ТАТУІРО́ЎКА (франц. tatouer татуіраваць, з палінез.),

нанясенне на цела чалавека ўзораў і малюнкаў шляхам наколвання на скуры драўлянай, касцяной ці метал. іголкай і ўвядзення пад яе фарбы, якая не змываецца. У першабытных народаў Т. была знакам роду, племя, татэма (у цемнаскурых замянялася рубцаваннем). Звычай татуіравання ў час ініцыяцый меў сімвалічны і магічны (засцерагальны) характар; у Еўропу завезены маракамі з Паўн.-Усх. Азіі. Т. захавалася як упрыгожанне, памятны знак, пашырылася ў 21 ст. як т. зв. нацельны жывапіс. Т. наз. таксама ўзоры і малюнкі, нанесеныя на скуру.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПАСФЕ́РНАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

далёкая радыёсувязь, якая грунтуецца на пасіўным адбіцці радыёхваль неаднастайнасцямі трапасферы. Ажыццяўляецца ў дыяпазонах дэцыметровых і сантыметровых хваль.

Перавыпрамяненне эл.-магн. энергіі ў трапасферы, абумоўленае неаднастайнасцю яе дыэлектрычнай пранікальнасці, адбываецца ў вобласці перасячэння дыяграм накіраванасці перадавальнай і прыёмнай антэн. Для забеспячэння ўстойлівасці Т.р. адлегласці паміж пунктамі перадачы і прыёму абмяжоўваюць 500 км і выкарыстоўваюць перадатчыкі з вял. выхадной магутнасцю (да 10 кВт і больш), высокаадчувальныя прыёмнікі, антэны вял. памераў, а таксама спец. метады для змяншэння ўплыву заміранняў сігналаў. З развіццём спадарожнікавай радыёсувязі Т.р. страчвае сваё значэнне.

Э.​Б.​Ліпковіч.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«У КАРНАЧА́»,

бел. дзіцячая гульня. На Случчыне мае назву «У апуку». Для яе рабілі мячык з ануч. Кожны ўдзельнік выкопваў неглыбокую ямку, каля якой стаяў у пачатку гульні. Адзін з гульцоў каціў мячык праз ямкі. Той, у чыю ямку закоціцца мячык, пляскаў у далоні. Па гэтым сігнале астатнія ўдзельнікі ўцякалі ў «поле» (на адлегласць, адзначаную рысай на зямлі), а той, у чыю ямку трапіў мячык, павінен быў схапіць яго і пацэліць у каго-небудзь з гульцоў. Калі гэта не ўдавалася, то яму выпадала каціць мячык па ямках.

В.​Дз.​Ліцвінка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«У НАМЕ́РЫ»,

бел. гульня моладзі ў час посту, калі не дазвалялася спяваць і танцаваць. Збіраліся ў вялікай хаце, пасярод яе ставілі ўслон, на які ўперамежку садзіліся хлопцы і дзяўчаты. Адзін з удзельнікаў гульні хадзіў і пытаўся, ці задаволена суседка суседам. Калі дзяўчыне падабаўся хлопец, што сядзеў побач, яна глядзела ў яго бок. Астатнія ўдзельнікі ў гэты час крычалі: «Раз, два, тры!», а хлопец цалаваў дзяўчыну. Гульня працягвалася, пакуль усе не размяркоўваліся па парах. Тэматычна блізкая да «Жаніцьбы Цярэшкі», «Яшчура» і інш.

В.​Дз.​Ліцьвінка.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛКІНС (Wilkins) Марыс (н. 15.12.1916, Пангароа, Новая Зеландыя),

англійскі вучоны ў галіне біяфізікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1938). З 1940 у Бірмінгемскім, з 1945 у Сент-Андрускім ун-тах, з 1946 у Кінгс-каледжы (Лондан): з 1962 праф. малекулярнай біялогіі, з 1970 праф. біяфізікі. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, атрымаў высакаякасныя рэнтгенаграмы малекулы ДНК, што спрыяла вызначэнню яе будовы, распрацаваў тэорыю фота- і тэрмалюмінесцэнцыі. Нобелеўская прэмія 1962 (з Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам).

