ЛАКАМАТЫ́Ў (франц. locomotive ад лац. loco moveo зрушваю з месца),
самаходная цягавая машына для перамяшчэння па рэйкавым пуці цягнікоў або асобных вагонаў; частка чыг.рухомага саставу.
Бываюць з эл. рухавіком (электравоз), дызелем (цеплавоз, матавоз), газавай турбінай (газатурбавоз), паравой машынай (паравоз) і камбінаваныя (напр., дызель-электравоз). Функцыі Л. выконваюць таксама маторныя вагоны ў складзе дызель-паяздоў, аўтаматрысы. Адрозніваюць Л. магістральныя, манеўровыя, прамысловыя, у т. л. тыя, што працуюць на кар’ерах, у рудніках, на ўнутрызаводскіх пуцях і інш.
Лакаматывы: 1 — першы лакаматыў (створаны англійскім вынаходнікам Р.Трэвіцікам у 1804); 2 — «лакамашына» (першы Паравоз на дзяржаўнай чыгунцы Англіі, пабудаваны ў 1825); 3 — пасажырскі паравоз (1915, Расія); 4 — цеплавоз ТЭ-3 (СССР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ СПРА́ВА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася з 19.6 да 27.11.1926 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень замест закрытай газ.«Беларуская справа». Выдавец П.Мятла. Крытыкавала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, пісала пра стварэнне новых арг-цый, правядзенне павятовых з’ездаў БСРГ, пра эканам. і паліт. становішча ў БССР і інш. Падрабязна інфармавала насельніцтва Зах. Беларусі пра забастоўку вуглякопаў Англіі. Друкавала творы Цёткі, М.Васілька, А.Салагуба, П.Пестрака, Улад-Ініцкага, Я.Маланкі і інш., артыкулы пра Цётку і Я.Коласа. Адзначыла 20-годдзе выхаду газет «Наша доля» і «Наша ніва». Выйшла 39 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬ, Піл (Peel) Роберт (5.2.1788, г. Беры, Вялікабрытанія —2.7.1850), брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1809 дэп. палаты абшчын ад партыі торы. У 1812—18 міністр па справах Ірландыі. У 1822—27 і 1828—30 міністр унутр. спраў. Ініцыіраваў прыняцце брыт. парламентам актаў па змякчэнні крымін. права (смяротнае пакаранне больш чым за 100 відаў злачынстваў замянялася інш. пакараннем) і турэмнага рэжыму, заснаваў у Лондане рэгулярную паліцыю (1829; ад скарочанага яго імя паходзіць мянушка канстэбляў — Бобі). У 1834—35 і 1841—46 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1846 ва ўмовах неўраджаю ў Англіі і Ірландыі дамогся прыняцця парламентам акта аб адмене «хлебных законаў», што прывяло да расколу партыі торы і адстаўкі П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ТЭРЫ (англ. setter ад set рабіць стойку),
пароды паляўнічых сабак-выжлаў. Выкарыстоўваюць для палявання на птушак.
Канстытуцыя моцная, сухая. Вядомы 3 пароды С.: англійскі (рабы або лаверак), выведзены ў Англіі; выш. ў карку 52—65 см, поўсць густая, бліскучая, доўгая, белая з чорнымі, рыжымі або карычневымі плямамі; ірландскі (чырвоны). выведзены ў Ірландыі; выш. ў карку 54—65 см, поўсць густая, сярэдняй даўжыні, цёмна-чырв.-рыжая; шатландскі (гардон), выведзены ў Шатландыі: выш. ў карку 58—67 см, поўсць гладкая або хвалістая, чорная з бліскучым адценнем, з яркімі рыжа-чырв. падпалінамі. Маюць добры нюх і прыроджаную здольнасць рабіць стойку перад затоенай дзічынай. Тып паводзін ураўнаважаны, рухомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВЫ ПАЯДЫ́НАК,
у сярэдневяковым судовым працэсе спосаб вырашэння спрэчак шляхам узбр. барацьбы спрэчных бакоў.’ Рэгламентаваны Бургундскай і Рыпуарскай праўдамі (гл.Варварскія праўды), Саксонскім зярцалам і інш. тагачаснымі юрыд. крыніцамі. На Русі ў 13—16 ст. С.п. меў назву «поле». С.п. звычайна назначаўся паміж: спрачальнікамі; спрачальнікам і сведкам, чые паказанні спрачальнік лічыў ілжывымі; спрачальнікам і суддзёй, які, на думку першага, вынес несправядлівы прысуд. Саслоўныя адрозненні вызначалі выбар зброі: знатныя змагаліся на мячах, простыя людзі — на дубінках. Лічылася, што прайграў працэс той, хто першы ўпусціў зброю, або чыя кроў пралілася раней. Першыя абмежаванні С.п. былі ўведзены ў Англіі ў 12 ст., аднак перажыткі яго існавалі ў Еўропе амаль да 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЙПАЛ (Naipaul) Відзьядхар Сураджпрасад (н. 17.8.1932, каля г. Порт-оф-Спейн),
