О́МАЛЬ, Куль,

у міфалогіі комі бог — стваральнік сусв. зла, валадар злых духаў. Ён процістаіць свайму брату Ену — стваральніку добрай і праведнай часткі свету. З крыві О. нарадзіліся жывёлы і першая жанчына, у ходзе яго барацьбы з Енам узніклі зямная суша, акіяны і моры; ад скінутых О. з неба жонкі і дзяцей Ена пайшлі людзі. Ен хітрасцю зняволіў О. і яго злых духаў у пекла. Калі О. вызваліцца, паміж ім і Енам адбудзецца вял. бітва. Роднасны О. вобраз — Куль — ёсць у мансійскай міфалогіі.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПАЛЬ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад г. Іванава, 145 км ад Брэста, 31 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 785 ж., 350 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Опальская царква Параскевы Пятніцы. Каля вёскі археал. помнік Опаль. У вёсцы ў час рэв. выступлення сялян адбыўся Опальскі расстрэл 1905.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛЬСКІ (Сямён Пятровіч) (15.9.1896, в. Ківачына Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.5.1964),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929, 1934) і Генштаба (1948). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20 і сав.-фінл. 1930—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім, Волхаўскім, Карэльскім, 3-м Прыбалт. і 2-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба, нам. камандуючага арміяй і войскамі Волхаўскай аператыўнай групы, камандзір корпуса, камендант г. Гданьск. У 1946—55 на выкладчыцкай рабоце.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДЫ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 208 км ад Брэста, 11 км ад чыг. ст. Лясная. 864 ж., 365 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Памятны знак у гонар 125-годдзя Мілавідскай бітвы 1863. Помнікі архітэктуры — Мілавідская мемарыяльная капліца і паштовая станцыя (1843).

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «УДА́РНІК».

Засн ў 1927 у Мінску як ф-ка «Адраджэнне» па выпуску металавырабаў, дзіцячых цацак і інш. З 1930 вагавы з-д «Ударнік». У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1948—67 адноўлены на новай пляцоўцы. З 1975 у складзе Мінскага НВА «Дармаш», з 1991 — адкрытага акц. т-ва «Амкадор», з 1996 — прадпрыемства «Завод «Ударнік» ААТ «Амкадор». Асн. прадукцыя (1999): пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя, пагрузчыкі-экскаватары, пагрузчыкі бесперапыннага дзеяння (для снегу і сыпучых матэрыялаў), шнэкаротарныя снегаачышчальнікі, навясное абсталяванне рознага прызначэння і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВЫ АДБО́Р,

адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКАЯ (Ганна Іванаўна) (6.1. 1920, в. Курсевічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 11.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 у Чырв. Арміі. Трапіўшы ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі, сакратар Пастаўскай падп. камсам. арг-цыі. З 1942 у партызанах, з мая 1943 нам. камісара па камсам. рабоце партыз. атрада імя А.​Пархоменкі, потым чл. Пастаўскага падп. райкома ЛКСМБ, удзельнічала ў дыверсійных аперацыях. Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.

Г.І.Маслоўская.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРУ́НЧЫК (Іосіф Васілевіч) (2.2.1903, в. Кайкава Мінскага р-на — 9.5.1945),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую школу лётчыкаў (1932), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу (1934). У Чырв. Арміі з 1925. Камандзір эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў капітан М. вызначыўся ў сав.-фінл. вайне 1939—40, зрабіў больш за 60 вылетаў на бамбардзіроўку ўмацаванняў, апорных пунктаў, скопішчаў войск праціўніка. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Волхаўскім, Ленінградскім, 2-м Укр., 1-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах. Загінуў у авіякатастрофе.

І.​В.​Матрунчык.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГАРАН (грэч. megaron літар. вял. зала),

адзін з тыпаў жылля, пашыранага ў краінах бас. Эгейскага мора (3—2-е тыс. да н.э.). У Гамера М. — парадная ці жылая частка дома, пераважна царскага палаца. У плане прамавугольная пабудова, часам з абсідай, складаецца з гал. памяшкання (уваход з тарцовага боку праз сумежныя з гал. памяшканнем анты) і порціка. У гал. памяшканні знаходзілася агнішча. М. вядомы ў Мікенах, Троі, Кносе, Сескла, Дыміні, Тырынфе і інш. М. паслужылі прататыпам храмаў Стараж. Грэцыі архаічнага і класічнага часу.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕ́СНІЦТВА,

1) у ВКЛ адм.-тэр. адзінка, якой кіравалі намеснікі вял. князя. Большасць Н. утворана ў 14—15 ст. у выніку скасавання ўдзельных княстваў і падпарадкавання іх велікакняжацкай уладзе. Н. называлі таксама дзярж. воласці, што ўзнікалі пры падзеле б. княстваў. Самыя буйныя Н. з пач. 16 ст. сталі ваяводствамі, астатнія — староствамі і дзяржавамі.

2) У Рас. імперыі ў 1778—96 Н. наз. губерні, у т. л. створаныя на землях Беларусі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (Магілёўскае Н., Полацкае Н.).

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)