КАМІ́Н (Commines, Comines, Commynes, Comynes) Філіп дэ (каля 1447, г. Камін, Бельгія — 18.10.1511), французскі дзярж. дзеяч, гісторык. З фламандскай дваранскай сям’і. З 1464 на службе ў бургундскіх герцагаў, адзін з дарадчыкаў Карла Смелага, выконваў дыпламат. даручэнні. З 1472 бліжэйшы дарадчык караля Людовіка XI, пасля яго смерці (1483) чл. рэгенцкага савета пры непаўналетнім Карле VIII. За ўдзел у антыўрадавай апазіцыі сасланы ў правінцыю (1489). З 1491 зноў пры двары. Удзельнік італьянскіх войн 1495—1559. Аўтар «Мемуараў», у якіх адлюстравана гісторыя Францыі і Еўропы ў 2-й пал. 15 ст. Лічыцца пачынальнікам франц.паліт. гісторыі.
Тв.:
Рус.пер. — Мемуары. М., 1986.
Дз.М.Чаркасаў.
Схема каміна.Камін у адной з залаў палаца ў г. Нясвіж Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́ЛЬНЫ РАМО́НТ,
рамонт, які выконваецца для аднаўлення спраўнасці вырабу з заменай любых яго частак. Пры К.р. праводзяць поўную разборку агрэгата, замену або аднаўленне ўсіх зношаных, у т. л. базавых, дэталей, асн. элементаў канструкцыі, поўнае аднаўленне ўстаноўленай дакладнасці і працаздольнасці. К.р. выконваецца, калі далейшая эксплуатацыя машын і абсталявання немагчыма з-за зношанасці (рамонт па патрэбнасці), або раней, не чакаючы выхаду са строю (рэгламентаваны рамонт). Апошні выконваюць у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. Патрэба ў К.р. ўстанаўліваецца камісіяй на аснове грунтоўнага аналізу тэхн. стану аб’екта з улікам тэрміну службы (напрацоўкі) з пачатку эксплуатацыі або апошняга К.р. Рамонт маральна ўстарэлых асн. фондаў звычайна спалучаюць з іх мадэрнізацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛАВЫ ВА́РЫ (Karlovy Vary),
горад на З Чэхіі. Засн. Карлам IV. У мінулым вядомы як Карлсбад. 56 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вытв-сцьмаст. шкла і фарфоравых вырабаў, зпач. 18 ст. — натуральнай карлаварскай солі з тэрмальных вуглякіслых мінер водных крыніц. Міжнар. кінафестывалі (з 1950). Турызм. Музеі фарфору, шкла і інш.; маст. галерэя. Арх. помнікі: замкавая вежа (1605), касцёлы св. Андрэя (16 ст.), св. Марыі Магдаліны (1733—37), св. Лукаша (19 ст.). Бальнеалагічны курорт, вядомы з 16 ст. Славуты крыніцамі гарачых тэрмальных вод (42—73 °C) з мінералізацыяй да 7 г/л і карлаварскай (карлсбадскай) соллю, што выкарыстоўваюць для лячэння хвароб органаў стрававання, пры дыябеце, атлусценні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎРУ́С (Алесь Аляксандравіч) (н. 18.5.1935, в. Брусы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1959). З 1965 выкладаў у Мазырскім пед. ін-це. З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1974 у выд-ве «Народная асвета», з 1981 у Бел.пед. ун-це. Даследуе мову маст. л-ры і сродкаў масавай інфармацыі, бел. тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар кніг «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989), «Дакумент па-беларуску» (1994), дапаможніка «Уводзіны ў стараславянскую мову» (1998, з М.М.Круталевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШКА (Ян Станіслававіч) (каля 1540—26.7.1592),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Базелі (1563), з 1564 у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балонні. З 1569 крайчы ВКЛ, з 1579 падчашы ВКЛ і староста жмудскі, з 1588 кашталян віленскі, з 1589 ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 у час Лівонскай вайны 1558—83 удзельнічаў у паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую акадэмію ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступіў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сейме 1589 выступіў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэліг. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУШАВІ́ЦКІ (Святаслаў Мікалаевіч) (6.1.1908, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 19.2.1963),
расійскі віяланчэліст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас С.Казалупава), з 1941 выкладаў у ёй (з 1950 праф.). З 1929 саліст-канцэртмайстар аркестра Вял.т-ра ў Маскве, у 1943—51 — аркестра Усесаюзнага радыё. Выступаў як саліст і ансамбліст. З 1940 удзельнік трыо (з Л.Аборыным і Д.Ойстрахам) і санатнага ансамбля (з Аборыным). У рэпертуары творы сусв.муз. класікі і сучасных аўтараў, у т. л. прысвечаныя яму канцэрты для віяланчэлі М.Мяскоўскага, А.Хачатурана, С.Васіленкі. Яго выкананне вылучалася паэтычнасцю і высакароднасцю фразіроўкі, цёплым, выразным гукам. Сярод вучняў М.Хоміцэр. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1933). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ПЛЯ,
невялікі аб’ём вадкасці, абмежаваны ў стане раўнавагі паверхняй вярчэння. Утвараецца пры павольным выцяканні вадкасці з невял. адтуліны, пры сцяканні яе з краю паверхні, пры распыленні і эмульгаванні вадкасці, а таксама пры кандэнсацыі пары на цвёрдай нязмочвальнай паверхні ці ў газавым асяроддзі на цэнтрах кандэнсацыі.
Форма К. вызначаецца ўздзеяннем паверхневага нацяжэння і знешніх сіл, напр., сілы цяжару; у стане бязважкасці К. мае форму шара. На змочвальнай паверхні К. прымае форму шаравога сегмента з вострым краявым вуглом, на нязмочвальнай — з тупым. Ціск пары каля паверхні К. залежыць ад яе радыуса і вызначаецца Кельвіна ўраўненнем. Гл. таксама Змочванне.
Выцяканне вады з капілярнай трубкі з утварэннем кропель (павялічана ў 3 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ МАШЫ́Н, Лідсельмаш. Знаходзіцца ў г. Ліда Гродзенскай вобл.З 1994 адкрытае акц.т-ва. Пачаў працаваць у 1901 як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д. У перадваенныя гады выпускаў малатарні, каранярэзкі, сячкарні, конныя плугі і прыводы. У Вял.Айч. вайну разбураны Адноўлены ў 1944. З 1954 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц.т-ва «Лідсельмаш». У 1950 — пач. 1960-х г. выпускаў дыскавыя бароны, кустарэзы, веялкі-сарціроўкі, ільнамялкі і інш. У 1960—68 рэканструяваны. З сярэдзіны 1960-х г. вырабляў універсальныя бацвіннеўборачныя машыны, вібрацыйныя бульбакапалкі, з 1976 капустаўборачныя машыны. Асн. прадукцыя (1999): агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны, бульбаўборачныя камбайны, бульбакапалкі, бульбасаджалкі, сеялкі збожжавыя, бароны дыскавыя, плугі, граблі-варушылкі, раскідвальнікі мінер. угнаенняў і пяску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены змяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц.навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.