«БУРАВЕ́СНІК»

(«Sturmvogel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Раманавіч) (30.3.1900, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1970),

генерал-палкоўнік (1954). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, нач. штаба 3-га Прыбалт. фронту. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Эстоніі, Латвіі. З 1945 нач. штаба Прыбалт. і Закаўказскай ваен. акруг. У 1955—56 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба, да 1961 на навук. рабоце.

У.Р.Вашкевіч.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Іван Кандратавіч) (6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),

бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел. літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял. абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НЦІК (Дзмітрый Данілавіч) (23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

Дз.Д.Валенцік.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВАЦЕ́НКА (Іван Кірылавіч) (н. 15.4.1915, в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы афіцэрскага саставу (1939), танкавую школу (1941). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. 5—6.11.1943 танк. рота на чале са ст. лейт. Вальваценкам вызначылася ў баях каля Кіева. Паранены Вальваценка з экіпажам у падбітым танку некалькі гадзін вёў бой да падыходу падмацавання. Да 1946 у Сав. Арміі.

І.К.Вальваценка.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДАЎ (Васіль Аляксандравіч) (12.4.1921, г. Віцебск — 10.6.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Омскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага разведвальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. вызначыўся 2.11.1944 у час палёту над Усх. Прусіяй: з падбітага самалёта паранены сфатаграфаваў паласу абароны праціўніка. За час вайны зрабіў 226 баявых вылетаў, удзельнічаў у 16 паветр. баях з варожымі знішчальнікамі. Да 1961 у Сав. Арміі.

В.А.Дзямідаў.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВІК (Уладзімір Аляксандравіч) (7.7.1903, в. Немча Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1987),

генерал-лейтэнант (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны на Паўд. фронце, да 1940 у Генштабе РСЧА, потым у Забайкальскай ваен. акрузе. У Вял. Айч. вайну на фронце з крас. 1944, камандзір дывізіі. Удзельнік вайны з Японіяй. Да 1968 у Сав. Арміі, на розных пасадах у ваен. ВНУ, Генштабе Узбр. Сіл СССР, ваен. аташэ, узначальваў дэлегацыю СССР пры Ваенна-штабным к-це ААН.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.​Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял. Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.

А.​А.​Воінаў.

Віцебскі дом-камуна.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л ДРОЗД»,

гвардзейскі эсмінец сав. Чырванасцяжнага Балт. флоту, які вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Да 13.2.1943 наз. «Стойкі», перайменаваны ў гонар сав. флатаводца беларуса В.П.Дразда, які загінуў. Уступіў у строй у 1940. У 1941—42 удзельнічаў у баявых дзеяннях флоту ў Рыжскім заліве, эвакуацыі гарнізона п-ва Ханка, абароне Ленінграда (падтрымліваў артыл. агнём часці сухап. войск) і інш. За мужнасць і адвагу атрымаў гвардз. званне (3.4.1942), увесь экіпаж узнаг. ордэнамі і медалямі. Выключаны са складу ВМФ СССР у 1960.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)