марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў павышанай праходнасці рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1963. Прататып — армейскія аўтамабілі «Віліс» і «Форд», якія выпускаліся ў гады 2-й сусв. вайны. Мадэлі поўна- або заднепрывадныя (з магчымасцю далучэння пярэдняга прывода); магутнасць рухавіка да 89—162 кВт, найб. скорасць да 180 км/гадз, аб’ём грузавога адсека 0,35—2,2 м³.
Да арт.«Джып». Грузапасажырскі аўтамабіль «Джып-Чэрокі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,
найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПА́РК,
парк, адметны перавагай вадаёмаў, якія з’яўляюцца базай для арганізацыі водных відаў спорту і адпачынку, кампазіцыйнай асновай арх.-планіровачнай і ландшафтнай арганізацыі. Абавязковыя кампаненты гідрапарку — пляжы з салярыямі, аэрарыямі, спарт. пляцоўкамі. Для яго характэрны ландшафт адкрытых і паўадкрытых прастораў з групавым размяшчэннем насаджэнняў, пароды якіх падбіраюцца з улікам магчымасці вырастання ва ўмовах павышанай вільготнасці. Асаблівая ўвага аддаецца дэкар. афармленню берагавой лініі вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕЦЭ́Й (ад гін... + грэч. oikion хата, жыллё),
рэпрадукцыйная ч. кветкі, сукупнасць усіх пладалісцікаў, якія ўтвараюць адзін або некалькі песцікаў — жаночых органаў кветкі. Гінецэй, складзены з свабодных пладалісцікаў, кожны з якіх утварае песцік, наз. апакарпным (напр., у казяльцу). У працэсе эвалюцыі пладалісцікі зрастаюцца і ўтвараецца цэнакарпны гінецэй. У цэнакарпным адрозніваюць сінкарпны (напр., у лілеяў і цюльпанаў), паракарпны (у маку, агурка, гарбуза) і лізікарпны (напр., у вочнага цвету) гінецэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
частка глебава-біякліматычнага пояса, глебавай зоны або падзоны са спецыфічнымі асаблівасцямі глеб і ўмоў глебаўтварэння, звязанымі з увільгатненнем і тэмпературным рэжымам. Займаюць тэрыторыі, межы якіх праходзяць у шыротным напрамку. Падзяляюцца на глебава-кліматычныя акругі. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучаны Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая глебавыя правінцыі, якія адрозніваюцца глебавым покрывам, геамарфалагічнай будовай, тэмпературным рэжымам. Гл.Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАЗІДА́ЗЫ,
група ферментаў з класа гідралаз, якія разбураюць гліказідную сувязь у малекулах простых гліказідаў, алігацукрыдаў і поліцукрыдаў. Акрамя рэакцыі гідролізу, гліказідазы каталізуюць рэакцыі трансгліказіліравання. Падзяляецца на α-гліказідазы (вельмі пашыраныя ў прыродзе, у т. л. ва ўсіх тканках чалавека) і β-гліказідазы (ёсць у мікраарганізмах, раслінах, малюскаў і тканках чалавека). Парушэнне функцый гліказідаз ляжыць у аснове многіх спадчынных хвароб чалавека (Гашэ хвароба, глікагеноз, Мальбсорбцыі сіндром і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,
трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],
1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.
2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,
працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСПЕРЫ́ДЫ,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі 4 дачкі німфы Гесперы і Атланта, надзеленыя звонкімі галасамі. Жылі ўздоўж ракі Акіян, разам з драконам Ладонам ахоўвалі ў садзе багоў залатыя яблыкі, якіяГея падарыла Геры на яе вяселле з Зеўсам. Геракл забіў дракона і выкраў яблыкі (11-ы подзвіг). На гэты сюжэт карціны Рафаэля, Г. фон Марэ і інш.
Гесперыды. Фрагмент размалёўкі апулійскай вазы. 4 ст. да н.э.