(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),
свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).
Тв.:
История моей жизни. М., 1990.
Літ.:
Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАВЕ́Ц (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.3.1915, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.7.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі аэраклуб, Ульянаўскую лётную школу (1935). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1942 на Паўн.-Каўказскім, Варонежскім франтах. Зрабіў 74 баявыя вылеты, удзельнічаў у 11 паветр. баях. Нам. камандзіра эскадрыллі знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гаравец у час Курскай бітвы ўступіў у бой з 20 бамбардзіроўшчыкамі ворага, збіў 9 самалётаў — адзіны ў свеце лётчык, які ў адным баі збіў столькі самалётаў. Загінуў у гэтым баі. На 597-м км аўтамагістралі Масква—Сімферопаль, у Полацку, вёсках Ског і Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧКІН (Васіль Прохаравіч) (29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),
рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл.АНСССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г. механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.
Літ.:
Дубровский А.А. Академик В.П.Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕЎ (Фёдар Гардзеевіч) (1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру I (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ (Мітрафан Барысавіч) (да 1911 Мартышчанка Мітрафан Паўлавіч; 15.6.1882, хутар Шарпаеўка, Растоўская вобл., Расія — 27.11.1934),
рускі жывапісец, заснавальнік сав. батальнага жывапісу. Вучыўся ў Адэскім маст. вучылішчы (1898—1903), Пецярбургскай АМ (1903—11). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1925). Аўтар карцін «Тачанка» (1925), «Кавалерыйская атака», «Трубачы Першай коннай арміі», «Атрад Будзённага» (абедзве 1934) і інш., у якіх з гіст. дакладнасцю, пераканаўча ўзнавіў гераічныя будні грамадз. вайны, атмасферу 1920-х г. Ініцыятар стварэння дыярам і панарам (эскізы дыярам «Штурм Перакопа», 1931; «Абарона Царыцына», 1933, і інш.). Імя Грэкава прысвоена Студыі ваенных мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭМ, Грэхем (Graham) Томас (20.12.1805, г. Глазга, Вялікабрытанія — 11.9.1869), англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў калоіднай хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1836). Скончыў ун-т у Глазга (1826), дзе і працаваў з 1829 (з 1830 праф.). У 1837—55 у Лонданскім універсітэцкім каледжы, з 1854 дырэктар Манетнага двара. Навук. працы па даследаванні дыфузіі газаў і калоіднай хіміі. Устанавіў, што скорасць дыфузіі газу адваротна прапарцыянальная кораню квадратнаму з яго шчыльнасці (закон Грэма, 1829), а таксама наяўнасць унутр. трэння ў газах. Даказаў многаасноўнасць фосфарных кіслот (1833). Упершыню даследаваў золі (калоідныя сістэмы) і ўвёў тэрмін «калоід». Выявіў з’явы дыялізу і осмасу.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДА́ЙЦІС ((Gudaitis) Антанас Марціна) (29.7.1904, г. Шаўляй, Літва — 20.4.1989),
літоўскі жывапісец. Засл. дз. маст. Літвы (1961). Нар. мастак Літвы (1964). Нар. мастак СССР (1985). У 1926—29 вучыўся ў Каўнаскім ун-це і ў Каўнаскай маст. школе, у 1929—33 — у Нац. школе прыкладнога мастацтва ў Парыжы. Аўтар экспрэсіўных тэматычных кампазіцый, прасякнутых дынамікай жыцця: «Праца» (1929), «Рута адпачывае» (1962), «Па дарогах вайны» (1965—67), «Нявесты» (1981). Піша таксама пейзажы (трыпціх «Літоўскі пейзаж», 1937; «Вечар», 1963), партрэты, тэатр. дэкарацыі і інш. У творах Гудайціса паглыблены драматызм вобраза, псіхалагізм, узмоцненая роля фактуры жывапісу, колеру, сімволікі. Дзярж. прэмія Літвы 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НДУЛІЧ ((Gundulić) Іван) (9.1.1589, г. Дуброўнік, Харватыя — 8.12.1638),
харвацкі паэт. Паходзіў з арыстакратычнага роду. Атрымаўшы выдатную адукацыю, займаў высокія грамадскія пасады ў Дуброўніцкай рэспубліцы. Дэбютаваў у 1610 перакладамі твораў Т.Таса, Банарэлі і інш. Пісаў лірычныя (паэма «Сарамлівы закаханы») і рэліг.-дыдактычныя (зб. «Спевы пакорлівыя цара Давіда», 1621, і інш.) творы, міфалагічна-пастаральныя п’есы (найб. вядомая — «Дубраўка», паст. 1628). Вяршыня творчасці — эпічная паэма «Асман» (1621—38; апубл. 1826), прысвечаная перамозе польскага войска над турэцкім у бітве пад Хоцінам (1621), прасякнутая ідэяй адзінства ўсіх славян і хрысціян.
Тв.:
Рус.пер. — Осман. Мн., 1969.
Літ.:
Зайцев В.К. Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И.Гундулича «Осман». Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТКО́ВІЧ (Аляксандр Залманавіч) (20.12.1920, в. Вярхоўе Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1989),
рэжысёр тэлебачання. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1949). Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа і юнага гледача. З 1959 на Рэсп. студыі тэлебачання. У тэлевізійных пастаноўках, большасць якіх зроблена па творах бел. пісьменнікаў, імкнуўся дэталёва распрацаваць характары персанажаў набліжана да літ. першакрыніцы. З лепшых работ: тэлевізійныя спектаклі «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага (1964), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968); тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1971, з Н.Ардашнікавым), а таксама паводле твораў П.Броўкі, А.Куляшова, В.Адамчыка, І.Пташнікава і інш.