ДЗЯРЖА́ЎНЫ САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш. Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАДЗЕ́НЬ,

мера затрат працы калгаснікаў, якая выкарыстоўвалася ў калгасах у 1930—66.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 28.3.1906, с. Папоўка Смаленскай вобл.),

савецкі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1972), Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929). З 1962 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёгкіх сплаваў. Навук. працы па тэхнал. працэсах ліцця металаў, пластычнай дэфармацыі і тэрмічнай апрацоўцы лёгкіх і спец. сплаваў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1946, 1949.

А.Ф.Бялоў.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НЧЫК (Уладзімір Юстынавіч) (29.3.1915, в. Ячава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1990),

бел. медык-хірург. Засл. ўрач Беларусі (1956). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1939). У 1950—84 гал. ўрач 1-й клінічнай бальніцы г. Гродна, адначасова ў 1959—84 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук працы па хірург. лячэнні хвароб сасудаў і органаў брушной поласці.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (4.5.1926, с. Афанасава Краснахолмскага р-на Цвярской вобл., Расія — 29.5.1991),

расійскі хімік. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1981). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі і сплаваў (1948). З 1977 ва Усесаюзным НДІ неарган. матэрыялаў. Навук. працы па радыяхіміі, тэхналогіі атрымання асабліва чыстых металаў, пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1975.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАГІГІЕ́НА [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + гігіена],

раздзел геранталогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (сацыяльных, бытавых, прыродных) і ладу жыцця на хуткасць і характар старэння чалавека. Уключае герагігіену працы, харчавання, сацыяльную, камунальную. Герагігіена працы разглядае пытанні прафес. працаздольнасці асоб старэй за 40 гадоў. Асн. рэкамендацыі: зніжэнне рабочай нагрузкі, тэмпу і рытму працы, павелічэнне колькасці і працягласці перапынкаў, макс. выкарыстанне вопыту, устойлівага рабочага дынамічнага стэрэатыпу. Герагігіена харчавання даследуе прынцыпы энергет. збалансаванасці ў адпаведнасці з энергазатратамі; сацыяльная герагігіена — уплыў сац.-эканам. фактараў на стан здароўя, камунальная герагігіена — жыллёва-бытавыя праблемы пажылых і старых людзей. Важную ролю пры гэтым адыгрываюць фіз. нагрузкі, наяўнасць шкодных прывычак, псіха-стрэсарныя і экалагічныя фактары.

Л.​М.​Машуль.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ. «Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.​Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.​Х.​Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.​Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,

першая руская с.-д. арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.​Б.​Аксельродам, Л.​Р.​Дэйчам, В.​М.​Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.

Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.​Н.​Гецаў, С.​Л.​Ляўкоў, С.​Л.​Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.

Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.​І.​Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АХО́ВА ПРА́ЦЫ»,

навуковы, грамадска-вытворчы ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. і рус. мовах. Адлюстроўвае стан і ўзровень аховы працы на Беларусі і за яе межамі. Аналізуе вопыт пошукаў эфектыўных шляхоў прафілактыкі траўматызму і аварый на вытворчасці. Дае практычныя арганізац., тэхн., эканам. і юрыд. парады. Мае пастаянныя рубрыкі «Юрыдычныя старонкі», «Экалогія», «А як за мяжой?», «Увага — небяспека», «Чарнобыль — агульны боль» і інш.

т. 2, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 25.12.1938, в. Казылі Елабужскага р-на, Татарстан),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1996). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1964) і працаваў у ім. З 1978 у Наваполацкім політэхн. ін-це. Даследуе праблемы кіравання прадукцыйнасцю працы, фарміравання сістэмы кіравання прадпрыемствам ва ўмовах рыначных адносін. Аўтар прац «Выбар спосабаў механічнага рыхлення мёрзлых грунтоў» (1977), «Кіраванне прадукцыйнасцю працы пры распрацоўцы мёрзлых грунтоў» (1993).

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)