адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.
Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс.г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс.г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),
сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн.ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.
У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.
На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар.б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).
У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,
асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец.хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.
Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.М.Грышын і В.М.Стасевіч (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав.пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл.Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвыўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл.Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх.ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э.перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч.узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
Да арт.Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДАНЬСК (Gdańsk),
горад на Пн Польшчы. Адм. ц.Гданьскага ваяводства. 463,1 тыс.ж. (1993). Цэнтр гар. агламерацыі Труймяста (г.Гдыня, Сопат). Буйнейшы порт Польшчы каля вусця Віслы ў Гданьскім зал. Балтыйскага м. Вываз вугалю, серы, лесаматэрыялаў, увоз руд, фасфатаў і інш.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабудаванне і вытв-сць суднавага абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (угнаенні, лакі, фарбы), нафтаперапр., харч., швейная, мэблевая. 6 ВНУ, філіял АН. Тэатры.
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 997. У 10—13 ст. цэнтр Усх.-Паморскага княства, у 1308 захоплены Тэўтонскім ордэнам. У 1454 вызвалены ў выніку паўстання гараджан, у складзе Рэчы Паспалітай. У 15—17 ст. Гданьск — буйнейшы цэнтр польск. знешняга гандлю. У 1656 у час польска-швед. вайны (1656—57) асаджаны шведамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Прусіі (1793) і атрымаў ням. назву Данцыг. У 1807—15 вольны горад, падначалены Францыі. Да 1918 падгерм. уладаннем. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 ператвораны ў «вольны горад Данцыг» пад кіраваннем Лігі Нацый; праз Гданьск Польшча атрымала выхад да Балтыйскага м. (гл.Польскі калідор). 1.3.1939 захоплены фаш. Германіяй, вызвалены 30.3.1945 войскамі 2-га Бел. фронту разам з 1-й польск. бранятанк. брыгадай У 1970 забастоўкі і дэманстрацыі рабочых задушаны ўрадавымі войскамі. У 1980 цэнтр агульнапольскага забастовачнага руху (гданьская суднаверф), месца падпісання пагаднення з уладамі і стварэння незалежнай прафс. арг-цыі «Салідарнасць». У Гданьску знаходзіцца ген. консульства Рэспублікі Беларусь.
На левым беразе р. Матлава — гіст. ядро горада (раёны Старога горада, Новы горад, Гал. горад з рэгулярнай забудовай вуліц), рэшткі цагляных гар. умацаванняў і партовых збудаванняў 14—15 ст., гатычныя Гал. ратуша (1378—16 ст.), касцёлы Дзевы Марыі (1342—1502), св. Катажыны (13—15 ст.), св. Тройцы (1420—1514) і інш., «двор Артуса» (14 — пач. 17 ст.). У стылях рэнесансу і маньерызму забудаваны «Верхнія» (1574—88) і «Залатыя» (1612—14) вароты, «Двор польскіх каралёў» (1563—68), арсенал (1602—05), «Залаты дом» (1609—17), дом абатаў Пяльплінскіх (1612). Разбураныя ў час 2-й сусв. вайны арх. помнікі адноўлены, вядзецца буд-ва адзінага гар. комплексу Гданьск Сопат—Гдыня. Помнік героям Вестэрплятэ (1966). 4 музеі, у т. л. Паморскі, Зброевая палата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс.км², нас. 795 тыс.чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.
Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На З вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч.прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд.кВт∙гадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Падс.-г. ўгоддзямі 1040 тыс.га, у т. л.пад ворывам каля 700 тыс.га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.
гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г.Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн.прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).
У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз.Ісп. марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст.паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач.іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на Уеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934 як край, з 5.12.1936 вобласць. Пл. 120,8 тыс.км². Нас. 1623 тыс.чал. (1997), гарадскога 70%. Цэнтр — г.Кіраў. Найб. гарады: Кірава-Чапецк, Вяцкія Паляны, Слабадской, Кацельніч, Амутнінск, Яранск.
Прырода. Паверхня — уваліста-хвалістая раўніна, нахіленая з Пн на Пд. Цэнтр. частку займае ўзвышша Вяцкі Увал (выш. да 284 м), парэзаны рачнымі далінамі і ярамі. На ПнПаўн. Увалы (выш. да 214 м), на ПнУ Верхнякамскае ўзв. (выш. да 337 м). Карысныя выкапні: жал. руда, фасфарыты, торф, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы, ілавыя і тарфяныя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -15 °C, ліп. 17—19 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пд на Пн ад 400 мм да 600 мм. Рэкі належаць пераважна да бас.р. Волга. Гал.р. Вятка з прытокамі Кобра, Летка, Вялікая, Малома, Піжма (правыя); Чапца, Кільмезь (левыя); на ПнУ вярхоўі р. Кама, на З — р. Вятлуга. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя, шэрыя лясныя, па далінах рэк — поймавыя, на забалочаных нізінах — балотныя. Пад лесам каля 60%.
На Пн пашыраны хвойныя лясы, на Пд хвойна-шыракалістыя.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (дрэваапр. станкі, падымальна-трансп. абсталяванне, кабель, пральныя і кухонныя машыны, судны, прылады і інструменты), хім. (вытв-сцьаўтамаб. шын і фосфарнай мукі), лясная і дрэваапр., электраэнергетыка, харч., лёгкая, буд. матэрыялаў.
Ёсць прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Вылучаецца лясная і дрэваапр.прам-сць (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць фанеры, мэблі, запалак). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва гарбарна-абутковая, вытв-сць скураных і футравых вырабаў, ільняных тканін. У харч. прам-сці найб. развіты масласыраробная, мясная, хлебабулачная. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча торфу і фасфарытаў. Нар. промыслы: гліняная дымкаўская цацка, драўляны посуд, матрошка, карункапляценне. Пад. с.-г. ўгоддзямі 3400 тыс.га, у т. л.пад ворывам 2560 тыс. Пасевы збожжавых (жыта, авёс, ячмень, пшаніца). Вырошчваюць лён-даўгунец, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,1 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс.км (1997). Асн. чыгункі Кіраў—Екацярынбург, Кіраў—Котлас, Кіраў—Ніжні Ноўгарад, аўтадарогі Кіраў—Сыктыўкар, Кіраў—Уржум, Кіраў—Йашкар-Ала. Суднаходства па р. Вятка і некаторых яе прытоках. Бальнеагразевы курорт Ніжняіўкіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.