КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх.збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх.збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.
Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.
На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).
Літ.:
Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;
Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАВО́Д,
комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНА-ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў 1957 у Мінску на базе аддзела буд-ва і архітэктуры АН Беларусі (з 1954) як НДІбуд-ва і архітэктуры. У 1987—95 НДІ будаўніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: архітэктура і новыя канструкцыі шматпавярховых каркасных будынкаў масавага прызначэння з выкарыстаннем традыц. зборных вырабаў; архітэктурна-канструкцыйныя і тэхнал. праблемы рэканструкцыі жылых і грамадскіх будынкаў, інж.збудаванняў; сучасныя канструкцыі і тэхналогіі будовы падмуркаў, інж. камунікацый; беспрагрэўная тэхналогія вытв-сці зборнага і маналітнага бетону і жалезабетону; малапавярховае і індывід. энергаэфектыўнае жыллё хуткага буд-ва з выкарыстаннем мясцовых і інш. сучасных матэрыялаў і канструкцый; сучасныя сістэмы ацяплення і цеплавая ізаляцыя будынкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне водакарыстання. Зацверджаны Вярх. Саветам Беларусі 27.12.1972, уведзены ў дзеянне з 1.7.1973. Складаецца з 5 раздзелаў. Вызначае задачы воднага заканадаўства рэспублікі ў рэгуляванні водных адносін, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на воды, парадак кантролю за выкарыстаннем і аховай вод, умовы размяшчэння, будаўніцтва і эксплуатацыі прадпрыемстваў і збудаванняў, што ўплываюць на становішча вод. Вызначае кола водакарыстальнікаў, іх правы і абавязкі, аб’екты і віды водакарыстання, мерапрыемствы па ахове вод, рэгламентуе парадак дзярж. ўліку вод і іх выкарыстання, вядзенне воднага кадастра і інш. Вызначае крымін., адм. і матэрыяльную адказнасць за парушэнне воднага заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАДЖА́-ХЮЮ́К (Alaca Hüyük),
узгорак недалёка ад г.Багазкёй на ПнЦэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш.збудаванняў.
Да арт.Аладжа-Хююк. Штандар з царскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від і метад навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні археалагічных помнікаў на аснове выяўленых знаходак. Праводзіцца паводле дазволу (адкрытага ліста). Пры археалагічнай разведцы на Беларусі асаблівая ўвага звяртаецца на абследаванне берагоў старыц і тарфяных масіваў, якія ў мінулым былі вадаёмамі. Асаблівы плён дае абследаванне зямель, якія разворваюцца, дзе лёгка прасочваюцца стараж. могільнікі і жытлы. Выкарыстоўваюць таксама авіяразведку, якая дае магчымасць выявіць малапрыкметныя з зямлі помнікі, з дапамогай электрапошуку атрымліваюць даныя пра рэшткі стараж.збудаванняў пад зямлёй. Знойдзеныя археал. помнікі наносяць на карту, апісваюць, робяць чарцяжы, фотаздымкі. Па сабраных знаходках вызначаюць папярэдняе датаванне помніка, яго прыналежнасць да пэўнай археалагічнай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
кірунак навуковай і праектна-канструктарскай дзейнасці, які заключаецца ў вывучэнні і практычным выкарыстанні законаў, заканамернасцяў і прынцыпаў прыроды для стварэння новых прыёмаў арх. арганізацыі прасторы, новых канструкцый і матэрыялаў. Садзейнічае лепшай функцыян. арганізацыі аб’ектаў, павышэнню нясучай здольнасці канструкцый, зніжэнню вагі збудаванняўі г.д. Прыклады выкарыстання біёнікі архітэктурнай — сучасныя танкасценныя абалонкі пакрыццяў, якія нагадваюць кветку (арх. Ф.Кандэла), пнеўматычныя канструкцыі, рабрыстыя пакрыцці і скляпенні (арх. П.Л.Нерві), эксперым. праекты гарадоў і мастоў (арх. П.Саляры), пабудовы арх. Ф.Л.Райта, Р.Б.Фулера.
Літ.:
Лебедев Ю.С. Архитектура и бионика. М., 1977.
Да арт.Біёніка архітэктурная. Геадэзічны купал у Сент-Луісе (ЗША). Арх. Р.Б.Фулер. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАНА́Л (кіт.Даюньхэ),
суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,
тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́Ж (франц. garage ад garer ставіць пад навес, схаваць),
памяшканне (або комплекс збудаванняў) для захоўвання, тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Адрозніваюць гаражы для грузавых, легкавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, а таксама мяшаныя. Гаражы бываюць наземныя, паўпадземныя і падземныя; адно- і шматпавярховыя, у т. л. гаражы-этажэркі (без абмежавальных сцен). Расстаноўка аўтамабіляў тупіковая і праматочная; адна- і шматрадная. Спец. гаражы выкарыстоўваюць для захоўвання трактароў і інш. самаходных машын.