ФЕ́РМІ ЎЗРО́ВЕНЬ у цвёрдым целе,

умоўны ўзровень энергіі сістэмы ферміёнаў (электронаў), імавернасць запаўнення якога роўная 1/2 пры абсалютным нулі т-ры. Часам наз. Фермі энергіяй, аднак мае іншы фіз. сэнс. Ва ўласных паўправадніках Ф.ў. супадае са значэннем хімічнага патэнцыялу і размяшчаецца пасярэдзіне забароненай зоны (гл. Зонная тэорыя), у электронных — бліжэй да зоны праводнасці, у дзірачных — бліжэй да валентнай зоны, у выраджаных — у зоне праводнасці або ў валентнай зоне.

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАСТА́ТКІ (Thecla),

род матылёў сям. блакітніц. Больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Жывуць у лясах, садах, на лугах і інш. На Беларусі 6 відаў.

Дзённыя матылі. Размах крылаў 1,5—3,5 см. Крылы шырокія, ніз буры з аранжавымі або чырв. плямамі, белай папярочнай паласой або белымі плямамі. Заднія крылы з хвосцікам (адсюль назва). Вусені кароткія, тоўстыя, макрыцападобныя; кормяцца на шыракалістых дрэвах.

С.​Л.​Максімава.

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́НТХАРСТ (Honthorst) Герыт (Герард) ван (4.11.1590, г. Утрэхт, Нідэрланды — 27.4.1656),

галандскі мастак. Вучыўся ва Утрэхце ў А.​Блумарта, у 1610 або ў 1612—20 працаваў у Італіі, дзе зазнаў уплыў М.Караваджа. Майстар т.зв. утрэхцкага караваджызму. Пісаў інтымныя жанравыя сцэны і трактаваныя як быт. біблейскія кампазіцыі, пабудаваныя на эфектах штучнага начнога асвятлення. Вытанчаны каларыт, мяккасць святлоценявых кантрастаў уласцівы кампазіцыям «Пакланенне пастухоў» (1622), «Канцэрт» (1624), «Музыкант», «Дзяцінства Хрыста».

Г. ван Хонтхарст. Канцэрт. 1624.

т. 17, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́СА (венг. Tisza, серба-харвацкае Tisa),

рака ў Румыніі, Украіне, Славакіі, Венгрыі, Сербіі і Чарнагорыі, левы, самы доўгі прыток Дуная. Даўж. 966 км, пл. бас. 157,1 тыс. км². Вытокі ва Усх. Карпатах, цячэ пераважна па Сярэднедунайскай раўніне. Асн. прытокі: Самаш, Кёрэш, Мараш (злева). Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады 810 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Суднаходная да г. Цісакарад (Венгрыя). На Ц. гарады Сольнак, Сегед (Венгрыя).

т. 17, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛЬНАЯКУ́ЦКАЯ НІЗІ́НА, Цэнтральнаякуцкая раўніна,

Вілюйская нізіна. Ва Усх. Сібіры, у міжрэччы р. Лена і Вілюй, у Якуціі. Выш. ад 60 да 400 м. Плоская, моцна забалочаная раўніна, расчлянёная сеткай рачных далін. Радовішчы кам. вугалю, жал. і поліметал. руд, газу, золата, алмазаў, слюды. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата.

Тэрмакарставы азёры, аласы, булгуняхі. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Б.ч. нізіны ўкрыта пераважна лістоўнічнымі і лістоўнічна-хваёвымі лясамі з участкамі бярозавых лясоў і лугавых стэпаў.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЕ,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на Пн ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 240 км ад Гомеля. 1513 ж., 30 адна- і 27 шматпавярховых будынкаў (2003). Філіял буд.-мантажнага ўпраўлення № 8 трэста «Белпалівабуд», торфапрадпрыемства «Жыткавіцкае», прадпрыемства «Рытмбудсервіс», акц. т-ва «Нафтасорб». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 17, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць асяроддзеўтваральных кампанентаў — прыродная энергія, гадавы склад атмасферы, вада, глеба, рэльеф, расл. і жывёльны свет. Збалансаванае ўзаемадзеянне Э.р. забяспечвае раўнавагу экалагічную біясферы і стварае ўмовы, неабходныя для існавання чалавецтва. Змены балансу Э.р., што ўзнікаюць у выніку выкарыстання іх чалавекам ва ўсё большых маштабах у вытв-сці і інш., у выніку прыродных катастроф (землетрасенні, навадненні, засухі і інш.) могуць весці да катастрофы экалагічнай ці крызісу экалагічнага.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯТАГА́Н (тур. yatagan),

сякуча-колючая халодная зброя. Вядома з 16 ст. Асаблівасць Я. — лязо знаходзіцца на ўвагнутым баку клінка, эфес без гарды, рукаятка з пашырэннем, ножны з дрэва, абцягнутыя скурай або абліцаваныя металам. Агульная даўж. Я. 80 см, даўж. клінка 65 см, маса з ножнамі 1200 г, без ножан да 800 г. Акрамя Турцыі Я. выкарыстоўваўся ў арміях краін Б. Усходу, Балканскага п-ва і Паўд. Каўказа.

Ятаган.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НІЯ Старажытная

(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),

дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж. Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч. полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.

Літ.:

Шофман А.С. История античной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;

Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1997.

Я.​У.​Новікаў.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́Н Буд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»

(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.​Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),

у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.

Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.​Градаў, Я.​Леановіч, Л.​Левін, Л.​Пагарэлаў, М.​Пірагоў, мастакі В.​Даўгала, Г.​Жарын, Ю.​Івахнішын, У.​Стальмашонак, Л.​Хобатаў і інш.

В.​Ф.​Валошын, В.​А.​Ярмоленка.

Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)