ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,

раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).

Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш. Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.

Літ.:

Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ГУРТО́К МО́ЛАДЗІ ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЙ І МАЛАРУ́СКАЙ (Kolo młodzieży polskiej),

маладзёжная арг-цыя выхадцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны ў С.-Пецярбургу ў 1889—93. Аб’ядноўвала пераважна студэнтаў тэхнал. ін-та; усяго каля 25 чал., з якіх выбіраліся старшыня і касір. Старшынямі ў розны час былі К.​Дабкевіч, І.​Вілейшыс, М.​Дамашэвіч, з крас. 1893 бел. паэт-дэмакрат А.Гурыновіч. У сваёй працы гурток эвалюцыяніраваў ад легальнай асветніцкай дзейнасці сярод рабочых да паліт. дзейнасці (прапаганда ў рабочых гуртках рэв. ідэй, кантакты з с.-д. арг-цыямі, спробы наладзіць сувязь з групай «Вызваленне працы», захады па набыцці рэв. л-ры і інш.). Спыніў існаванне пасля арышту, пачынаючы з чэрв. 1893, актыву. 3 чал. адміністрацыйна прыгавораны (без суда) да турэмнага зняволення; Гурыновіч у час папярэдняга зняволення цяжка захварэў і быў адпраўлены пад нагляд паліцыі ў фальварак бацькоў (Віленская губ.), дзе неўзабаве памёр.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.

П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.

2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.

3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв. гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ АБАРО́Т прамысловага прадпрыемства,

сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЗАМА́С»,

літаратурны гурток у Пецярбургу ў 1815—18. Удзельнікі В.​Жукоўскі, К.​Бацюшкаў, П.​Вяземскі, В.​Пушкін, А.​Пушкін, А.​Тургенеў і інш. «Арзамасцы» былі прыхільнікамі моўнай рэформы М.​Карамзіна (выступалі за набліжэнне паэт. мовы да народнай), імкнуліся да стварэння новых маст. формаў у л-ры, адмаўлялі састарэлыя каноны класіцызму. Выступалі з крытыкай дзейнасці прыхільнікаў «Гуртка аматараў рускага слова».

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ МЯСНО́Й І МАЛО́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ (Белдзіпрамясамалпрам) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1972 як Мінскі філіял Ленінградскага ін-та па праектаванні прадпрыемстваў мясной і малочнай прам-сці. З 1986 — Белдзіпрамясамалпрам. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне новых і рэканструкцыя дзеючых прадпрыемстваў мясной і малочнай прам-сці, распрацоўка схем развіцця прадпрыемстваў галіны і інш.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЭГРА́ДСКАЯ ГРУ́ПА»,

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Еўропы. Утворана ў 1990 па ініцыятыве прэзідэнта Чэхаславакіі В.Гавела. Аформілася ў выніку падпісання 15.2.1991 у г. Вішэград (Венгрыя) кіраўнікамі Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі «Дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў імкненні да еўрапейскай інтэграцыі». Уваходзяць 4 дзяржавы: Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія (да 1993 адзіная Чэхаславакія). Мэта: каардынацыя паліт. і эканам. дзейнасці краін-удзельніц.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ КПСС»,

навукова-палітычны часопіс, орган Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Выдаваўся ў 1957—91 у Маскве на рус. мове. Да 1963 выходзіў 6 разоў на год, пасля штомесяц. Друкаваў успаміны пра У.​І.​Леніна і яго паплечнікаў, асвятляў пытанні гісторыі КПСС і міжнар. камуніст. руху, кіруючай дзейнасці партыі, парт. будаўніцтва і інш.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)