БЯСПА́ЛЫ (Змітро) (Дзмітрый Аляксандравіч; н. 28.8.1934, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў у час. «Вожык», час. «Родная прырода», з 1994 у «Беларускай лясной газеце». Першая кніга — анімалістычныя абразкі «Лясныя хітруны» (1969, 2-е выд. 1986). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў, казак і замалёвак аб прыродзе Беларусі (зб-кі «У лясной каморы», 1972; «Дзіўны птах», 1981; «Казкі Сіняга лесу», 1983; серыя кніг «Звяры Белавежскай пушчы», 1987; «Птушкі Белавежскай пушчы», 1988). Складальнік зб-ка «Беларускія народныя жарты» (1970). Гумарыстычныя творы ў зб-ках «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ДЗЕ́ЯННІ,
арганізаванае выкарыстанне ўзбр. сіл дзяржавы ў вайне. У залежнасці ад маштабаў узбр. барацьбы, магчымасцяў войск, мэт і характару баявых задач ваенныя дзеянні вядуцца на зямлі, у паветры, на моры ў форме баёў, бітваў, аперацый, удараў, баявых дзеянняў (сістэматычных баявых дзеянняў сіл ППА, ВПС і ВМФ). Сучасныя ваенныя дзеянні маюць вял. прасторавы размах, высокую манеўранасць, дынамічнасць і скарацечнасць, у ваенных дзеяннях удзельнічаюць буйныя групоўкі войск (сіл), шырока выкарыстоўваюцца ўсе віды зброі і баявой тэхнікі. Пад тэрмінам «ваенныя дзеянні» маюцца на ўвазе дзеянні стратэг. маштабу; дзеянні аператыўна-тактычнага маштабу наз. «баявыя дзеянні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕРО́ (ісп. bolero),
1) іспанскі нар. парны танец. Вядомы з 18 ст. Тэмп умерана хуткі, муз. памер 3/4. Выконваецца пад акампанемент гітары, барабана і кастаньетаў. Вельмі пашыраны ў Еўропе. У характары балеро напісаны інстр. п’есы для фп. (Ф.Шапэн, І.Альбеніс), для сімф. аркестра (М.Равель), нумары ў операх (Э.Мегюль, К.М.Вебер, Г.Берліёз, Дж.Вердзі), балетах (П.Чайкоўскі, Л.Дэліб), рамансы (М.Глінка, А.Даргамыжскі) і інш. 2) Кубінскае балеро — лірычны песенны жанр. Склаўся на Кубе ў канцы 19 ст. Тэмп умераны, муз. памер . Спалучае крэольскі мелас з афра-кубінскай сінкапіраванай рытмікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ (Bali),
востраў у Малайскім архіпелагу, самы заходні з Малых Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Абмываецца на Пн морам Балі і на Пд Індыйскім ак.Пл. 5,6 тыс.км². Рэльеф гарысты, выш. да 3142 м (вулкан Агунг). Берагі стромкія, парэзаны слаба. Клімат субэкватарыяльны. Схілы гор пад трапічнымі лясамі (пальмы, цікавае дрэва). На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць рыс, каву, какаву. Асн. гарады: Дэнпасар, Сінгараджа. Стараж. цэнтр інданезійскай і індуісцкай культуры («востраў тысячы храмаў», арх. помнікі «Каралеўскія магілы», 11 ст., і «Слановая пячора», каля 13 ст.), нар. мастацтва (разьба па дрэве і косці, маскі, дэкар. тканіны і інш.) і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІ́РЫ (Brachininae),
падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб. вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).
Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла падангл. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,
саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),
спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,
гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн.км² — 19% сушы.