ГУГЕНО́ТЫ (франц. huguenots ад ням. Eidgenossen саюзнікі),
прыхільнікі кальвінізму (пратэстантызму) у Францыі ў 16—18 ст., якія дамагаліся ажыццяўлення Рэфармацыі. Належалі пераважна да трэцяга саслоўя (правінцыяльная буржуазія і рамеснікі), а таксама да дваранства і феад. знаці, незадаволенай цэнтралізатарскай палітыкай каралеўскай улады. З 1562 па 1594 франц. католікі вялі крывавыя войны з гугенотамі; барацьба паміж імі атрымала назву гугеноцкіх або рэлігійных войнаў (гл. таксама Варфаламееўская ноч). Заваяваныя гугенотамі ў гэтых войнах рэліг. і паліт. правы былі замацаваны ў Нанцкім эдыкце 1598. У 17 ст. рэпрэсіі супраць гугенотаў аднавіліся. Ганенні на іх прывялі да разбурэння структур франц. пратэстантызму, да масавай адмовы і пераходу гугенотаў у каталіцтва, эміграцыі больш за 250 тыс. гугенотаў у інш. краіны. Барацьба гугенотаў за свабоду сумлення вымусіла Людовіка XVI у 1787 прызнаць правы пратэстантаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 дэкрэтам 1791 прынцып свабоды сумлення быў замацаваны канчаткова і ганенні на гугенотаў спыніліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 27—29.1.1981 у Мінску. Прысутнічала 796 дэлегатаў ад 595 311 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (Ц.Я.Кісялёў), Рэвіз. камісіі КПБ (Дз.В.Цябут); аб праекце ЦККПССда XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» (А.Н.Аксёнаў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд абмеркаваў і адобрыў праект ЦККПССда XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» і даручыў СМБССР і інш.дзярж. органам на яго аснове распрацаваць 11-ы пяцігадовы план эканам. і сац. развіцця БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 157 чл. і 71 канд. ў чл., Рэвіз. камісію КПБ з 49 чл.
Літ.:
Матэрыялы XXIX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас.р. Грыўда, за 30 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. У межах гідралагічнага заказніка Выганашчанскі. Пл. 9,47 км², даўж. 4,9 км, найб.шыр. 3,3 км, найб.глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 14,4 км. Пл. вадазбору 79,2 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, злёгку выцягнутая з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш.да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На ПдЗ, З і ПнЗ пясчаны вал выш.да 4 м. Дно плоскае, сапрапелістае, мелкаводдзе пясчана-глеістае. Моцна зарастае чаротам, трыснягом, рагозам і інш. Мінералізацыя вады да 160 г/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае, праточнае, упадаюць 2 канавы, выцякае канал Дзевяты (прыток Галоўнага канала, бас. Ясельды). Месца гнездавання і адпачынку ў час асенне-веснавых пералётаў вадаплаўных птушак. На паўн.-ўсх. беразе археал. Помнік — мезалітычная стаянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас.да мая ў верхнім цячэнні і дапач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст.да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ХІС (Arachis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ,
стараж. прадметы, збудаванні, пахаванні, што захаваліся на зямной паверхні, пад зямлёй або пад вадой і з’яўляюцца аб’ектам археал. даследаванняў. Да археалагічных помнікаў адносяцца: выкапнёвыя прылады працы, зброя, упрыгожанні, паселішчы (стаянкі, селішчы, гарадзішчы), рэшткі жытлаў, гідратэхн. збудаванняў, майстэрні, горныя выпрацоўкі, пячоры, стараж. ўмацаваныя лініі (абарончыя валы, равы), дарогі, пабудовы на па́лях, малюнкі і надпісы, высечаныя на асобных камянях і скалах, стараж.арх. помнікі, пахаванні, надмагільныя і культавыя збудаванні (каменныя бабы, следавікі, ідалы, свяцілішчы і інш.). Археалагічныя помнікі — рэчавыя гіст. крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. На Беларусі выяўлена каля 900 стаянак каменнага і бронзавага вякоў, каля 1500 гарадзішчаў і селішчаў ранняга жал. веку і інш.
Даарт.Археалагічныя помнікі. Умацаванае паселішча бронзавага веку Дун Энгус. Астравы Аран, графства Голуэй, Ірландыя.Даарт.Археалагічныя помнікі. Гарадзішча Індура ў Гродзенскім р-не.Даарт.Археалагічныя помнікі. Курганы каля в. Высачаны Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,
прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж.да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.
Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць у металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,
эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.В.Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.А.Бяссонаў, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРЭ́Н (Derain) Андрэ (10.6.1880, Шату, каля Парыжа — 8.9.1954),
французскі мастак. Вучыўся ў Э.Кар’ера (1898—99) і ў акадэміі Жуліяна (1904) у Парыжы. У 1900—07 пісаў пейзажы ў духу фавізму і тэхніцы, блізкай да А.Матыса («Тэмза каля Лонданскага моста», 1900). Каля 1908 стыль Д. змяніўся пад уплывам П.Сезана і ранняга кубізму («Купальшчыцы», 1908, «Від Кадака», 1910). Музейная культура, да якой меў схільнасць Д., абумоўлівала ў яго творах рысы эклектызму і іх падабенства да Г.Курбэ і А.Рэнуара (выявы аголеных), К.Каро і мастакоў барбізонскай школы (пейзажы), Ж.А.Энгра, візант., ісп., венецыянскага жывапісу (партрэты). Рабіў тэатр. дэкарацыі і касцюмы, што ўплывала і на яго жывапісныя работы («П’еро і Арлекін», 1924). Аўтар ілюстрацый у тэхніцы дрэварыту да твораў Г.Апалінэра, А.Брэтона і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕО́ІДНАЯ РА́СА, еўразійская раса,
адна з асноўных або вялікіх рас чалавецтва, у якую ўваходзяць атланда-балт., балкана-каўказская, беламорска-балт., інда-міжземнаморская, сярэднееўрапейская малыя расы. Сфарміравалася на абшарах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы, тэр. Каўказа, Пярэдняй, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У прадстаўнікоў гэтай расы скура ад светлых да смуглявых адценняў, вочы ад вельмі светлых да цёмных, валасы светлыя і цёмныя, прамыя ці хвалістыя, прыкметна растуць барада і вусы, нос вузкі, рэзка выступае, высокае пераноссе, тонкія вусны, рост ад нізкага да высокага. Малыя расы адрозніваюцца паміж сабой пігментацыяй вачэй і валасоў, формай носа. Сучаснае насельніцтва Беларусі адносіцца даўсх.-балт. варыянта беламорска-балт. малой расы. Для яго характэрна шырокае тулава і кароткія ногі, сярэднешырокі і сярэдневысокі твар, умерана выступаючы нос. Сярод беларусаў вылучаюцца паўн. і паўд. варыянты. Апошні больш пігментаваны і нізкарослы.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.