кілягрудыя (Carinatae), або лятаючыя (Volantes), надатрад птушак. Уключае большасць сучасных птушак. Каля 35 атр., больш за 8550 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце.
Маюць кіль (грэбень уздоўж грудной косці для прымацавання грудных мышцаў, якія прыводзяць у рух крылы) і косці, напоўненыя паветрам. Ёсць копчыкавая косць (пігастыль). У адрозненне ад бескілявых птушак добра лятаюць (акрамя некат. пастушковых). Характэрны нармальна развітыя контурныя пёры з самкнутымі махаламі, добра развітыя махавыя і рулявыя. Апярэнне размешчана пераважна на пэўных участках скуры — птэрыліях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭ́ХНІКУМ-ПРАДПРЫЕ́МСТВА ЛЁГКАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ.
Засн. ў 1945 у Мінску як тэхнікум лёгкай прам-сці. З 1989 сучасная назва. Рыхтуе тэхнікаў-канструктараў-тэхнолагаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-механікаў, бухгалтараў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): тэхналогія і канструяванне вырабаў са скуры; апрацоўка тканіны; тэхн. абслугоўванне і рамонт абсталявання абутковай вытв-сці; бухгалтарскі ўлік у лёгкай прам-сці; прадзенне шэрсці і хім. валокнаў; тэхналогія тканіны і тканых вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ЎС (Manaus),
горад на Пн Бразіліі, адм. ц. штата Амазонас. Порт на р. Рыу-Негру, пры яе ўпадзенні ў Амазонку, больш як за 1600 км ад Атлантычнага ак., даступны для марскіх суднаў. Засн. ў 1660 партугальцамі. 1 млн.ж. (1991). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-размеркавальны цэнтр браз. Амазоніі. Радовішча нафты. Прам-сць: дрэваапр., нафтаперапр., тэкст., харчасмакавая; прадпрыемствы па перапрацоўцы каўчуку, джуту, драўніны, вырабаў з кракадзілавай скуры. Ун-т. Ін-т геаграфіі і гісторыі Амазоніі. Бат. і заал. сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНО́МА [ад грэч. melas (melanos) чорны + -ōma канчатак у назвах пухлін],
меланабластома, у чалавека злаякасная пухліна, якая развіваецца з пігментаўтваральных клетак меланацытаў. Часцей узнікае на скуры (90%), радзей — на слізістых абалонках страўнікава-кішачнага тракту, верхніх дыхальных шляхоў, мазгавых абалонак, у воку. Схільная даваць раннія метастазы. Для М. характэрна назапашванне ў клетках меланіну, бываюць і беспігментныя. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапеўтычнае. У жывёл М. — дабраякасная пухліна з клетак эпідэрмісу; можа ператварацца ў злаякасную. Гл. таксама Пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЯНКО́Ў (Станча Міленкавіч) (20.2.1899, с. Паляна каля г. Варна, Балгарыя — 17.10.1969),
бел. вучоны ў галіне гісталогіі. Д-рмед.н. (1937), праф. (1940). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1929). З 1940 у Іркуцкім, Ташкенцкім, з 1952 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедраў). Навук. працы па будове скуры ў норме і паталогіі, развіцці і будове органаў эндакрыннай сістэмы, кампенсатарных і прыстасавальных рэакцыях нерв. сістэмы. будове нейрасакраторных клетак.
Тв.:
Анатомия, эмбриология и гистология эндокринной системы // Основы эндокринологии. 2 изд. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́Т,
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілацэтату, [—CH3—CH(OCOCH3)—]n, мал. м. (5—16)∙105. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, шчыльн. 1190 кг/м³. Тэрмапласт. Святлоўстойлівы. Характэрна халоднацякучасць, добрая адгезія да паперы, скуры, драўніны, тканін. Пры 180 °C раскладаецца. Лёгка гідралізуецца растворамі шчолачаў ці кіслот з утварэннем полівінілавага спірту. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці эмульсійных фарбаў, кляёў і лакаў, сыравіну для атрымання полівінілавага спірту, як сувязнае ў палімербетоне.
Літ.:
Розенберг М.Э. Полимеры на основе винилацетата. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІНЕЎРЫ́Т (ад полі... + грэч. neuron жыла, нерв),
множнае запаленне перыферычных нерваў. Узнікае ад інфекцый, асабліва вірусных, інтаксікацый (алкаголь, ртуць, свінец), парушэння абмену рэчываў (напр., пры дыябеце цукровым) і інш. П. з пашкоджаннем нерв. карэньчыкаў наз.полірадыкуланеўрытам. Прыкметы: адчуванне поўзання мурашак па скуры, аняменне дыстальных аддзелаў рук і ног, боль, ацёк, схудненне, парэзы і паралічы; мышцы канечнасцей памяншаюцца ў памерах (атрафіруюцца), няўстойлівая паходка, цяжка ўтрымліваць рэчы ў руках. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычыны хваробы, тэрапія, масаж, фізія- і курортатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕНТА́ЛЬ (Саламон Конрадавіч) (10.8.1890, г. Вільня — 18.11.1955),
бел. і расійскі вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Д-рмед.н. (1937), праф. (1940). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1913). У 1921—31 у клініцы Мінскага мед. ін-та, адначасова ў 1927—31 гал. ўрач 3-й клінічнай бальніцы Мінска. З 1931 у Ленінградзе. Навук. працы па фізіялогіі скуры, пашкоджаннях яе пры хваробах крывятворных органаў (у прыватнасці міэлоіднай лейкеміі), укараненні ў практычную дэрматалогію рэнтгеналагічнага, люмінесцэнтнага, гісталагічнага метадаў. Чэмпіён Беларусі па шахматах (1924).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК,
на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл.Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.
Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл.Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).
Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ЎЗРО́СТ,
паказчык, які характарызуе пэўны этап развіцця арганізма з уласцівай яму сукупнасцю абменных, марфал., функцыян. і рэгулятарных асаблівасцяў і адаптыўных магчымасцяў, якія мяняюцца з цягам часу. Вызначаецца станам скуры і яе вытворных, зубоў, ступенню акасцянення шкілета, вастрынёй зроку, дыяпазонам акамадацыі хрусталіка і інш. Біялагічны ўзрост можа не адпавядаць храналагічнаму — апярэджваць ці адставаць ад яго. Тэмп біял. узроставых змен залежыць ад спадчыннасці і ўмоў навакольнага асяроддзя (для чалавека — умовы быту, харчаванне, прафес. шкоднасці, хранічныя інтаксікацыі алкаголем, наркотыкамі, нікацінам і інш.).