ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),

нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),

апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.

Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГЕ́ННЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

эндагенныя працэсы, геалагічныя працэсы, якія адбываюцца пераважна ў нетрах Зямлі, абумоўлены яе ўнутр. энергіяй, сілай цяжару і сіламі, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Да гіпагенных працэсаў адносяцца: распад радыеактыўных рэчываў, розныя хім. рэакцыі і пераўтварэнні падкоркавых мас, раптоўныя разрадкі напружанняў, якія там узнікаюць. Праяўляюцца ў выглядзе тэктанічных рухаў, працэсаў вулканізму, метамарфізму горных парод. Гіпагенныя працэсы абумоўліваюць морфаструктуру зямной паверхні і ў спалучэнні з гіпергеннымі працэсамі ўдзельнічаюць у фарміраванні рэльефу Зямлі. З імі звязана ўтварэнне значнай часткі карысных выкапняў, гл. Гіпагенныя радовішчы.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ ЛАНКА́СТЭРСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1818 (арх. І.​Дзячкоў з удзелам арх. Дж.​Кларка). Быў гал. будынкам комплексу пач. школы (арганізавана па ініцыятыве графа М.​П.​Румянцава), дзе выкладанне вялося па сістэме ўзаемнага навучання, распрацаванай англ. педагогам Дж.​Ланкастэрам. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Сярэдняя частка гал. фасада вылучана 8-калонным порцікам іанічнага ордэра, завершаным трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі гал. фасада мелі невял. рызаліты, сцены якіх на 1-м паверсе былі руставаныя.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІІ́Л ЧО́РНЫ (каля 1360—1430),

рускі жывапісец. Разам са сваім сябрам А.Рублёвым і інш. майстрамі працаваў ва Уладзімірскім Успенскім саборы (1408) і Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску (1420-я г.). Яму прыпісваецца ўдзел у выкананні часткі размалёвак і некат. абразоў для гэтых сабораў.

Літ.:

Грабарь И.Э. О древнерусском искусстве. М., 1966;

Лазарев В.Н. Андрей Рублев и его школа. М., 1966.

Данііл Чорны і А.​Рублёў. Апосталы Павел і Пётр з групай святых. Фрагмент фрэскі Успенскага сабора ва Уладзіміры. 1408.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (West Ice Shell),

адзін з буйнейшых шэльфавых ледавікоў Усх. Антарктыды. На Пн і У абмываецца м. Дэйвіса, на Зм. Садружнасці. Адкрыты ням. экспедыцыяй Э.​Дрыгальскага у 1901—03, дэталёва абследаваны сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1957—60. Пл. каля 36 тыс. км1. Працягласць з З на У 580 км, з Пд на Пн 65—95 км, таўшчыня лёду 100—580 м. У 1960-я г. адбылося значнае скарачэнне плошчы ледавіка ў выніку разбурэння яго паўн. часткі.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯСТЫНІ́Т (ад позналац. mediastinum міжсценне),

запаленне органаў міжсцення (часткі грудной клеткі, дзе знаходзяцца сэрца, стрававод, трахея, буйныя крывяносныя сасуды) чалавека. Адрозніваюць М. першасны (узнікае ў выніку траўмы пры пранікальных раненнях міжсцення) і другасны (ускладненне запаленчых працэсаў грудной поласці, рота, шыі). Працякае ў вострай і хранічнай формах. Пры вострым М. павышаецца т-ра цела, назіраецца задышка, тахікардыя і інш., бываюць нерв.-псіхічныя парушэнні. Асн. прыкметы хранічнага М. — сцісканне вен, трахеі, стрававода, пульсуючыя болі за грудзінай і інш. Лячэнне хірург., тэрапеўтычнае.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКНЕ́С (араб. Мікнас або Мікнасат-эль-Зайтун),

горад на ПнЗ Марока. Адм. ц. правінцыі Мекнес. Засн. каля 10 ст. Каля 350 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. цэнтр паўн.-зах. часткі краіны. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (аліўкі, вінаград, цытрусавыя). Прадпрыемствы харч., тэкст., хім., цэм., дрэваапр. прам-сці. Саматужная вытв-сць ганчарных і скураных вырабаў. Ун-т. Музеі: мусульм. мастацтва, нар. мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: Вялікая мячэць, Медрэсэ Бу-Інанія, палац Дарэль-Макзен і інш.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯРО́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

алгебраічны выраз, элементы якога спалучаны знакамі: менш <, менш ці роўна ≤, больш >, больш ці роўна ≥, няроўна ≠. Напр., запіс a < b азначае, што а меншае за b. Н. і роўнасці маюць многія агульныя ўласцівасці, напр., Н. застанецца правільнай, калі да яе абедзвюх частак дадаць адзін і той жа лік ці абедзве часткі памножыць на адзін і той жа дадатны лік (пры множанні на адмоўны лік Н. пераходзіць у процілеглую). Уласцівасці і класіфікацыя Н. (аналагічныя ўласцівасцям і класіфікацыі роўнасцей) вывучаюцца многімі раздзеламі матэматыкі.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)