вадасховішча на ПдЗ Аргенціны. Створана на р. Неўкен у 1969—71. Пл. 607 км², аб’ём вады 43,4 км³, даўж. 55 км. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і ірыгацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ АБ’Е́КТЫ,
месца пастаяннага намнажэння вады на Зямлі. Падзяляюцца на вадаёмы (акіяны, моры, азёры, вадасховішчы, сажалкі) і вадацёкі (рэкі, ручаі, каналы). Да водных аб’ектаў належаць таксама ледавікі і падземныя воды. Вывучае гідралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НГЕРА РАСТВО́Р,
збалансаваны салявы раствор, блізкі паводле саставу і канцэнтрацыі іонаў да марской вады; адзін з фізіялагічных раствораў. Прапанаваны англ. фізіёлагам С.Рынгерам (1882). Выкарыстоўваецца, напр., як кровазаменнік у эксперыментах на жывёлах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАМЮ́РА ШКАЛА́,
адна з тэмпературных шкал, у якой адзін градус роўны 1/80 частцы інтэрвалу паміж пунктамі плаўлення лёду і кіпення вады пры нармальным ціску. Прапанавана Р.А.Рэамюрам (1830). 1 °R = 1,25 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРА́ІНА,
паласа адкрытай вады паміж ледзяным покрывам і берагам. Утвараецца на рэках перад крыгаломам, а на морах і азёрах пры адрыве прыпаю ад берага пад уздзеяннем ветру, цячэнняў або ў выніку скразнога раставання лёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ПОРТ,
участак берага ракі і прылеглай воднай плошчы (акваторыі), ахаваны ад хваль і абсталяваны для стаянкі і абслугоўвання суднаў. Будуюцца на рэках з ваганнем узроўню вады больш за 15 м. Гл. таксама Порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДА́ННЕ,
стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЯ́ЛЬНІК,
тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗЗВАРО́ТНАЕ ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,
у вузкім сэнсе — забор водаў без вяртання іх у натуральныя крыніцы водаспажывання; у шырокім сэнсе — спажыванне вады з воднага аб’екта або сістэмы водазабеспячэння, пры якім частка яе страчваецца. Беззваротныя страты вады ў быт. мэтах, сельскай гаспадарцы, прам-сці падзяляюцца на неабходныя (напр., уваходзяць у склад прадукту: пры вырабе буд. матэрыялаў для прыгатавання рабочых раствораў, у гальванічных і электролізных ваннах у металургіі) і неапраўданыя (уцечка ў трубаправодах, каналах, натуральнае выпарэнне з паверхні сажалак-ахаладжальнікаў, адстойнікаў, вадасховішчаў). Некантралюемае беззваротнае водаспажыванне вядзе да абмялення і вычарпання вадаёмаў, з якіх забіраюць ваду, зменьвае іх біятычныя ўмовы. Пры замкнёным цыкле водаспажывання і безадходных тэхналогіях беззваротнае водаспажыванне не аказвае адмоўнага ўздзеяння на стан водных крыніц.