А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),
дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.
т. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ НІ́КАР,
балота на ПнЗ Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы канала Нараўка (зарэгуляваны прыток р. Нараў). Нізіннага тыпу. Пл. 7,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,7 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,3 м. Частка балота ў межах Белавежскай пушчы. На тэр. пушчы балота не асушана, пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі, месцамі драбналессе з хвоі, вольхі і бярозы. Сярод балота адзіны на Беларусі ўчастак лесу з белай піхты. Астатняя ч. асушана, пад ворывам і сенажаццю.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя збудаванні 1-га — пач. 2-га тыс., цалкам складзеныя з камянёў і зямлі. Пашыраны ў Верхнім і Сярэднім Панямонні, сярэднім цячэнні Зах. Буга. Маюць круглую форму, дыяметр 6—20 м, вышыню 0,5—0,8 м. Большасць даследчыкаў лічыць іх помнікамі заходнябалцкіх (яцвяжскіх) плямён. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне. Пры раскопках знойдзены розныя побытавыя рэчы, зброя і ўпрыгожанні. У К.к. 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і славянскіх тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён.
т. 7, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПА́ТРЫІ (ад санскр. кшатра — улада),
раджаны, раджанья, саслоўе (варна) у Стараж. Індыі. Варна К. склалася на рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў плямёнах арыяў (гл. Арыйцы) у ходзе заваявання імі Індыі і фарміравання класавага грамадства. У стараж.-інд. дзяржавах складалі ваен.-плем. арыстакратыю, займалі пануючае паліт. і эканам. становішча. К. былі кіраўнікамі дзяржаў, службовымі асобамі, рабаўладальніцкай знаццю, воінамі. Да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. перасталі вызначаць склад кіруючага класа, паняцце К. захавалася толькі як традыц. ўяўленне.
т. 9, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІ (Павел Яўгенавіч) (23.7.1899, Гродзенская вобл. — 8.4.1974),
расійскі вучоны-медык. Акад. АМН СССР (1963). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1923), працаваў у ім. З 1941 праф. 1-га Маскоўскага, Чэлябінскага, з 1949 заг. кафедры 2-га Маскоўскага мед. ін-таў. Навук. працы па этыялогіі гіпертанічнай хваробы, атэрасклерозу і інш. сардэчна-сасудзістых хваробах. Дзярж. прэмія СССР 1969.
Тв.:
Электрокардиограмма при заболеваниях миокарда. М., 1943;
Инфаркт миокарда // Многотомное руководство по внутренним болезням. М., 1964. Т. 2.
т. 9, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЖА,
рака ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Морач (бас. р. Прыпяць). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 319 км². Пачынаецца за 3 км на У ад г. Капыль, цячэ праз горад (на рацэ і ўпадаючым у яе ручаі ў межах горада створаны сажалкі пл. 22 га і 11 га), у межах Капыльскай грады і па Клецкай раўніне. Даліна скрынкападобная, месцамі трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая. Шыр. рэчышча 2—5 м. На рацэ створана Цімкавіцкае вадасховішча.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг. сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.
В.Л.Насевіч.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ, ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ І БРА́ЦЛАЎСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—96. Створана на землях, далучаных у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Уключала Мінскую губерню, Ізяслаўскую і Брацлаўскую губ. (паўн.-зах. Украіна). Гал. задачай адміністрацыі былі ўвядзенне рас. грамадзянскага праўлення. На тэр. ген.-губернатарства была ўтворана Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская правасл. епархія (гл. Мінская праваслаўная епархія). Скасавана ў сувязі з новым адм.-тэр. упарадкаваннем пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
А.М.Філатава.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́ХЕЛЬ»
(«Michel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў імя Шчорса, імя Дзімітрова, імя Варашылава і мясц. насельніцтва ў Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл. 30.8—4.9.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 11-га і 15-га паліцэйскіх палкоў, 2 матарызаваных узводаў жандармерыі, узвода процітанк. гармат. Партызаны нанеслі ўдары па варожых флангах і тыле, потым без страт адышлі ў суседнія лясы. 4.9.1942 карнікі атрымалі загад на правядзенне новай аперацыі «Трохвугольнік».
т. 10, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)