род птушак сям. чысцікавых атр. сеўцападобных. 2 віды: танкадзюбая, або даўгадзюбая (U. aalge), і таўстадзюбая, або караткадзюбая (U. lomvia). Пашыраны на ўзбярэжжах і астравах умераных і палярных мораў Паўн. паўшар’я.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,5 кг. Апярэнне зверху чарнавата-бурае, знізу белае. Гняздуюцца на прыбярэжных скалах вял. калоніямі, утвараюць разам з інш. птушкамі птушыныя базары. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнай марской рыбай і беспазваночнымі. Мяса і яйцы ядомыя. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Рыгоравіч) (28.6.1911, г. Асцёр Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1943),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскія бранятанк. курсы (1942). На фронце са жн. 1942. Вызначыўся ў Палескай вобл.: экіпаж танка на чале з К. у 12-гадзінным баі знішчыў 4 гарматы, 7 кулямётных кропак, 2 мінамётныя батарэі, шмат жывой сілы ворага. Загінуў у гэтым баі. На месцы гібелі экіпажа каля в. Загальская Слабодка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІНСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліст. 1941 да чэрв. 1942 у в. Калініна Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Падпольшчыкі (кіраўнікі І.Ф.Канцавой, Л.М.Кавальскі) прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, дапамагалі параненым чырвонаармейцам, трымалі сувязь з мясц.партыз. атрадамі, удзельнічалі ў дыверсіях на Гомельскім вагонарамонт. з-дзе і чыг. вузле. У чэрв. 1942 пры спробе падарваць эшалон ворага з жывой сілай падпольшчыкі арыштаваны: 4 з іх павешаны, 8 закатаваны ў гомельскай турме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁНСКІ ЧААТА́С,
могільнік 7—8 ст. на левым беразе Енісея каля с. Капёны ў Хакасіі (Расія). У вял. каменных курганах у 1939—40 выяўлены пахаванні родаплемянной знаці кыргызаў енісейскіх (продкаў сучасных хакасаў). Побач з магіламі — ямкі-тайнікі, у якіх захаваліся ад рабаўнікоў выдатныя творы ювелірнага мастацтва: залатыя і сярэбраныя блюды, 4 залатыя збаны, наборы залатых, сярэбраных і бронзавых упрыгожанняў конскага ўбрання. Вырабы з К.ч. выкананы на аснове больш ранніх мясц. традыцый мясц. ювелірамі, якім было вядома мастацтва Ірана і Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн. Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн. Афрыцы і Усх. Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЯПЛО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія вырошчваюць дзеля сакаўных каранёў — караняплодаў. Найчасцей гэта двухгадовыя расліны з сям. крыжакветных (рэпа, бручка, рэдзька, турнэпс), парасонавых (морква, пятрушка, пастарнак, сельдэрэй), складанакветных (цыкорыя), радзей аднагадовыя (радыска) і шматгадовыя (катран) з сям. крыжакветных. Радзіма многіх К. р. — Міжземнамор’е. Утварыліся пераважна ва ўмовах культ. вырошчвання раслін у выніку назапашвання ў парэнхіме кораня вял. колькасці пажыўных рэчываў. У залежнасці ад мэт культывавання падзяляюцца на сталовыя (буракі, морква, пятрушка, рэдзька, рэпа, сельдэрэй), кармавыя (кармавыя буракі, бручка, турнэпс) і тэхн. (цукр. буракі, цыкорыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (1904, Мінск — 22.6.1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Перад вайной пракурор Баранавіцкай вобл. З першых дзён ням.-фаш. акупацыі Мінска ўключыўся ў падп. барацьбу. У жн. 1941 стварыў падп. групы на плодаагароднінных базах № 1 і № 2. З вер. 1942 сакратар Кастрычніцкага падп. райкома КП(б)Б Мінска, удзельнічаў у распаўсюджванні падп.газ. «Звязда». Падтрымліваў сувязь з Дзяржынскім патрыятычным падполлем. 2.10.1942 схоплены гітлераўцамі і пасля катаванняў спалены ў Трасцянецкім лагеры смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́Я, Хвашчоўка,
рака ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Друць (бас.р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 242 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Раманаўка. Цячэ па Аршанскім узв. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, у вярхоўі невыразная. Пойма вузкая, лугавая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча каналізаванае на працягу 3 км, астатняе звілістае. Шыр. ракі ў межань да 10 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Асн. прыток — р. Ржаўка. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАДО́НТЫ (Creodonta),
атрад (падатрад) вымерлых млекакормячых. 4—5 сямействаў. Існавалі ад палеацэну да ранняга пліяцэну. Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы.
Памеры розныя, у адпаведнасці з сучаснымі жывёламі — ад куніцы да мядзведзя. Мелі шмат прымітыўных рыс: доўгі і нізкі чэрап з маленькай мазгавой поласцю, бугрыста-рэжучыя карэнныя зубы, пяціпальцыя канечнасці з тупымі капытападобнымі кіпцюрамі. Былі пераважна ўсёеднымі, некаторыя насякомаеднымі, некрафагамі (падлаедамі), драпежнікамі. Дробныя эацэнавыя К. з адносна вял. галаўным мозгам далі пачатак наземным драпежнікам і ластаногім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХАРАЎ (Фёдар Якаўлевіч) (18.3.1924, г. Добруш Гомельскай вобл. — 20.5.1946),
удзельнік партыз. руху ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З пач. акупацыі г. Добруша ням. фашыстамі арганізоўваў збор узбраення для партызан, праводзіў дыверсіі на чыгунцы Гомель—Бранск. З ліп. 1943 у партыз. атрадзе Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна. Са жн. ўзначальваў падрыўную групу, якая пусціла пад адхон 24 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Пасля вызвалення Добруша з кастр. 1943 удзельнічаў у размініраванні тэрыторыі, загінуў ад разрыву снарада.