РА́ПСАВЫ АЛЕ́Й,
тлусты алей з насення рапсу. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вадкасць ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, шчыльн. 914 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -4 да -10 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці мыла, пакостаў, алкідных смол, кампанент змазачных матэрыялаў, сродак для тлушчавання скуры, рафінаваны — сыравіна для атрымання маргарыну.
т. 13, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́ТАР (ад лац. rotare вярцець, круціць),
малафарматны апарат трафарэтнага друку для аператыўнага размнажэння дакументаў малымі і сярэднімі тыражамі. Друкарскую форму рыхтуюць на спец. васковай паперы ці фотаплёнцы машынапісным, фотамех., фотаэл., гальванічным спосабамі або ад рукі (спец. пяром). Форму нацягваюць на цыліндр з фарбавальным апаратам унутры. Пры рабоце Р. фарба праходзіць праз прабітыя абрысы літар і адбіваецца на прыціснутай паперы. Менш прадукцыйны, чым ратапрынт.
т. 13, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУВУ́МА (Ruvuma),
Равума (Rovuma), рака ва Усх. Афрыцы, на б.ч. цячэння ўтварае мяжу паміж Танзаніяй і Мазамбікам. Даўж. каля 800 км, пл. басейна 150 тыс. км². Вытокі ў гарах на У ад воз. Ньяса (Малаві), упадае ў Індыйскі акіян. Буйны прыток — р. Лужэнда. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м³/с. Разводдзе ад сак. да мая. Суднаходная на асобных участках.
т. 13, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖКІ,
вёска ў Беларусі, у Зэльвенскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 2 км ад г.п. Зэльва, 200 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Зэльва. 157 ж., 86 двароў (1995). Б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.
Упамінаюцца ў дакументах 1478 як паселішча (дварэц) Копачаў для прыслугі, якая даглядала панскі статак. У 16—17 ст. тут сфарміравалася вёска і ўмацаваны панскі двор кн. Палубенскіх. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1905 вёска Старавескай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 464 ж. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Зэльвенскім р-не. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫ́НІЧЫ,
вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
т. 2, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЦЕ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.
Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛААЗЕ́РСК,
горад у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. За 27 км ад г. Бяроза, 136 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Бронная Гара на лініі Мінск—Брэст. 12,8 тыс. ж. (1995). Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод (рамонт электраабсталявання), прадпрыемствы па вытв-сці будматэрыялаў, лёгкай прам-сці, доследны рыбгас «Белаазерск». 3 сярэднія школы, праф.-тэхн. вучылішча электратэхнікаў, 2 б-кі, бальніца. Царква св. Серафіма Сароўскага. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Узнік у 1958 на месцы в. Ніўкі ў сувязі з буд-вам Бярозаўскай ДРЭС. З 12.1.1960 р.п. Бярозаўскі, цэнтр пасялковага Савета 25.6.1960 перайменаваны ў Белаазерск, з 1963 пасёлак абл., з 1965 раённага падпарадкавання. У 1969 — 9 тыс. ж. З 16.9.1970 горад.
т. 2, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
ступень насычанасці глебы вадой. Вызначаецца ў працэнтах ад масы сухой глебы (вагавая, або ўласна вільготнасць глебы), аб’ёму глебы (аб’ёмная вільготнасць глебы), вільгацяёмістасці глебы, часцей палявой (адносная вільготнасць глебы). Вільготнасць глебы — асн. характарыстыка забяспечанасці раслін вільгаццю. Адрозніваюць вільготнасць завядання (пры якой расліны вянуць) і розныя формы даступнасці вільгаці для раслін, у т. л. даступную, недаступную, прадукцыйную, непрадукцыйную і інш. Вільготнасць глебы залежыць ад грануламетрычнага саставу, асаблівасцей увільгатнення і сезона года. Ва ўмовах Беларусі яна мяняецца ад 10—13% для пясчаных глеб да 100% і больш у тарфяна-балотных; найбольшая ранняй вясной. Лясныя глебы ў параўнанні з палявымі маюць крыху павышаную вільготнасць у верхніх гарызонтах (да глыб. 0,5—1 м) і паніжаную ў глыбінных.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,
хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.
В.К.Кухта.
т. 4, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)