трынідадскі пісьменнік індыйскага паходжання. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1950 жыве ў Англіі. Піша на англ. мове. У раманах «Таямнічы масажыст» (1957), «Дом для містэра Бісваса» (1961), «Несапраўдныя» (1967), «У свабоднай краіне» (1971), «Герылья» (1975), «Загадка прыбыцця» (1987) і інш. праблемы асіміляцыі імігранта з былой калоніі, культ. маргінала з посткалан. краіны. Яго раманы — сумесь маст. прозы, аўтабіяграфіі, сац. даследавання і рэпартажу; у іх атмасфера элегічнай меланхоліі, адзіноты, песімізму, страхаў і комплексаў, мужнасці і іроніі. Аўтар аўтабіягр. кніг «Дарога ў свет» (1994), «Палова жыцця» (2001), зборнікаў аповесцей і апавяданняў, эсэ, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНСО́ВАЙ І БЕ́ЛАЙ РУ́ЖЫ ВАЙНА,
барацьба за трон у Англіі ў 1455—85 паміж двума адгалінаваннямі каралеўскай дынастыі Плантагенетаў: Ланкастэрамі (у гербе пунсовая ружа) і Йоркамі (у гербе белая ружа). Йоркаў падтрымлівалі новадваранскія элементы, лонданскае купецтва і больш развітыя паўд.-ўсх. раёны краіны; апорай Ланкастэраў былі феад. групоўкі пераважна на Пн і З. Незадаволены засіллем ланкастэрцаў герцаг Рычард Йоркскі 21.5.1455 у бітве пры Сент-Олбансе разбіў іх войскі і стаў пратэктарам (правіцелем) пры псіхічнахворым Генрыху VI (гл.Генрых, англ. каралі). У 1459 Ланкастэры аднавілі сваю ўладу. У 1460 йаркісты на чале з графам Уорвікам увайшлі ў Лондан. Рычард Йоркскі заявіў свае правы на трон, аднак 30.12.1460 у бітве пры Уэйкфілдзе быў забіты. Яго сын Эдуард у бітве пры Тоўтане 29.4.1461 разграміў ланкастэрцаў і 28.6.1461 каранаваўся як Эдуард IV. Яго спробы праводзіць самастойную палітыку прывялі да сутыкнення з Уорвікам. У вер. 1470 войскі Уорвіка аднавілі на троне Генрыха VI. Эдуарда IV падтрымаў герцаг Бургундскі. 14.4.1471 у бітве пры Барнеце і 4.5.1471 у бітве пры Цьюксберы ланкастэрцы пацярпелі паражэнне, забіты Уорвік і сын Генрыха VI прынц Уэльскі Эдуард. 21.5.1471 у Таўэры забіты Генрых VI. Пасля смерці Эдуарда IV у 1483 трон перайшоў да яго 12-гадовага сына Эдуарда V. Аднак уладу захапіў яго дзядзька герцаг Глостэр, які 6.7.1483 каранаваўся як Рычард III. Эдуард V і яго брат герцаг Йоркскі былі забіты ў Таўэры. Ланкастэрцы і частка йаркістаў аб’ядналіся і выступілі супраць Рычарда III; 22.8.1485 у бітве каля Босварта ён загінуў. Гэта бітва завяршыла вайну, у якой загінула чвэрць насельніцтва Англіі. Трон перайшоў да далёкага родзіча Ланкастэраў Генрыха VII, які паклаў пачатак дынастыі Цюдараў.
Літ.:
Штокмар В.В. История Англии в средние века. Л., 1973;
Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д., 1997.
рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.Н.Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.
Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял.Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАЛА́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
у дзяржаўным праве наяўнасць у складзе прадстаўнічага органа дзвюх палат — верхняй і ніжняй, якія дзейнічаюць раздзельна. Узнікла ў 13 ст. ў Англіі, парламент якой меў палату лордаў і палату абшчын. У практыцы парламентарызму фарміраванне палат адбываецца па-рознаму: верхняя палата фарміруецца пераважна шляхам назначэння ці спадчынна (палата лордаў у Вялікабрытаніі) або шляхам непрамых выбараў (сенат у Францыі); ніжняя — шляхам прамых выбараў насельніцтвам У Рэспубліцы Беларусь з ліст. 1996 заснаваны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў, якая выбіраецца насельніцтвам на аснове ўсеагульнага выбарчага права, і Савета Рэспублікі — палаты тэр. прадстаўніцтва, члены якога выбіраюцца на мясц. Саветах дэпутатаў (па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска) і прызначаюцца Прэзідэнтам дзяржавы (8 членаў). Гл. таксама Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАДРО́М (ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),
тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).
Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.