КАТАЛО́НСКІЯ ГО́РЫ,

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі. Даўж. каля 250 км. Цягнуцца з ПнУ на ПдЗ уздоўж берага Міжземнага м., ад Пірэнеяў да нізоўя р. Эбра. Складаюцца з двух паралельных ланцугоў — прыморскага (выш. 400—600 м) і ўнутранага (выш. да 1712 м, г. Монтсень), размежаваных падоўжнай тэктанічнай упадзінай. Складзены з крышт. парод палеазою (граніты, кварцыты і інш.), а таксама з вапнякоў, пясчанікаў і глін мезакайназою. Карст. Клімат міжземнаморскі. Лясы з дубу, каштану, буку, алепскай хвоі, пініі; маквіс. У перадгор’і плантацыі аліў, вінаграднікі, сады, пасевы кукурузы, пшаніцы.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕР (Барыс Аляксандравіч) (28.8.1874, С.-Пецярбург — 29.10.1945),

савецкі батанік. Акад. АН СССР (1931), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Казанскі ун-т (1902). З 1913 у Варонежскім с.-г. ін-це, з 1919 адначасова ў Варонежскім ун-це. З 1931 дырэктар Бат. і Глебавага (у 1931—36) ін-таў АН СССР; з 1937 дырэктар Бат. саду АН СССР. З 1941 старшыня Туркм. філіяла АН СССР. Навук. працы па геабатаніцы, экалогіі, анатоміі і фізіялогіі раслін. Распрацаваў метад экалагічных радоў.

Тв.:

Основы эволюции растений. М.; Л., 1948;

Избр. соч. М., 1951.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕФІ́РНЫЯ «ГРЫБКІ́»,

закваска для атрымання кефіру з каровінага малака. Уключае казеін і мікраарганізмы: малочна-кіслы стрэптакок (Streptococcus lactis), які зброджвае лактозу з утварэннем малочнай кіслаты; малочна-кіслая палачка (Streptobacterium plantarum), што надае кефіру неабходную кансістэнцыю і смак; малочныя дрожджы (Torulopsis kefir), якія зброджваюць лактозу з утварэннем этылавага спірту і вуглякіслага газу. У высушаным стане К.«г.» — залаціста-жоўтыя зярняты велічынёй з лясны арэх, у малацэ павялічваюць аб’ём у 2—5 разоў. Радзіма К.«г.» — Каўказ, дзе ў стараж. час была адабрана закваска з натуральна складзеным згуртаваннем мікраарганізмаў.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНБЕРГ ((Kornberg) Артур) (н. 3.3.1918, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Сіці-каледж у Нью-Йорку (1937) і Рочэстэрскі ун-т (1941). З 1947 у Нац. ін-це аховы здароўя, з 1950 адначасова ў Каліфарнійскім ун-це, з 1953 праф. Вашынгтонскага, з 1959 — Станфардскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні ўтварэння каферментаў, выдзяленні і вызначэнні хім. структуры ферментаў, ферментатыўным каталізе. Выдзеліў фермент ДНК-полімеразу, атрымаў біялагічна актыўную ДНК, адкрыў механізм біясінтэзу РНК і ДНК. Нобелеўская прэмія 1959 (разам з С.​Ачоа).

А.Корнберг.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАН (галанд. kraan),

1) запорны клапан, у рухомай дэталі якога ёсць адтуліна для прапускання патоку вадкасці або газу. Бываюць прахадныя (з прамалінейным рухам патоку), вуглавыя (з адхіленнем патоку на 90°) і троххадовыя (з адвольным злучэннем трох трубаправодаў). К. наз. таксама трубаправодны вентыль.

2) Прыстасаванне, з дапамогай якога кіруюць пнеўматычнымі тармазамі поезда. Устанаўліваецца ў кабіне машыніста (у вагонах ёсць стоп-К.).

3) Агульная назва машын для падымання і пераносу грузаў на адлегласць вылету стралы або кансолі (гл. Пад’ёмны кран).

Прахадны кран з прамалінейным рухам вадкасці.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).

У.​П.​Пярэднеў.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАЎ (Ігар Львовіч) (н. 26.6.1938, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1963). З 1982 у Бел. НВА парашковай металургіі, з 1996 у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па тэхнал. асновах і распрацоўцы абсталявання для нанясення ахоўных газатэрмічных пакрыццяў з павышанай трываласцю счаплення.

Тв.:

Газотермические покрытия с повышенной прочностью сцепления. Мн., 1990 (разам з М.​А.​Гелерам);

Электротермическая технология нанесения защитных покрытий. Мн., 1996 (разам з В.​С.​Івашкам, А.​І.​Шаўцовым).

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЙЧЫК (Аляксей Антонавіч) (н. 4.10.1936, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1966 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1961. Даследуе рамантызм сучаснай бел. паэзіі, пытанні выкладання л-ры ў школе і ВНУ. Аўтар метадычных і вучэбных дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1990), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд., 1992), адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі для 7-га кл. «Родная літаратура» (з В.​Ляшук, 4-е выд. 1994) і інш. Складальнік зб. «Паўлюк Багрым» (1994, з Ляшук).

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)