БЯЗЛЮ́ДАЎ (Артур Іосіфавіч) (28.4.1934, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1996),

дзярж. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1963). З 1955 на з-дзе «Чырвоны барацьбіт» у Оршы. У 1957—70 на парт. і камсамольскай рабоце. У 1973—86 міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. З 1994 рэктар Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі і недзярж. ін-та дзелавога адміністравання. Даследаваў праблемы аптымізацыі сістэм кіравання капітальнага буд-ва і гар. гаспадаркі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі ў 1975—85.

Тв.:

Стимулирование эффективности и качества труда в ремонтно-строительном производстве. Мн., 1976;

Слагаемые эффективности: Соц.-экон. очерк. Мн., 1982;

Жилищно-коммунальное хозяйство: Проблемы управления. М., 1990.

В.І.Пепяляеў.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКАЯ (Марыя Сяргееўна) (22.7.1906, Магілёў — 3.5.1990),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працавала ў Бел. дзярж. т-рах імя Я.Коласа (1926—64) і Я.Купалы (1965—79). Выконвала ролі маладых гераінь, потым — характарныя. Мяккі лірызм арганічна спалучала з узнёсласцю і драматызмам. Сярод роляў: Марына («Вайна вайне» Я.Коласа), Таццяна Марыч («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Старшыня калгаса («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Кандраціха («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Аксюша («Лес» А.Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Насця, Рашэль («На дне», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра), Жаніна («Забаўны выпадак» К.Гальдоні), маці Віктара («Гульня з кошкай» І.Эркеня). Здымалася ў тэлевіз. фільмах «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна, «Людзі на балоце» і інш.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНО́НЕН (Васіль Іванавіч) (21.2.1901, С.-Пецярбург — 23.3.1964),

балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1939). Скончыў Петраградскае харэагр. вучылішча (1919). З 1919 артыст і балетмайстар (да 1938) Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1946—50 і 1954—58 балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Сярод найб. значных пастановак: балеты «Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева (1932), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1934), танцы ў оперы «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948, Вял. т-р); на бел. сцэне — балет «Арлекіна» Р.Дрыга і танцы ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1945). Аўтар сцэнарыяў балетаў «Князь-возера» В.Залатарова (з М.Клімковічам, 1949, т-р оперы і балета Беларусі), «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына (з П.Маклярскім, 1960, Вял. т-р). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949.

Літ.:

Армашевская К., Вайнонен Н. Балетмейстер Вайнонен. М., 1971.

Л.М.Ражанава.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДО́СЬ (Аркадзь Лявонавіч) (н. 1.3.1943, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

французскі спявак (барытон). Вучыўся ў Беларускай кансерваторыі (1965—69), скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1980 у Парыжы. Выступае на вял. оперных сцэнах свету (Масква, Мілан, Парыж, Берлін, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Вашынгтон, акадэмія «Санта-Чэчылія»). Сярод партый: Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі і Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Набука, Рыгалета, Радрыга, Аманасра («Набука», «Рыгалета», «Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі). На бел. сцэне выканаў партыі Гразнога і Анегіна (1994) у спектаклях Дзярж. т-ра оперы і балета, выступаў у канцэртах Бел. філармоніі.

А.А.Саламаха.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Няня («Дэман» А.Рубінштэйна).

Літ.:

Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬКО́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),

дзеяч бел. нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.

У.М.Міхнюк.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНШЭ́НКІН (Канстанцін Якаўлевіч) (н. 17.12.1925, Масква),

рускі паэт. Скончыў Літаратурны ін-т імя Горкага (1953). Першая кніга «Песня пра вартавых» (1951). Любоў да чалавека і прыроды, успаміны пра Айч. вайну, абавязак перад сваім часам у зб-ках «Партрэт сябра» (1955), «Вокны» (1962), «Павароты святла» (1965), «Дотык» (1972), «Характар» (1973), «Познія яблыкі» (1980), «Галінка» (1981) і інш., паэме «Жыццё чалавека» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1985). Аповесці і апавяданні ў кн. «Вялікія пажары», «Армейскае юнацтва» (абедзве 1964). Аўтар кнігі ўспамінаў, літ. нарысаў «Накіды да рамана» (1973), «Твары і галасы» (1978); тэкстаў папулярных песень «Я люблю цябе, жыццё», «Як праводзяць параходы» і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

Літ.:

Михайлов А. Константин Ваншенкин. М., 1979.

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВА (Зінаіда Анатолеўна) (н. 29.12.1913, С.-Пецярбург),

бел. і рус. балерына, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1933). У 1937—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова педагог арганізаванага ёю харэаграфічнага аддзялення Бел. тэатр. вучылішча (1939—41), педагог і маст. кіраўнік Бел. харэаграфічнага вучылішча (1945—49). З 1950 у т-рах оперы і балета Новасібірска і Адэсы, у 1962—65 педагог Каірскай балетнай школы (Егіпет). Першая выканала на бел. сцэне партыі Ванды («Салавей» М.Крошнера), Адэты—Адыліі («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Каламбіны («Арлекінада» Р.Дрыга), Лізы («Марная засцярога» П.Л.Гертэля). Творчая і пед. дзейнасць Васільевай зрабіла вял. ўплыў на развіццё бел. балета.

Літ.:

Модэль М. Зінаіда Васільева // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

А.І.Калядэнка.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й імя П.І.Баграціёна. Засн. ў 1935 у г. Ваўкавыск як краязнаўчы, з 1940 дзярж., з 1953 ваенна-гіст. музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 198 м²), 31,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У калекцыі музея археал. знаходкі з раскопак паселішчаў у Ваўкавыску і стараж. ўзбраенне воіна (наканечнікі стрэл лука, арбалета, кап’я, кальчуга, даспехі ням. рыцара, крыжацкі меч), халодная (алебарды, палашы, шаблі) і агнястрэльная (пісталеты, стрэльбы, гармата) зброя 16 — пач. 19 ст., мундзіры рус. салдат і афіцэраў гусарскіх і ўланскіх палкоў вайны 1812. Матэрыялы перыяду Вял. Айч. вайны прысвечаны абароне горада ў 1941, дзейнасці патрыят. падполля, вызваленню ў 1944. Захоўваюцца экспанаты пра жыццё і дзейнасць Баграціёна, дзеячаў КПЗБ С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, С.С.Панковай і інш.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,

дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер. дзярж. сакратаром У.Сьюардам і рас. пасланнікам Э.Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн. дол. тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн. км² (​1/5 тагачаснай тэр. паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш. еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.

Літ.:

Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;

Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)