збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЫК-РЫ́БА (Diodon hystrix),
рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак.пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.
Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЦЬ,
рака ў Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 433 км2. Пачынаецца за 1,7 км на ПнЗ ад в. Лук’янаўка Добрушскага р-на. Асн. прытокі: ручай Радзвін (злева) і рака без назвы (справа). Цячэ па Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. 300—600 м, у вытоку 150 м. Пойма двухбаковая, месцамі перарывістая, шыр. 200—300 м. Ад вытоку рэчышча каналізаванае на 2 км, у сярэднім цячэнні на 17,2 км. Берагі да в. Вуць Добрушскага р-на нізкія, забалочаныя, ніжэй пераважна стромкія і абрывістыя. На рацэ г.п. Церахоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл.Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць да неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл. таксама Невычарпальныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
у складзе Малайскага архіпелага. На астравах размешчаны б.ч.тэр. Інданезіі, частка Малайзіі і Бруней. Уключаюць а-вы Суматра, Ява, Калімантан, Сулавесі і інш. Агульная іх пл. каля 1,4 млн.км². Абмываюцца Індыйскім і Ціхім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. Размешчаны ў межах альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны. Выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Шматлікія вулканы. Клімат экватарыяльны з залішнім увільгатненнем на працягу года. Мнагаярусныя лясы з выключна багатай флорай і фаунай. Радовішчы алавяных руд і нафты. Трапічнае земляробства (вырошчваюць рыс, какосавыя пальмы, каўчуканосы, вострапрыпраўныя расліны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ІЧКІ,
група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.
Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙЗЕ, Хейзе (Heyse) Паўль фон (15.3.1830, Берлін — 2.4.1914), нямецкі пісьменнік. Атрымаў гуманітарную адукацыю ў Берлінскім і Бонскім ун-тах (1847—52). Адзін з кіраўнікоў мюнхенскага гуртка пісьменнікаў, прыхільнікаў «мастацтва дзеля мастацтва». Рамантычны настрой характэрны навелам («Арабіята», 1855, і інш.) і аповесцям Гайзе («Марыён», 1855, «Партрэт маці», 1859, і інш.). У раманах уздымаў пераважна этычныя праблемы: «Дзеці стагоддзя» (1873), «У раі» (1875), «Мерлін» (1892) і інш. Аўтар драм. твораў, вершаў, перакладаў італьян. паэзіі. Першы ням. пісьменнік, які атрымаў Нобелеўскую прэмію (1910).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНАСТАВУ́СЫЯ (Cladocera),
падатрад ракападобных атр. лістаногіх. 65 родаў, каля 380 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тоўшчы вады прэсных вадаёмаў. На Беларусі больш як 40 відаў, найб. вядомыя дафніі, басміны, лептадоры, маіны.
Даўж. 0,2—10 мм. Тулава ў большасці ўкрыта паўпразрыстай двухстворкавай ракавінай. Галава выцягнута ў дзюбу. Асн. органы перамяшчэння — 4—7 пар ног і другая пара доўгіх галінастых вусікаў (антэн); антэнулы невялікія. Вочы фасетачныя. Грудныя ногі ў большасці ўтвараюць фільтрацыйны апарат. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі і аднаклетачнымі водарасцямі, ёсць драпежныя формы. Характэрная змена палавога і аднаполага (партэнагенез) размнажэння. Галінаставусымі кормяцца рыбы. Індыкатары забруджвання вады: большасць жыве ў чыстых вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
кампактная прасторавая групоўка пасяленняў (пераважна гарадскіх), аб’яднаных у адно цэлае інтэнсіўнымі вытв., працоўнымі, культ.-быт. і рэкрэацыйнымі сувязямі. Вылучаюць монацэнтрычныя гарадскія агламерацыі з адным горадам-ядром, які падпарадкоўвае свайму ўздзеянню астатнія паселішчы, размешчаныя ў прыгараднай зоне (прыгарады, гарады-спадарожнікі і інш.) і намнога пераўзыходзіць іх сваімі памерамі і эканам. патэнцыялам, і поліцэнтрычныя гарадская агламерацыя з некалькімі ўзаемазвязанымі гарадамі-цэнтрамі (гл.Канурбацыя). Гарадскія агламерацыі аказваюць моцны пераўтваральны ўплыў на навакольную тэр., змяняючы яе эканам. структуру і сац. ўмовы жыцця насельніцтва. Зрастанне значнай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый вядзе да ўтварэння мегалопісаў мегаполісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).
Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.