(19.10.1882, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 7.7.1954),
літоўскі пісьменнік, фалькларыст. У 1904—08 вучыўся ў Львоўскім і Кіеўскім ун-тах. У 1922—40 праф. Каўнаскага ун-та. У 1940 нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў Нар. ўрада Літвы. У 1941 прэзідэнт АН Літвы. З 1944 жыў у Аўстрыі, ЗША. Друкаваўся з 1909. У літ. легендах «Паданні Дайнаўскай даўніны» (1912), гіст. драмах «Шарунас» (1911), «Скіргайла» (паст. 1924) адлюстраваў гіст. мінулае літ. народа, у кн. апавяданняў «Пад саламяным дахам», драм. аповесці «Зяць» (абедзве 1922), аповесці «Вядзьмар» (1939) — вясковы побыт, непарыўную сувязь чалавека і прыроды. Яго творы спалучаюць рамантычнасць і экзатычнасць, фалькл. стылізацыю і інтэрпрэтацыю біблейскіх сюжэтаў з элементамі крытычнага рэалізму, псіхал. і побытавай дакладнасцю. Збіраў і публікаваў літ. фальклор. Выкарыстоўваў матывы інд. і перс. легенд («Усходнія казкі», 1930). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Кенька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-тарус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).
Публ.:
McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Віталь Віталевіч) (н. 23.12.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. і расійскі дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956), з 1971 выкладае ў ёй (з 1992 праф.). З 1956 дырыжор сімф. аркестра Карэльскага радыё і муз. кіраўнік фінскага драм.т-ра, з 1960 выкладчык Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1962—71 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Беларусі, адначасова педагог Бел. кансерваторыі. Сярод твораў, выкананых на Беларусі ўпершыню пад яго кіраўніцтвам: 8-я і 13-я сімфоніі Дз.Шастаковіча, «Вясна свяшчэнная» і «Сімфонія псалмоў» І.Стравінскага, опера «Разумніца» К.Орфа, 10-я сімфонія і «Песня аб зямлі» Г.Малера, «Ваенны рэквіем» Б.Брытэна, сцэн. араторыя «Жанна д’Арк на кастры» А.Анегера. Інтэрпрэтаваў сімфоніі Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Я.Глебава, Дз.Смольскага, кантату «Беларускія песні» і канцэрт для кантрабаса з арк. А.Багатырова, вак.-сімф. паэму «Попел» С.Картэса і інш. творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома
(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),
італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкі АН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).
Літ.:
Архитектурные проекты и рисунки Д.Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),
горад на У Канады. Адм. ц.прав. Квебек. 646 тыс.ж. (1992, з прыгарадамі). Буйны порт каля вусця р.Св. Лаўрэнція, даступны для акіянскіх суднаў (вываз лесаматэрыялаў, паперы, збожжа, азбесту). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: лесапільная, папяровая, суднабуд., гарбарна-абутковая, тэкст., харчовая. 2 ун-ты. Музей прав. Квебек, Музей ун-та Лаваля. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 17—19 ст.: кляштар урсулінак, базіліка, жылыя дамы. Гіст. раён К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Панарама Квебека.
Засн. ў 1608 французам С.Шамплейнам на месцы індзейскай вёскі. Хутка К. стаў цэнтрам франц. культуры і гандлю, з 1663 — афіц. сталіца франц. калоніі Новая Францыя. У Сямігадовую вайну 1756—63 заваяваны англічанамі (1759), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 перададзены Англіі. З 1791 сталіца калоніі Ніжняя Канада, потым — прав. Квебек. У 1851—55 і 1859—67 часовая сталіца Канады. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Квебекскіх канферэнцый 1943, 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),
французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Вітаўт Яўхімавіч) (н. 30.5.1927, Мінск),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, гісторык, бібліёграф. Д-ргеал.н. (1955). Ганаровы праф. Гродзенскага ун-та (1993). Сын Я.Кіпеля, муж З.Кіпель. Скончыў Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1953) і Ратгерскі ун-т у г. Нью-Брансуік (ЗША, 1962). У 1935—42 разам з маці жыў у г. Арол. У 1942 сям’я вярнулася ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1945—48 вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працаваў у навук.-прамысл. кампаніях і Балтымарскім ун-це. У 1962—85 супрацоўнік Нью-Йоркскай публічнай б-кі, займаўся складаннем і апрацоўкай бел. бібліяграфіі. З 1982 старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. З 1993 нам. старшыні згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аўтар прац па гісторыі Беларусі і бел. эміграцыі. Разам з З.Кіпель склаў бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВЕ́ЛАЎ (Любен) (каля 1834, г. Капрыўшціца, Балгарыя — 2.2.1879),
балгарскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў балг. л-ры. Вучыўся ў Плоўдзіўскай грэч. гімназіі (1850—53). У 1857—66 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Зазнаў уплыў рус. рэвалюцыянераў-дэмакратаў. З 1867 у Бялградзе, з 1869 у Бухарэсце. Зблізіўся з В.Леўскім і Х.Боцевым. Займаўся рэв.-прапагандысцкай і асв. дзейнасцю. Друкаваўся з 1860. Выдаў «Помнікі народнага побыту балгар» (т. 1, 1861), зб.апавяд. і аповесцей «Старонкі з кнігі пакут балгарскага племя» (1868). Аўтар аповесцей «Ваявода» (1860), «Донча» (1864), «Балгары старых часоў» (1867), «Горкі лёс» (1869), «Пакутнік» (1870), «Мамчын сынок» (1875), вершаў, фельетонаў, памфлетаў, дарожных нататак, якія вызначаюцца рэв. накіраванасцю, эмацыянальнасцю, каларытнасцю мовы. Перакладаў з рус. і ўкр. моў. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДУ́ЧЫ ((Carducci) Джазуэ) (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),
італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысарджымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.Петрарку, Дж.Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.
расійскі кіна- і тэатр. рэжысёр. Нар.арт.СССР (1964). Вучыўся ў Вышэйшых маст. майстэрнях АМ у Петраградзе. Адзін з арганізатараў творчай майстэрні «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» (ФЭКС, 1921). З 1924 на кінастудыі «Ленфільм». З 1922 выкладаў у ФЭКС, Ленінградскім ін-це сцэн. мастацтваў, у 1941—64 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. Імкненнем да пошукаў вострай новай кінематаграфічнай выразнасці вылучаюцца нямыя фільмы «Шынель» (1926, паводле М.Гогаля), «Новы Вавілон» (1929; абодва з Л.Траўбергам). Грамадз. пафасам прасякнута кінатрылогія «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939; усе з Траўбергам). Ставіў біягр. фільмы: «Пірагоў» (1947), «Бялінскі» (1953). Экранізаваў трагедыі У.Шэкспіра «Гамлет» (1964, Ленінская прэмія 1965) і «Кароль Лір» (1971), раман М.Сервантэса «Дон Кіхот» (1957). Паставіў у Ленінградскіх т-рах «Кароль Лір» (1941), «Атэла» (1943), «Гамлет» (1954) Шэкспіра. Даследаваў творчасць Шэкспіра, С.Эйзенштэйна, Ч.Чапліна, У.Меерхольда. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948.