АЛКАНО́СТ, алканос,

у рускіх і візантыйскіх сярэдневяковых легендах казачная птушка з тварам чалавека. Вобраз Алканоста паходзіць ад стараж.-грэч. міфа пра Алкіёну, жонку фесалійскага цара Кеіка, якая была ператворана багамі ў птушку алкіён (зімародак). Алканост нясе яйкі на беразе мора, апускае іх у мора і робіць яго спакойным на 6 дзён. Той, хто пачуе дзівосныя спевы Алканоста, забывае пра ўсё на свеце.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СТ,

у грэчаскай міфалогіі сын Агамемнана і Клітэмнестры. Помсцячы за вераломнае забойства бацькі, Арэст забіў маці і яе каханка Эгісфа. За гэта багіні помсты Эрыніі наслалі на Арэста вар’яцтва і праследавалі яго, але ён атрымаў ад Апалона ачышчэнне ад пралітай крыві. Міф пра Арэста адлюстроўвае ўспаміны пра матрыярхат і кроўную помсту, ён стаў сюжэтам трагедый Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Пётр Андрэевіч) (10.6.1874, в. Валок Харкаўскай вобл., Украіна — ?),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р медыцыны (1910). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1898). Працаваў ваен. урачом у г. Бабруйск. Навук. працы па вывучэнні сан. стану Бабруйска, пра фіз. развіццё, здароўе насельніцтва Бабруйскага павета. Сфармуляваў прапановы пра паляпшэнне сан. стану, развіццё мед. дапамогі і ўвядзенне сан. нагляду ў Бабруйску.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУРА́НТЫ»,

першыя рас. рукапісныя газеты ў 1600—1701. Складаліся ў невял. колькасці ў Пасольскім прыказе для інфармавання цара і Баярскай думы пра падзеі ў замежных краінах (дыпламат. зносіны, ваен. і ўнутрыдзярж. падзеі, копіі мірных дагавораў, прамовы каралёў, звесткі пра рэдкія прыродныя з’явы і інш.). Крыніцамі для іх складання былі замежныя друкаваныя матэрыялы, паведамленні рас. і замежных агентаў. Папярэднік рас. друкаванай газ. «Ведомости».

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАЕ́ННЫЯ СПРА́ВЫ КАРАЛЯ́ СТАФА́НА БАТО́РЫЯ»

(«Sprawy wojenne króla Stefana Batornego»),

збор гіст. дакументаў пра ўладаранне Стафана Баторыя. Выдадзены ў 1887 у Кракаве (у серыі «Acta Historica», т. 11). Змешчаны 164 дакументы 1576—85: лісты Баторыя да Радзівілаў, Хадкевічаў; вітанне караля пры яго вяртанні з Лівонскай вайны 1558—82, дыярыушы Я.​Збароўскага пра ўзяцце замкаў Веліж, Усвяты і Вял. Лукі, Л.​Дзялынскага пра аблогу і ўзяцце Веліжа, Вял. Лук і Завалочча; вальнага сейма ў Варшаве 1581; матэрыялы па перагаворах Баторыя са шведамі ў 1582, яго перапіска з Іванам IV і інш. Дакументы ўзяты з архіўных сховішчаў Польшчы, перадрукаваны з выданняў 16 ст., польск. і рас. археаграфічных выданняў 19 ст.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́СЛА»

(«Wisła»),

польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.​Грушэцкі, Я.​Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш. этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел. нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,

прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен. дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».

У.​М.​Конан.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1967 у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. Меў 2026 адзінак асн. фонду (1993). Сярод экспанатаў макет бел. хаты, прадметы сял. побыту і традыц. працы, мужчынскія і жаночыя нац. касцюмы; дакументы з гісторыі в. Рудобелка; матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыста М.Лапы, вядомых землякоў К.П.Арлоўскага, А.Р.Салаўя, М.А.Ляўкова, Л.Я.Адзінцова і інш.; пра падзеі Вял. Айч. вайны (баявыя дзеянні на тэр. раёна партыз. атрадаў і брыгад, патрыят. падполля, асабістыя рэчы і дакументы Герояў Сав. Саюза Ц.​П.​Бумажкова, Ф.​І.​Паўлоўскага, Ф.​М.​Языковіча і інш., вызваленне раёна ад ням. фашыстаў). Экспанаты музея расказвалі таксама пра ўраджэнцаў раёна, якія ваявалі ў Афганістане. 5.2.1994 у выніку пажару большасць экспанатаў загінула.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ-МУЗЕ́Й I З’ЕЗДА >РСДРП.

Адкрыты ў 1923 у Мінску ў доме, дзе ў 1898 адбыўся Першы з’езд РСДРП. У першыя дні Вял. Айч. вадны дом згарэў. У 1948 адноўлены. У 1953 перамешчаны бліжэй да р. Свіслач. У залах музея 292 экспанаты (1997), у т. л. дакументы і матэрыялы пра ўзнікненне і дзейнасць першых с.-д. груп у Расіі, жандарскія і паліцэйскія данясенні пра 1 з’езд РСДРП, фотаздымкі дэлегатаў з’езда і матэрыялы пра іх далейшы лёс, «Маніфест Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі» (выд. ў 1898 у Бабруйску) і інш. У мемар. пакоях адноўлена абсталяванне кватэры чыг. служачага мінскага сацыял-дэмакрата П.​В.​Румянцава. З 1992 філіял Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі.

С.​М.​Сіманюкоў.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)