МЫЗГІ́Н Аляксандр Міхайлавіч (н. 25.4.1965, г. Гомель),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1990). Скончыў Гомельскі ун-т (1990). З 1996 трэнер па веславанні на байдарках і каноэ спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіён свету (1989, Балгарыя; 1990, Польшча) на байдарцы-чацвёрцы на дыст. 10 000 м, сярэбраны прызёр (1985, Бельгія) на байдарцы-чацвёрцы на дыст. 1000 м. Сярэбраны прызёр IX Спартакіяды народаў СССР (1986, Масква) на байдарцы-двойцы на дыст. 1000 м. Чэмпіён СССР на байдарцы-чацвёрцы (1985, Масква — на дыст. 500, 1000, 10 000 м; 1987, Масква — на дыст. 500 м; 1989, Масква — на дыст. 10 000 м; 1990, Масква — на дыст. 10 000 м; 1991, г. Растоў-на-Доне — на дыст. 10 000 м); сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1988, Масква) на байдарцы-двойцы на дыст. 1000 м.

А.​А.​Дубовік.

А.М.Мызгін.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНЕ́ЙСКІ Анатоль Іосіфавіч (н. 6.3.1968, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на каноэ). Засл. майстар спорту Беларусі (1999). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1991). У 1993—99 спартсмен-інструктар Спорткамітэта Узбр. Сіл Беларусі. З 1999 на службе ў падраздзяленнях МУС. Чэмпіён свету (1997, г. Галіфакс, Канада) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; сярэбраны прызёр (1998, г. Сегед, Венгрыя) на той жа дыстанцыі. Уладальнік Кубка свету (1997, г. Познань, Польшча — на каноэ-чацвёрцы і 1998 там жа — на каноэ-двойцы) на дыст. 200 м. Сярэбраны прызёр Кубка свету (1995, г. Познань — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 1000 м; 1997, г. Сегед — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; 1999, г. Мехелен, Бельгія — на каноэ-двойцы на дыст. 200 м); бронз. прызёр (1998, г. Дуйсбург, Германія) на каноэ-двойцы на дыст. 200 м. Чэмпіён СССР (1988, г. Растоў-на-Доне, Расія; 1989; г. Саратаў, Расія; 1991, г. Архей, Малдова) на каноэ-адзіночцы ў эстафеце 4 × 500 м; сярэбраны прызёр (1990, Масква) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 500 і 1000 м. 46-разовы чэмпіён Беларусі (1987—2001).

А.​А.​Дубовік.

А.І.Рэнейскі.

т. 18, кн. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЫНАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (н. 28.5.1971, г. Варкуга, Расія),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту Беларусі (1997). З 1987 спартсмен-інструктар Мін-ва спорту і турызму Беларусі. Чэмпіён свету (1989, г. Галіфакс, Канада) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 500 і 1000 м. Чэмпіён свету (1997, Галіфакс) на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м. Чэмпіён Еўропы (1988, Берлін) на каноэ-двойцы (з В.​Захаравым, Беларусь) да дыст. 500 м і сярэбраны прызёр на каноэ-двойцы на дыст. 1000 м. Сярэбраны прызёр этапаў Кубка свету ў 1997 (г. Сегед, Венгрыя — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 200 м; Познань, Польшча — на каноэ-чацвёрцы на дыст. 500 і 1000 м). Бронз. прызёр этапаў Кубка свету ў 2003 (Познань — на каноэ-двойцы, з І.​Скавародкіным, Беларусь, на дыст. 200 м; г. Заграб — на каноэ-двойцы на дыст. 200 і 500 м).

А.​А.​Дубовік.

