здольнасць арганізмаў (сапрабіёнтаў) жыць у забруджаных арган. рэчывамі водах. Паняцце «С.» сфармулявана заснавальнікамі сан. гідрабіялогіі ў Расіі Я.Я.Нікіцінскім, Г.І.Далговым. Вылучаюць воды полісапробныя (воды, якімі запаўняюць сажалкі біял. ачысткі і палі фільтрацыі), мезасапробныя (воды большасці рэк, у якія скідваюцца сцёкі гарадоў і прамысл. аб’ектаў) і алігасапробныя (воды незабруджаных вадаёмаў). Размеркаванне пэўных відаў раслін і жывёл у залежнасці ад ступені С. вады дазваляе выкарыстоўваць іх як біялагічны індыкатар ступені забруджвання вады арган. рэчывамі. У сувязі з інтэнсіўным забруджваннем вод ужываюць больш шырокае паняцце — таксафобнасць. Павелічэнне С. спрыяе эўтрафікацыі вадаёмаў (інтэнсіўнаму развіццю воднай расліннасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКО́ДАВЫЯ (Sarcodina),
падтып прасцейшых; 3 кл.: караняножкі, прамянёвікі і сонечнікі (па інш. класіфікацыях С. — падтып з 8 кл. або клас з 4 падкл.). Больш за 11 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах, глебе, ёсць паразітычныя формы. Удзельнічаюць ва ўтварэнні асадкавых парод. Выкапнёвыя (фарамініферы) вядомы з кембрыйскага перыяду.
Памеры ад некалькіх да сотняў мікраметраў. Арганелы руху і захопу корму — часовыя цытаплазматычныя адросткі — псеўдаподыі. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальныя вакуолі, некат. — унутраны і вонкавы мінер. шкілет. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажэнне бясполае (дзяленне напалам, розныя формы пачкавання) і палавое (узнікаюць жгуцікавыя ці амёбападобныя гаметы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́РЖАНСКАЯ ФАЯ́НСАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1742—60 у мяст.Новы Свержань Навагрудскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Заснаваў уладальнік мястэчка кн. М.Радзівіл. Працавала больш за 50 чал. Выраблялі пераважна сталовы і аптэчны посуд, а таксама дэкар. куфэркі, шкатулкі, літургічны посуд, фігуры святых да алтароў, бюсты стараж. філосафаў для інтэр’ера б-кі Радзівілаў у Нясвіжскім замку, фаянсавыя белыя і зялёныя пячныя пліткі і інш. Традыцыі зах.-еўрап. (саксонскага) фаянсу набылі тут характэрную мясц. інтэрпрэтацыю; у вырабах адчуваецца ўплыў позняга барока. Узораў С.ф.м. захавалася мала.
Я.М.Сахута.
Талерка, зробленая на Свержанскай фаянсавай мануфактуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВО́Я (Sequoia),
род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],
памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́СТАЛА (ад грэч. systolē сцісканне, скарачэнне),
рытмічнае сцісканне (звужэнне) поласцей сэрца, якое выклікаецца скарачэннем мышцаў перадсэрдзяў ці жалудачкаў. Адначасова памяншаецца аб’ём крыві, што ў іх знаходзіцца. Пры С. перадсэрдзяў кроў паступае з іх у жалудачкі, пры С. жалудачкаў нагнятаецца ў артэрыяльную сістэму. У чалавека пры рытме 75 скарачэнняў за 1 мін С. перадсэрдзяў доўжыцца 0,1 с, жалудачкаў — 0,3 с, за адну С. сэрца выкідвае ў крывацёк 60—70 мл крыві (сісталічны, ці ўдарны, аб’ём), за суткі — 7,2 тыс.л (больш за 100 тыс. скарачэнняў). Па дзеянні С. процілеглая дыястале. Паслядоўныя С. і дыястала складаюць сардэчны цыкл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,
рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕ́МА,
паселішча эпохі неаліту, бронзавага і ранняга жал. вякоў каля в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на берагавым узвышшы р. Скема. Першымі пасяленнямі былі носьбіты нарвенскай культуры (4-е—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.), з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. сюды пранікла насельніцтва тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры. У больш позніх напластаваннях сустракаюцца матэрыялы шнуравой керамікі культуры. Да канца бронзавага і пач ранняга жал. веку адносяцца знаходкі штрыхаванай керамікі культуры і мілаградскай культуры. Невял. рыбацкае паселішча існавала тут і ў сярэдневякоўі. Знойдзены рэшткі агнішчаў, паўзямлянак, сляды збудаванняў слупавой канструкцыі, кераміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў г. Скідзель Гродзенскага р-на. Парк мяшанага пейзажна-рэгулярнага тыпу. Пл. 4,8 га. На тэрыторыі парку 2 каналы. У ніжняй ч. парку захаваліся рэшткі старых прысад з ліпы, конскага каштана звычайнага, грабавыя шпалеры; у яе кампазіцыі творы архітэктуры малых форм: капліца, уязная брама ў выглядзе 2 круглых мураваных вежачак з конусападобнымі дахамі. Верхняя ч. парку больш багатая паводле дэндралагічнага складу. Растуць экзоты: хвоя веймутава, ліпа амер., арэх шэры, акацыя белая, ясень звычайны (форма ніцая) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),
адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб.стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл.Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш.Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).