ДАБУЛЯ́ВІЧУС ((Dobulavičus) Андрус) (19.7.1896, б. маёнтак Паравеяй, Біржайскі р-н, Літва — 20.6.1938),

літоўскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Маскве ў Камуніст. ін-це нац. меншасцей Захаду (1922—25), Акадэміі камуніст. выхавання (1929—31), потым у Ін-це чырв. прафесуры. З 1927 жыў і працаваў у Беларусі. З 1935 у Мінску. У 1935 арыштаваны і беспадстаўна прыгавораны да 5 гадоў зняволення, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Аўтар зб. вершаў «Мая радзіма» (1936, Мінск, на літ. мове). Лірыцы Дабулявічуса ўласцівы песеннасць, пошукі новых выяўл. сродкаў. У нарысах узнімаў бел. тэматыку.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ІТАЛЬЯ́НСКІ ДАГАВО́Р 1939, «Пакт аб саюзе паміж Італіяй і Германіяй» («Стальны пакт»). Падпісаны 22 мая ў Берліне міністрамі замежных спраў нацысцкай Германіі (І.​Рыбентроп) і фаш. Італіі (Г.​Чыяна) тэрмінам на 10 гадоў. Аформіў ваен. супрацоўніцтва фаш. дзяржаў (прадугледжваў іх абавязкі аб узаемадапамозе і саюзе ў выпадку ваен. дзеянняў, абавязваў не заключаць перамір’я і міру без поўнай згоды бакоў і інш.). Дагавор стаў адным з элементаў ваен.-дыпламат. падрыхтоўкі 2-й сусв. вайны, у якую Італія ўступіла на баку Германіі ў чэрв. 1940. Дагавор ануляваны ў выніку ваен. паражэння абедзвюх фаш. дзяржаў (1945).

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРБА́ (Янка) (сапр. Івашын Іван Якаўлевіч; 30.4.1881, в. Купніна, цяпер у межах г. Чашнікі Віцебскай вобл. — 7.1.1964),

бел. паэт. Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1909). Настаўнічаў на Украіне і ў Беларусі. З 1902 друкаваў этнагр. нарысы ў газ. «Витебские губернские ведомости». Першы верш на бел. мове «На беразе Дзвіны» апубл. ў 1909 у «Нашай ніве». У лепшых вершах зб. «Заранкі» (1924), «Ясныя шляхі» (1959) — лірызм, нар.-песенныя матывы, некаторыя залішне рацыяналістычныя. Для дзяцей напісаў кнігі «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959).

Тв.:

Вершы. Мн., 1970;

Роднае. Мн., 1980;

Мая песня. Мн., 1984.

Я.Журба.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎНЕЎ (Рурык) (сапр. Кавалёў Міхаіл Аляксандравіч; 23.2.1891, Тбілісі — 20.2.1981),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). Друкаваўся з 1909 Першы зб. «Самаспаленне» (кн. 1, 1913). Разам з С.​Ясеніным, А.​Марынгофам і інш. ўваходзіў у групу імажыністаў (зб. паэзіі «Сонца ў труне», 1921). Аўтар зб-каў вершаў «Золата смерці» (1916), «Мая краіна» (1943), «Памяць і час» (1969), «Цёплыя лісты» (1978), вершаў і ўспамінаў «Часы і галасы» (1978). Раманы «Няшчасны анёл» (1917), дылогія «Каханне без кахання» (1925) і «Адкрыты дом» (1927), «Герой рамана» (1928).

Тв.:

Избранное, 1907—1981. М., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ФЛАНД ((Iffland) Аўгуст Вільгельм) (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),

нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІН (Мікалай Арцёмавіч) (10.5.1937, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1974),

бел. кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1958—60 і з 1967 на кінастудыі «Беларусьфільм» Гал. месца ў творчасці займалі фільмы героіка-рамант. плана. Рэжысёр маст. фільмаў «Ствары бой» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1972), тэлевізійных «Камлючок» (1968), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972), «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974). У 1965—67 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі паставіў спектаклі «Справа Даўбмана» («Герой Фатэрланда») Л.​Кручкоўскага і «Мая старэйшая сястра» А.​Валодзіна (1965), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.​Губарэвіча (1968).

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІЛЬ-КАМА́Л (сапр. Гаджыеў Камал Гамза аглы; н. 5.2.1954, в. Касумла Марнеульскага р-на, Грузія),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Бакінскім маст. вучылішчы (1977—81), Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1981—83), у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1984—90) у Г.Вашчанкі і М.Данцыга. Творы вылучаюцца пранікнёным рамантызмам: «Прыгажуня» (1990), «Маленькая фея» (1991), «Асірыя», «Лёс любімага горада» (абодва 1992), «Над калыскай вечнасці» (1995), «Вечнасць» (1996), «Мая Радзіма» (1997), «Цар-самотнік» (1998). Працуе ў манум. жывапісе, аўтар шэрагу размалёвак у Мінску і Друскінінкаі (Літва).

В.​Я.​Буйвал.

Каміль-Камал. Прыгажуня. З нізкі «Усход». 1990.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́ЛІН (Ілья Пятровіч) (2.8.1900, в. Паўлаўская Істрынскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.6.1976),

расійскі рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1968). З 1950 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (праф. з 1964). У дакумент. кіно з 1920-х г. Асн. стужкі прысвечаны падзеям сав. часу: «За ўраджай» (1929), «Ленін» (1938, з І.​Сеткінай), «На Дунаі» (1940, з І.​Пасельскім), «Разгром нямецкіх войск пад Масквой» (1942, з Л.​Варламавым, прэмія «Оскар» 1943), «Вызваленая Чэхаславакія» (1946), «Дзень краіны, якая перамагла» (1947), «Абнаўленне зямлі» (1950), «Старонкі бессмяротнасці» (1965), «Краіна мая» (1967) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1949, 1951.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЦЬ,

рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл. бас. 94,2 тыс. км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр.пач. ліст. да канца крас.пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́ЕВА (Мая) (Мамаджан; н. 1920, аул Безмеін Ашгабацкага р-на, Туркменістан),

туркменская спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. СССР (1955). У 1938—41 вучылася на туркм. аддзяленні Маскоўскай кансерваторыі. З 1941 салістка Туркменскага т-ра оперы і балета. Першая выканала на туркм. сцэне шэраг партый еўрап. опернага рэпертуару: Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.​Пучыні). Сярод партый нац. рэпертуару: Айна, Шасенем («Айна», «Шасенем і Гарыб» А.​Шапашнікава і Д.​Авезава), Лейлі («Лейлі і Меджнун» Ю.​Мейтуса і Авезава).

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)