ПАКАЗА́ЛЬНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

чырвонаармейскія т-ры і тэатр. калектывы, што існавалі ў час грамадз. вайны пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту для культ. абслугоўвання вайск. часцей франтавых і прыфрантавых зон, шпіталяў і мясц. насельніцтва 3 восені 1919 да ліп. 1920 існавалі Першы паказальны тэатр, Другі паказальны тэатр, Трэці паказальны тэатр. У ліп. 1920 яны аб’яднаны ў адзіны калектыў з базай у Смаленску, пазней у Мінску. У трупе выступалі прафес. акцёры і чырвонаармейцы, маст. кіраўнік — М.​Дняпроў. Рэпертуар складаўся пераважна з твораў рус. і замежнай класікі, сав. драматургіі. Спыніў дзейнасць у канцы 1920. Апошні спектакль аб’яднанай трупы — «На дне» М.​Горкага (рэж. і мастак К.​Елісееў).

К.​Б.​Кузняцова.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),

твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.​Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.​Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.​Крэўзы «Абарона уніі» (1617).

У.​Г.​Кароткі.

т. 12, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НКІ (англ. punk падонкі, дрэнь),

саманазва паслядоўнікаў маладзёжнай субкультуры пратэсту, якая ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х г. у Вялікабрытаніі. Напачатку яе носьбітамі былі пераважна сацыяльна неўладкаваныя (часта беспрацоўныя) маладыя людзі. Яе прыхільнікі пратэставалі супраць традыцый бурж. грамадства сваім правакуючым і шакіруючым вонкавым выглядам (стракаты колер валасоў, прычоска на ўзор індзейцаў-іракезаў, адпаведнае адзенне) і ўласнай груба агрэсіўнай разнавіднасцю рок-музыкі (панк-рок, аформіўся ў 1977). У 2-й пал. 1980-х г. панк-рок-групы існавалі і ў СССР, яны выступалі пад трагікамічнымі маскамі воінства «нячыстай», «замагільнай» сілы. Ад руху П. 1970—80-х г. адрозніваецца т.зв. рух неапанкаў 1990-х г. — значна камерцыялізаваная форма маладзёжнай культуры («жартаўлівы маладзёжны рух стагоддзя»).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎГРО́Ш,

медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.​Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр. Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІЯНЕ́Р»,

«Паянір» (англ. Pioneer), серыя амер. аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання Месяца, планет і касм. прасторы; праграмы іх распрацоўкі і запускаў. Макс. маса каля 260 кг.

У 1958—78 запушчаны 14 станцый. «П.-5» (1960) — штучны спадарожнік Сонца. «П.-10» (1972) упершыню здзейсніў пралёт пояса астэроідаў, наблізіўся да Юпітэра (1973; праведзена даследаванне планеты), дасягнуў 3-й касм. скорасці і выйшаў за межы Сонечнай сістэмы (1983). «П.-11» (1973): даследаванне з пралётнай траекторыі Юпітэра, Сатурна і яго спадарожніка Тытана (1979); атрыманы фотаздымкі планет і некаторых іх спадарожнікаў; выйшаў за межы Сонечнай сістэмы ў 1993. «П.-Венера-1, -2» (1978) выканалі даследаванне Венеры, у т. л. яе атмасферы.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНКАРЭ́ (Poincaré) Раймон (20.8.1860, г. Бар-ле-Дзюк, Францыя — 15.10.1934),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Вучыўся ў Парыжскім ун-це. У 1887—1903 дэп. парламента, у 1903—13 і з 1920 сенатар. З 1893 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1912—13, 1922—24 і 1926—29 прэм’ер-міністр, у 1913—20 прэзідэнт Францыі. Праводзіў мілітарысцкую палітыку (празванне «П.-вайна»), Мацуючы франка-рас. саюз супраць Германіі, у 1912 і 1914 наведаў Пецярбург. У 1918—20 адзін з арганізатараў антысав. інтэрвенцыі, стваральнікаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Дамагаўся ваен. і эканам. гегемоніі Францыі ў Еўропе. З 2-й пал. 1920-х г. стаў на шлях збліжэння з Германіяй, каб выкарыстаць яе ў барацьбе супраць СССР. Аўтар мемуараў.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫШКЕ́ВІЧ Уладзімір Мітрафанавіч (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),

расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».

Тв.:

Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ Аляксандр (1915, г. Віцебск — 12.11.1955),

бел. і аўстрал. мастак. Скончыў школу-дзесяцігодку (1932) і Віцебскі маст. тэхнікум (1938). Працаваў мастаком у т-ры і рэдакцыях газет. У 1940 прызваны ў Чырв. Армію, з 1941 быў у ням. палоне. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Аўстралію. Найб. плённа працаваў у жанрах паліт. карыкатуры, скетча, плаката. Яго малюнкі друкаваліся ў бел. і рас. эмігранцкай перыёдыцы. Яго творы экспанаваліся на маст. выстаўках у Аўстраліі. У 1955 у г. Сідней выдадзены альбом яго скетчаў. Быў чл. Аўстрал. маст. т-ва і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, якому завяшчаў некалькі сваіх малюнкаў. Трагічна загінуў.

А.​С.​Ляднёва., В.​А.​Трыгубовіч.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

газета. Выдавалася са снеж. 1939 да крас. 1945 у Берліне на бел. мове 1—4 разы ў месяц пад кантролем герм. улад. Друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, ваен. зводкі, тэндэнцыйна асвятляла становішча на франтах 2-й сусв. вайны, міжнар. адносіны. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва, бел. культ.-асв. суполак і арг-цый за мяжой, інфармавала пра падзеі на Беларусі. Перадрукоўвала матэрыялы з газет, якія выходзілі на тэр. рэйхскамісарыята «Остланд», а таксама прафаш. рус. і ўкр. прэсы. Публікавала артыкулы гіст. тэматыкі М.​Шкялёнка, А.​Адамовіча, мемуары У.​Глыбіннага, успаміны К.​Езавітава пра С.​Палуяна, творы М.​Багдановіча, Л.​Геніюш, Н.​Арсенневай, Я.​Палоннага і інш. Выйшлі не менш як 233 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)