В.​Ф.​Ермакоў.

М.Уілкінс.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́РКАШ (Farkas) Берталан (н. 1.8.1949, с. Дзьюлахаза, Венірыя),

першы венгерскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1980). Герой Венгрыі (1980). Лётчык-касманаўт Венгрыі (1980). Падпалкоўнік. Скончыў ваен. вучылішча лётчыкаў (СССР; 1972). З 1978 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 26.5—3.6.1980 з В.М.Кубасавым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-36» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.І.Папоў, В.В.Румін) з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-35», на якім вярнуўся на Зямлю. У космасе правёў 7,87 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Б.Фаркаш.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРНАКАНЕ́ЦКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в. Фарны Канец Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. На муроўцы ўсталяваны валун буйназярністага рудавата-белага граніту-гнейсу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10,3 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Побач з валуном каменная канапа, высечаная з сярэднезярністага шэрага граніту (даўж. 1,4 м, шыр. 0,9 м, выш. 0,7 м) з датай яе стварэння — 1823.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад даследаванняў фіз.-хім. сістэм, заснаваны на вывучэнні залежнасці фіз. якасцей сістэмы ад яе саставу. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў М.С.Курнакоў.

З’яўляецца асн. метадам аналізу 2-, 3- і шматкампанентных сістэм (сплаваў, мінералаў, шкла, раствораў і інш.), які не патрабуе вылучэння асобных кампанентаў з сістэмы. Асн. прыём Ф.-х.а. — пабудова дыяграм стану і іх геам. аналіз, што дазваляе вызначыць характар узаемадзеяння кампанентаў сістэмы, састаў і ўстойлівасць хім. злучэнняў, якія ўтвараюцца ў сістэме, і інш.

Літ.:

Аносов В.Я., Озерова М.И., Фиалков Ю.Я. Основы физико-химического анализа. М., 1976.

В.​Ф.​Цікавы.

т. 16, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НСІЯ РАДРЫ́ГЕС (Francia Rodriguez) Хасэ Гаспар (6.1.1766, Асунсьён — 20.9.1840),

дзяржаўны дзеяч Парагвая. Скончыў Кардоўскі ун-т (1785). Адзін з арганізатараў перавароту, у выніку якога ў маі 1811 скінута ісп. ўлада ў Парагваі. З 1811 сакратар кіруючай хунты, з 1813 адзін з 2 консулаў-суправіцеляў, з 1814 аднаасобны пажыццёвы вярх. правіцель Парагвая. Праводзіў палітыку ізаляцыі краіны. Нягледзячы на дэспатычныя метады кіравання, карыстаўся нар. падтрымкай з-за палітыкі радыкальных агр. пераўтварэнняў: канфіскаваў большасць зямель у латыфундыстаў, частку яе перадаў дробным гаспадарам, на астатняй стварыў буйныя дзярж. гаспадаркі — т.зв. «эстансіі радзімы».

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫДРЫХСГА́МСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1809,

мірны дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў няўдалую для Швецыі рус.-швед. вайну 1808—09 (гл. Руска-шведскія войны 16—19 ст.). Заключаны 17 вер. ў г. Фрыдрыхсгам (цяпер г. Хаміна, Фінляндыя). Швецыя абавязвалася разарваць саюз з Вялікабрытаніяй (з якой Расія тады вяла руска-англійскую вайну на моры 1807—12) і далучыцца да яе кантынентальнай блакады, заключыць мірныя дагаворы з напалеонаўскай Францыяй і Даніяй. Фінляндыя (з Аландскімі а-вамі) адыходзіла ад Швецыі да Расійскай імперыі на правах аўт. вял. княства з уласнымі канстытуцыяй і парламентам (сеймам).

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)