ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Юрый Арсеньевіч) (н. 3.12.1911, Масква),

рускі тэатразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1949). Праф. (1950). Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1935), дзе і выкладаў з 1936. У 1965—90 заг. сектара т-ра народаў СССР ва Усесаюзным НДІ мастацтвазнаўства. Займаўся гісторыяй рус. і сав. т-ра, цырка, эстрады. У кола яго навук. інтарэсаў уваходзілі пытанні развіцця бел. сцэн. мастацтва. Значны яго ўклад у падрыхтоўку кадраў тэатразнаўцаў Беларусі (А.​Бутакоў, Э.​Герасімовіч, У.​Няфёд, А.​Лабовіч, Т.​Арлова, А.​Сабалеўскі, Р.​Смольскі).

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КТАРАЎ (Яўген Уладзіміравіч) (н. 2.9.1946, г. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1971). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэарэт. фізіцы і фізіцы салітонаў. Распрацаваў метады дакладнага інтэгравання нелінейных эвалюцыйных ураўненняў і з іх дапамогай даследаваў дынаміку салітонавых імпульсаў у валаконна-аптычных лініях сувязі.

Тв.:

Некоторые геометрические и групповые методы в теории вполне интегрируемых нелинейных уравнений // Теория групп, гравитация и физика элементарных частиц: Тр. Физического ин-та АН СССР. М 1986 Т 167.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МАРКАС ((Domarkas) Юозас) (н. 28.7.1936, в. Варкаляй Плунгескага р-на, Літва),

літоўскі дырыжор. Нар. арт. Літвы (1974), нар. арт. СССР (1986). Скончыў Вільнюскую (1960, клас кларнета) і Ленінградскую (1960, клас І.Мусіна) кансерваторыі. З 1964 гал. дырыжор сімф. аркестра Літ. філармоніі. З 1965 выкладае ў Літ. кансерваторыі. У рэпертуары творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Г.​Ф.​Гендэля, К.​Орфа, Г.​Малера, Б.​Бартака, Б.​Брытэна, П.​Хіндэміта, К.​Дэбюсі, Б.​Марціну і інш. Першы выканаўца многіх сімф. твораў літ. кампазітараў. Дзярж. прэмія Літвы 1974.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НІН (Міхаіл Міхайлавіч) (1.1.1901, Масква—1993),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1943), Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1921), у ім і працаваў. У 1932—55 у Ваен. акадэміі хім. абароны, з 1946 у Ін-це фіз. хіміі Рас. АН. Навук. працы па фіз. хіміі паверхневых з’яў, тэорыі і тэхналогіі сарбцыйных працэсаў. Распрацаваў метады атрымання высокаэфектыўных прэпаратаў актываванага вугалю і адсарбентаў з зададзенымі параметрамі сітаватасці. Стварыў агульную тэорыю дынамікі сорбцыі і класіфікацыю структурных тыпаў паглынальнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1942, 1950.

Літ.:

М.​М.​Дубинин. 2 изд. М., 1981.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАРАЎ (Рычард Мікалаевіч) (7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),

рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.​Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.​Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́НЧЫЦ (Баляслаў Баляслававіч) (н. 3.4.1943, в. Залоззе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў БДУ (1972). З 1970 у Ін-це цёпла- і масаабмену АН Беларусі, з 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па аптычнай дыягностыцы газавага і аэразольнага асяроддзя, аналітычным прыладабудаванні, інж. экалогіі, лазернай фізіцы. Распрацаваў метады вымярэння фіз. характарыстык газавых патокаў, фарміравання і дыягностыкі параметраў лазерных пучкоў. Прэмія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991. Залаты медаль ВДНГ СССР (1986).

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ,

помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932—35 (арх. С.​Прэзьма) як жылы дом для вядучых спецыялістаў горада. Дамы такога тыпу ў СССР (усяго 66, з іх 3 у БССР) ствараліся па спец. праектах, якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, палепшанае абсталяванне быт. памяшканняў. У кампазіцыі будынка выкарыстаны прыём вылучэння вуглавой павярховай часткі, якой проціпастаўляецца прадаўгаваты 4-павярховы аб’ём. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, балконаў з глухімі агароджамі, лоджый, эркераў.

А.​А.​Воінаў.

Віцебскі жылы дом спецыялістаў.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЫН (Георгій Міхайлавіч) (н. 23.4.1918, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.​М.​Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.​Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЛІЯ́К (Ніна Львоўна) (н. 7.8.1908, С.-Пецярбург),

спявачка (сапрана) і педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1932; клас К.​Дарліяк, маці Д.), з 1935 выкладала ў ёй, стварыла школу камерных спеваў (праф. з 947). Адна з буйнейшых сучасных камерных спявачак. З 1935 выступала ў канцэртах, у т. л. ў ансамблі з мужам — С.Рыхтэрам. Выконвала рамансы і оперныя арыі рус. і замежнай класікі, вак. лірыку сучасных кампазітараў, у т. л. ўпершыню шэраг твораў С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і інш. Сярод вучаніц Г.​Пісарэнка, Т.​Тугарынава, А.Ільіна.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАУ́Д (Мухамед) (18.7.1908, Кабул — 28.4.1978),

дзяржаўны дзеяч Афганістана. Адукацыю атрымаў у Афганістане і Францыі. У 1946—48, 1949—52 міністр нац. абароны. У 1953—63 прэм’ер-міністр Афганістана. Урад Д. рэфармаваў сістэму школьнай адукацыі, садзейнічаў развіццю афг. прам-сці, умацаванню крэдытна-фін. сістэмы і інш. У ліп. 1973 на чале групы афіцэраў скінуў караля і абвясціў краіну рэспублікай. У 1973—78 прэзідэнт і прэм’ер-міністр Афганістана, адначасова міністр замежных спраў і абароны; намагаўся ліквідаваць перажыткі феадалізму ў афг. грамадстве, наладзіў адносіны з СССР. Забіты ў час Красавіцкай рэвалюцыі 1978.

М.Дауд.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)