ЛУЦЭ́ВІЧ (Уладзіслава Францаўна) (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскайвобл. — 25.2.1960),
бел.літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы «Янка Купала» (1952, з В.Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.Г.Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.Купалу, успамінаў пра З.Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.
Тв.:
Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;
Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;
3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;
Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.
Літ.:
Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;
Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;
Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскайвобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял.Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел.акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРЫ, Мёры, Міры, Меры,
горад, цэнтр Міёрскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Мёрскага возера; чыг. станцыя на лініі Друя—Варапаева. За 190 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Дзіснай, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай. 9,3 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1548 як паселішча ў Браслаўскім пав.ВКЛ. У попісе войска ВКЛ 1567 згадваецца як маёнтак Мёры (назва да 19 ст.). У 18 ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры, якія належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зіновічам, Пуцятам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) М. ў Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав.Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1886 у М. 110 ж., у 1903—145 ж. З 1922 М. ў складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр. гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Міёрскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 3.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. 662 чал. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту разам з партызанамі брыгады імя Калініна Вілейскага злучэння ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. З 7.8.1957 гар. пасёлак, у 1959—1,9 тыс.ж., у 1970—5,7 тыс.ж. З 7.8.1972 горад.
Прадпрыемствы харч., камбікормавай, пач. апрацоўкі лёну прам-сці. Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, курган Славы, помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Міёрскі Успенскі касцёл (1907).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПнМінскай і Пд Віцебскай абласцей, у складзе Мінскага ўзвышша. Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на З і У, скразнымі далінамі рэк Вілія—Поня на Пн і Ілія—Гайна на Пд. Найб.выш. 296 м (у паўд.ч.). Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундаменце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагенавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэннямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф узвышша сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожскага зледзянення і пазнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў познім атрапагене і галацэне. Вылучаюцца 3 паласы град. Знешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтр. з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслакацыямі. Трапляюцца озы і камы. На Пд, на прыўзнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты. Узвышша праразаюць стараж. лагчыны сцёку, якія часткова наследаваны сучаснымі рэкамі. На зах. схіле — рэкі Дзвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсх. — Гайна і Цна (бас. Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзвінаса Плешчаніцкае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад лесам 50% тэрыторыі, на Пнвял. хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтр.ч. пад яловымі зеленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўд.ч. — з участкамі ялова-хваёвых бруснічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб.к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскайгуб. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-тяўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскайвобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.Да арт.Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,
1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і ПнМінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.
На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас.Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.
2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).
Літ.:
Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧНА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскайвобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав.Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскайвобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-нМінскайвобл.), Урэччы (Любанскі р-нМінскайвобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-нмінскайвобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУШЭ́ННЕ,
адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.
Асушэнне рабілі за 3 тыс.г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс.г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.
У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн.га (1994), з іх 2,8 млн.гас.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).
Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.
Літ.:
Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;