ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл.Калабарацыяністы) у гады Вял.Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, адР.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел.нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел.АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал.Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУ—НКУСБССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс.чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССРад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.
Літ.:
Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг.М., 1991;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;
Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф.Мн., 1998;
Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.
Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пдадр. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.
Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва адр. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.
На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.
Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.Я.Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.
Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.В.Сядоў, Ю.У.Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.
Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У часКіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн.Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала адвеча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.
Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.
Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн.Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пдад Турава і Пінска.
Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн.Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.
Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.
Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.
Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн.Уладзімірам не раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн.Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.
У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;
Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;
Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;
Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;
Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.
Г.В.Штыхаў.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮВЕЛІ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА (адням. Juwel ці галандскага juweel каштоўны камень),
выраб мастацкіх рэчаў (упрыгожанняў, прадметаў побыту, культу, зброі і інш.) з каштоўных і інш. каляровых металаў у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам, бурштынам, косцю, перламутрам, шклом і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Ю.м. выкарыстоўваюць розныя тэхнікі, ручныя і мех. спосабы апрацоўкі: коўку мастацкую і ліццё мастацкае, чаканку, гравіраванне, чарненне, філігрань, эмалі, разьбу мастацкую, зернь, інкрустацыю, траўленне, паліраванне, штампаванне, вальцоўку і інш.
Найб. стараж. вырабы Ю.м. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. Двухрэччы, Індыі. краінах эгейскай культуры. З 14—12 ст. да н.э. Ю.м. развівалася ў Стараж. Кітаі, краінах Стараж. Амерыкі. Японіі. на Б. Усходзе. з 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, з 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. ў Стараж. Рыме. У раннім еўрап. сярэдневякоўі выдатныя творы Ю.м. вырабляліся ў Візантыі, асабліва вылучаліся прадметы культу. 15—16 ст. — час росквіту італьян., 16—17 ст. — ням., 17—19 ст. — франц. Ю.м. Выдатныя маст. якасці вылучаюць залатыя ўпрыгожанні і маст. пасудзіны скіфаў і сарматаў (Паўн. Прычарнамор’е. Прыкубанне. Ніжняе Паволжа). Высокім майстэрствам славіліся ювеліры Кіеўскай Русі (залатыя вырабы з перагародчатай эмаллю. чаканеныя аклады абразоў). У 16 ст. агульнарус. цэнтрам Ю.м. стала Масква. у 18 ст. — Пецярбург. З сярэдзіны 19 ст. пачаўся масавы механізаваны выпуск ювелірных вырабаў. У Ю.м. 20 ст. з’явіліся новыя матэрыялы, творчыя кірункі сталі больш разнастайныя. Побач з арнаментамі, якія імітуюць розныя гіст. стылі. у сярэдзіне 20 ст. сустракаюцца вобразныя вырашэнні, звязаныя з праблематыкай сучаснай культуры (напр., касм. тэма). Вытокі сучаснай арнаментыкі Ю.м. — у сімволіцы язычніцкіх вераванняў, калі магічны змест выяў крыжа, круга, кола, разетак, зорак. надаваў прадметам значэнне засцерагальнікаў. У многіх ювелірных вырабах адлюстроўвалася шанаванне жывёл. Паступова язычніцкая сімволіка была выцеснена геам., расл., тэраталагічным арнаментамі. У сучасным Ю.м. зацвердзіўся кірунак, звязаны з выкарыстаннем дызайнерскіх форм, дзе адсутнічае арнамент. Ювелірныя ўпрыгожанні вырабляюць на ювелірных фабрыках, ствараюць асобныя мастакі.