т. 18, кн. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ДРЫКСАН (Fredriksson) Герт Фрыдальф (н. 21.11.1919, г. Іёнчэпінг, Швецыя),

шведскі спартсмен (веславанне на байдарках). Чэмпіён XIV, XV, XVI і XVII Алімп. гульняў (на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 1000 м — у 1948, Лондан; 1952, Хельсінкі; 1956, г. Мельбурн, Аўстралія; на адзіночцы на дыстанцыі 10 тыс. м — у 1948, 1956; на двойцы на дыстанцыі 1000 м — у 1960, Рым); сярэбраны (1952) на адзіночцы на дыстанцыі 10 тыс. м і бронз. (1960) прызёр на адзіночцы на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету на адзіночцы (1948 — на дыстанцыі 1000 м і ў эстафеце 4×500 м; 1950—1000 м; 1954—500, 1000 м, 4×500 м), сярэбраны (1950 — 4×500 м; 1958 — 500 м) і бронз. прызёр (1958—1000 м, 4×500 м).

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧО́Ў Мікалай Сцяпанавіч (н. 15.5.1948, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1972). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1972 на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 1000 м, свету (1974) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 10 000 м; бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету (1971) і Еўропы (1975) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 10 000 м. Чэмпіён СССР на байдарцы—чацвёрцы на дыстанцыях 10 000 м (1968, 1974—75), 1000 м (1973—74), на байдарцы-двойцы (1000 м — 1970, 1972), Спартакіяды народаў СССР на байдарцы-чацвёрцы (1000 м — 1971).

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

дадатная тэктанічная структура на Пд Рускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр. ПдЗ еўрап. ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗ Аршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і Пд Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэктагенезу (гл. ў арт. Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНА́ЕВА (дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),

расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў пры Дзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.​Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.​Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.​Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ РАЎНІ́НЫ (Great Plains),

перадгорныя плато на У Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Выш. ад 500 м на У да 1700 м на З. Працягласць з ПнЗ на Пд і ПдУ каля 3600 км, шыр. 500—800 км. Сфарміраваны на дакембрыйскім крышт. фундаменце Паўн.-Амерыканскай платформы, перакрытай тоўшчамі вапнякоў і лёсападобных суглінкаў. Уступы падзяляюць Вялікія раўніны на адасобленыя ўчасткі — плато: Эдуардс, плато Льяна-Эстакада, Высокія раўніны, Місуры.

Вялікія раўніны месцамі моцна расчлянёныя сеткай яроў, трапляюцца ўчасткі бедленду, на Пд — карст. Радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага і бурага вугалю, лігнітаў, поліметалаў, калійных солей. Клімат кантынентальны, на Пн умераны, на Пд субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. -28 °C на Пн і 12 °C на Пд, ліп. адпаведна 13 °C і 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 500 мм да 250 і з Пн на Пд ад 600 мм да 300 мм. Вял. рэкі: Місуры, Плат, Арканзас, Каларада, Пекас. Глебы пераважна каштанавыя, на Пн ад 51° паўн. ш. чарназёмныя, шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя; на крайнім Пд карычневыя і шэра-карычневыя. Пашырана стэпавая расліннасць, на Пн — лесастэп; на Пд — участкі саваннаў. Пашавая жывёлагадоўля. Земляробства: пасевы бавоўніку, бульбы, цукр. буракоў, кармавых траў.

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),

паўвостраў на З Паўн. Амерыкі, у Мексіцы. Абмываецца Ціхім ак. на З і яго Каліфарнійскім залівам на У. Даўж. 1200 км, шыр. 50—250 км. Пл. 144 тыс. км². Берагі абрывістыя, асабліва на У, на З — месцамі лагуннага тыпу. На Пд шмат прыбярэжных астравоў і бухтаў. На У адасобленыя вулканічныя і крышт. масівы, пераважныя выш. 500—1500 м, найб. 3078 м (г. Ла-Энкантада). На З — ступеньчатыя пласкагор’і выш. 1000—1500 м, прыморскія нізіны і кароткі хр. Сьера-Віскайна. Клімат субтрапічны на Пн і трапічны на Пд. Ападкаў менш за 250 мм за год на ўсёй тэрыторыі. На ўзбярэжжы частыя туманы. Расліннасць пустынная і паўпустынная (хмызняк, кактусы, агавы, юкі), у гарах месцамі лясы. Нац. парк Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр. Арашальнае земляробства і пладаводства. Пашавая жывёлагадоўля. Рыбалоўства.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,

сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.

Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал. ліст., у бас. р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас. Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)