БУБНО́ЎСКІ (Вацлаў Аляксандравіч) (15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),
бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.Яблонскага і А.Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.
Літ.:
Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІКАЛЬЦЫ́Т,
дробназярністая метамарфізаваная горная парода, якая складаецца з кальцыту і хрызатылу і звычайна мае гнёзды, плямы і жылы высакароднага серпенціну (гл.Змеявік). Колер жоўты, зеленаваты, блакітны і інш. са шматлікімі жылкамі і ўзорамі. Утвараецца пераважна ў выніку кантактавага метамарфізму даламітавых парод. У паліраваным выглядзе выкарыстоўваецца для ўнутранага аздаблення будынкаў і розных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДО́РА-ЛА-ВЕ́ЛА (Andorra la Vella),
Андора, горад, сталіца Андоры. 20 тыс.ж. (1990). У Пірэнеях, самая высакагорная сталіца ў Еўропе (1055 м над узр. м.), размешчана ў даліне р. Валіра. Вытв-сць тытунёвых вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспартны пункт на аўтамагістралі, якая злучае Іспанію і Францыю. Помнік архітэктуры «Дом Далін» (1580) — рэзідэнцыя ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ СЫРАРО́БНЫ КАМБІНА́Т.
Створаны ў 1944 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. як малочны з-д. З 1986 камбінат, з 1994 адкрытае акц.т-ва. Дзейнічаюць маслацэх, цэхі плаўленых сыроў, па вырабе натуральна-малочнай і нятлустай прадукцыі, сухой малочнай прадукцыі, вырабаў з немалочнай сыравіны. Асн. прадукцыя (1996): масла сметанковае, сыры тлустыя, натуральна-малочная прадукцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІЯНТЭ́П (Gaziantep),
горад на ПдУ Турцыі. Адм. ц. іля Газіянтэп. 603,4 тыс.ж. (1990). Чыг. ст. на лініі, якая ідзе ў Сірыю і Ірак. Аэрапорт. Машынабудаванне і дрэваапрацоўка. Вытв-сць цэменту, тэкст. і гарбарных вырабаў; спіртагарэлачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Гандаль с.-г. прадукцыяй. Медрэсе сельджукскага перыяду (11—12 ст., цяпер археал. музей), руіны сярэдневяковай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́ЛІЯР,
горад на Пн Індыі, штат Мадх’я-Прадэш. Каля 700 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: баваўняная, хім., гарбарна-абутковая, тэкст., аўтамабіле- і машынабудаванне; саматужная вытв-сць тканін, дываноў, ювелірных і метал.вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. Помнікі 11—16 ст.: храмы, палацы, скальныя пячоры з манум. статуямі 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРААПАРАТУ́РА».
Пачаў сваю дзейнасць ў 1946 з завода прамысл. кааперацыі «Штамп» па выпуску гасп. посуду і электрапрыбораў. З 1956 — з-д металабытавых вырабаў. З 1958 — сучасная назва. Асн. прадукцыя: нізкавольтная апаратура (пускальнікі электрамагнітныя, прылады ахоўнага адключэння, кантактары, цеплавыя рэле) і быт. тэхніка (разеткі, выключальнікі, падаўжальнікі, электрапрасы, электрапліткі; смажыльныя шафы, электраміксеры, электрабігудзі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБА́ЎЛЕНАЯ ВА́РТАСЦЬ,
частка прыросту вартасці; вартасць прададзенага прадукту за вылікам вартасці вырабаў (матэрыялаў), што куплены і выкарыстаны для яго вытв-сці. Дабаўленая вартасць роўная выручцы, якая ўключае заработную плату з адлічэннямі на сац. страхаванне, арэндную плату, рэнту, банкаўскі працэнт, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, расходы на рэкламу і інш. У многіх высокаразвітых краінах служаць асновай ускоснага падаткаабкладання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРСІФІКА́ЦЫЯ (лац. diversilicatio ад diversus розны + facio раблю),
разнастайнасць, рознабаковасць у развіцці. Д. ў эканоміцы — размеркаванне інвеставаных або пазычаных грашовых капіталаў паміж рознымі аб’ектамі ўкладанняў з мэтай змяншэння рызыкі магчымых страт капіталу або даходаў ад яго. Д. вытворчасці — адначасовае развіццё многіх, не звязаных адзін з адным відаў вытв-сці, расшырэнне асартыменту вырабаў.