На Беларусі першыя вырабы з каляровых металаў вядомы з пач. бронзавага веку (мяжа 3-га і 2-га тыс. да н.э.): бранзалеты, дыядэмы, акулярападобныя прывескі, скроневыя кольцы, грыўні і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Ю.м. выкарыстоўвалі ліццё, коўку з дроту і спец. загатовак, чаканку і інш. У канцы 1-га тыс. да н.э. з’явіліся фібулы з мясц. арнаментам — плоскім трохвугольным шчытком, у пач. 1-га тыс. — новыя тыпы бранзалетаў і пярсцёнкаў, накладкі для шчытоў, завушніцы, вырабы з выемчатымі эмалямі — лунніцы (гл.Абідзенскія эмалі), ажурныя фібулы, паясы. З 6—8 ст. выраблялі ўпрыгожанні з серабра, арнаментаваныя несапраўднай зерню. У дэкоры пераважаў геам. арнамент. Развіццё Ю.м. ў 9—13 ст. звязана з узнікненнем гарадоў, работай ювелірных майстэрняў у Мінску, Полацку, Навагрудку, Гродне, Брэсце і інш. Засвойваліся новыя тэхнікі (філігрань, чарненне, серабрэнне, агнявое залачэнне чырвоным золатам, гравіраванне, штампоўка, перагародчатыя эмалі), пашырыўся асартымент металу (свінец, волава, серабро, золата, сплавы). Найб. значныя помнікі Ю.м. таго часу — Крыж Ефрасінні Полацкай, залатыя пярсцёнкі з Полацка, скроневае кольца з Барысава, бранзалет з Мінска, колты з Вішчынскага замка (Рагачоўскі р-н), гравіраваны абразок з выявай св. Дзмітрыя з Ваўкавыска (усе 12 ст.). У шэрагу твораў адлюстравалася пераасэнсаванне маст. традыцый Візантыі, Кіеўскай Русі, краін Зах. Еўропы, Міжземнамор’я і Усходу: засваенне новых выяўл. і арнаментальных матываў, з’яўленне новых відаў быт. рэчаў — лыжачак. ключоў, званочкаў, — а таксама энкалпіёнаў, мініяцюрных распяццяў, абразкоў, 2—3-створкавых складанняў. З’явіліся новыя формы падвесак, скроневых кольцаў, шыйных грыўняў, якія адлюстроўвалі этн. прыналежнасць уладальнікаў. Высокімі маст. якасцямі вылучаюцца гравіраваныя накладкі на абклады Мсціжскага і Лаўрышаўскага евангелляў (14 ст.). Развіццю Ю.м. 15—17 ст. спрыяла стварэнне рамесных цэхаў у Мінску, Вільні, Полацку, Слуцку, Гродне, Брэсце і інш., якія аб’ядноўвалі меднікаў, злотнікаў, сярэбранікаў, збройнікаў і інш. майстроў ювелірнай справы (усяго на Беларусі ў 15—16 ст. працавала 105 такіх майстроў, у 17 ст. — 665, у 18 ст. — 909). Пераважаў выраб культавых рэчаў, а таксама побытавага посуду. Шмат майстроў-ювеліраў — выхадцаў з Беларусі — працавала ў 17 ст. ў Аружэйнай палаце ў Маскве, сярод іх Ларыён Афанасьеў, Іван Андрэеў, Фёдар Пракоп’еў, Іван Юр’еў, Гаўрыла Аўдакімаў, творы якіх зберагліся да нашага часу. У Ю.м. 15—18 ст. рысы зах.-еўрап.маст. стыляў (готыка, рэнесанс, барока, ракако) спалучаны з мясц.маст. традыцыямі. Для тагачаснай бел. школы Ю.м. характэрны спалучэнне ў адным творы розных тэхнік апрацоўкі металу, рэаліст. характар трактоўкі расл. матываў, наіўна-рэаліст. трактоўка кананічных іканаграфічных зводаў, плоскаснасць дэкору — асабліва выразныя ў дэкоры літургічнага посуду, крыжах, абкладах евангелляў і інш.царк. начыння, рэчах свецкага прызначэння (паясы, шкатулкі, кубкі і інш.). На Ю.м. 1-й пал. 19 ст. паўплываў стыль ампір, з 2-й пал. 19 ст. ў многіх вырабах назіраюцца эклектычныя рысы. Ю.м. 20 ст. актыўна развівалася з 1960-х г. Ювелірныя ўпрыгожанні, дэкар. пластыку, сувеніры, посуд стваралі ў майстэрнях Маст. фонду Беларусі і Мін-вабыт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі; сучасныя ювелірныя вырабы — у індывідуальных майстэрнях, на прадпрыемствах (гл.Ювелірная прамысловасць). Бел. мастакі выкарыстоўваюць традыц. ювелірныя тэхнікі (скань, эмалі, ліццё, зернь і інш.), эксперыментуюць з новымі матэрыяламі. Сярод майстроў Г.Асташонак, Ю.Гудзіновіч, Б.Дрозд, Р.Іваноў, Ю.Калістратаў, А.Карніенка, М.Кузьміч, Ю.Любімаў, В.Фёдараў, А.Шостак і інш.
Літ.:
Штыхаў Г.В., Захаранка П.М. Старажытныя скарбы Беларусі. Мн., 1971;
Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.). Мн., 1972;
Постникова-Лосева М.М. Русское ювелирное искусство, его центры и мастера. XVI—XIX вв. М., 1974;
Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая, Л.Ф.Салавей.
Да арт.Ювелірнае мастацтва. Завушніцы. Золата. Стараж. Егіпет. Каля 3 ст. да н. э.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Скроневае кольца Бронза. Гарадзішча Баронікі. Віцебская вобл. 5—4 ст. да н. э.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Фібула вікінгаў у форме шкатулкі. Пазалочаная і пасярэбраная бронза. Мартэнс, в-аў Готланд. 11 ст.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Крыж-мошчахавальнік. Майстэрні Маскоўскага Крамля. 17 ст.Да арт.Ювелірнае мастацтва. А.Шостак. Бранзалет. Серабро, ізумруд, брыльянты, мохавы агат, перламутр. 1992.