АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),
іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЭ́НКА (Ліна Васілеўна) (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),
украінская паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.Аколава, Д.Бічэль-Загнетава, В.Вітка, У.Карызна, В.Коўтун, Н.Мацяш, Р.Семашкевіч, Я.Сіпакоў, Я.Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПІ́ТА,
рака у Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл. і на мяжы Чачэрскага і Веткаўскага р-наў Гомельскай вобл. з Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас.р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 549 км². Пачынаецца каля паўн.-зах. ускраіны в. Грозны Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. да 1 км. Схілы спадзістыя і адкрытыя, у ніжнім цячэнні сярэднестромкія, парослыя лесам, выш. да 10 м. Пойма двухбаковая, на вялікім працягу нізкая, забалочаная, шыр. да 500 м. Рэчышча на працягу амаль 12 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Шыр.ракі ў межань 6—10 м. Берагі стромкія, выш. да 1 м. Асн. прыток р. Дарагоўша (злева) у Расіі. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎ (Narew),
рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р.Зах. Буг (бас.р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс.км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр.ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦДА́РМ (ад франц. place d’armes плошча для збору войск),
1) тэрыторыя сваёй або інш. краіны, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўварвання на тэр.інш. дзяржавы ў якасці базы для згрупавання і разгортвання войск (напр., тэр. Саудаўскай Аравіі была П. пры вызваленні Кувейта ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91).
2) Участак тэр., якім авалодалі наступаючыя войскі пры фарсіраванні воднай перашкоды або процілеглага берага, што ўтрымліваецца адступаючымі войскамі пры адыходзе [напр., у Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 сав. войскі пасля фарсіравання р. Дняпро на фронце 750 км ад Лоева (Беларусь) да Запарожжа (Украіна) занялі на правым беразе ракі больш за 20 П., з якіх потым працягвалі наступленне на З.].
3) Участак мясцовасці на марскім узбярэжжы, захоплены пры правядзенні марской дэсантнай аперацыі з мэтай забеспячэння высадкі і разгортвання гал. сіл (напр., Нармандская дэсантная аперацыя 1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
баі паміж германскімі і французскімі войскамі за ўмацаваны раён Вердэна 21 лют. — 21 снеж. ў час 1-й сусв. вайны.
Тэрм. вярх. камандаванне вырашыла ў 1916 нанесці гал. ўдар на Зах. фронце супраць Вердэнскага выступу, які быў апорай усяго франц. фронту. На 15-кіламетровым участку прарыву супраць 2 франц. дывізій было выстаўлена 6,5 дывізій 5-й герм. арміі. Атака 21—25 лют. на правым беразе р. Мёз (Маас) сустрэла ўпартае супраціўленне франц. войск і прарыў не быў зроблены. У сак.герм. войскі гал. ўдар перанеслі на левы бераг ракі, але прасунуліся толькі на 6—7 км. 24 кастр.франц. войскі перайшлі ў контрнаступленне і 21 снеж. выйшлі на рубеж, які займалі 25 лютага. Вердэнская аперацыя была для Германіі беспаспяховай: яна ўвяла 50 дывізій са 125 і страціла каля 600 тыс.чал. Францыя выставіла 65 дывізій са 125 і страціла 358 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч.ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́Р,
масавая гібель рыбы і інш. водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).
З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗЕНТАЛ, Розенталс (Rozentāls) Яніс (18.3.1866, хутар Бебры, цяпер Салдускі р-н, Латвія — 26.12.1916), латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—94) у У.Макоўскага. У 1901—15 працаваў у Латвіі, у 1906—13 выкладаў у Рыжскай гар.маст. школе. У творах, блізкіх да работ позніх перасоўнікаў, спалучэнне праўдзівасці адлюстравання працы і побыту лат. народа і жывапіснай прыгажосці натуры: «Пасля абедні» (1894), «З могілак» (1895), «Песня пастушкі» (1898), «Даліна ракі Персе», «Сакавіцкае сонейка» (абедзве 1902), «З працы» (1903), «Вясна ў Курземе» (1907) і інш. Рысы сімвалізму, экспрэсіўнасць колеру і мазка ўласцівы творам на тэмы нар.лат. фальклору, скандынаўскіх саг, біблейскіх сюжэтаў («Сага», «Спакуса» «Чэрці», «Лодка смерці», «Прарок», «Кашмар», «Чорная змяя муку малола»). Стварыў шэраг партрэтаў сваіх сучаснікаў («П.Федэр», «Дама ў белым», «Партрэт М.С.», абодва 1902; «М.Вігнер-Грынберг», 1916), аўтапартрэт (1900).
Л.Ф.Салавей.
Я.Розентал. Партрэт спявачкі М Вігнер-Грынберг. 1916.