ПАКО́СТЫ (ад польскага pokost лак),

вадкія плёнкаўтваральныя рэчывы на аснове алеяў ці алкідных смол. Колер ад жоўтага да вішнёвага. Добра змочваюць металы, дрэва, тканіну. Нанесеныя тонкім слоем высыхаюць пры пакаёвай т-ры за 24 гадз, утвараюць эластычныя плёнкі, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках.

Адрозніваюць натуральныя, камбінаваныя, паўнатуральныя (напр., аксоль) і алкідныя (гліфталевыя, пентафталевыя, ксіфталевыя П.). Для паскарэння высыхання пры атрыманні дадаюць сікатывы — солі (пераважна лінолевай ці нафтэнавых кіслот) свінцу, марганцу, кобальту. Натуральныя П. атрымліваюць з алею (у асн. ільнянога, канаплянага) частковай яго полімерызацыяй пры 270—280 °C ці награваннем пры 140—160 °C з адначасовым прадзіманнем паветра. Камбінаваныя і паўнатуральныя, а таксама алкідныя П. — растворы ва уайт-спірыце сумесей абязводжаных алеяў з полімерызаванымі высыхальнымі ці паўвысыхальнымі алеямі і тлустых алкідных смол. Выкарыстоўваюць для атрымання і разбаўлення алейных фарбаў, а таксама для прамочвання драўніны перад яе апрацоўкай гэтымі фарбамі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́Ц ЛЁГКАЙ АТЛЕ́ТЫКІ Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску,

крытае мнагамэтавае спарт. збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні, а таксама тэатр.-відовішчных мерапрыемстваў. Найб. спарт. збудаванне падобнага тыпу на Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. М.​Каўко, У.​Ісачанка, У.​Крыштановіч). Прамавугольнае ў плане збудаванне (125 × 48 м; аб’ём каля 119 тыс. м³) мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з 200-метровай 4-радовай і 6-радовай прамой бегавымі дарожкамі са спец. сінт. пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў, залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартсменаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхн. службы. Выразнасць архітэктуры дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежа (блокі метал. ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі.

С.​Дз.​Філімонаў.

Палац лёгкай атлетыкі Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЯЛЕ́ЕЎ (Л.) (сапр. Ерамееў Аляксей Іванавіч; 22.8.1908, С.-Пецярбург — 8.7.1987),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Рэспубліка Шкід» (1927, з Р.​Бялых; аднайм. фільм, 1967) пра школу для беспрытульнікаў імя Ф.​М.​Дастаеўскага, у якой П. выхоўваўся. Кнігі «У абложаным горадзе» (1964) і «Студзень 1944» (1965) пра гераічную абарону Ленінграда ў Вял. Айч. вайну. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Лёнька Панцялееў» (1939, новы варыянт 1952), кн. для бацькоў «Hama Маша» (1966), вершаў, казак, апавяданняў для дзяцей і юнацтва, нарысаў, літ. успамінаў і інш. Яго творы адметныя тонкім веданнем і ўмелым паказам псіхалогіі падлетка, займальным сюжэтам, гумарам, лірызмам; многія з іх экранізіраваны экранізаваны. На бел. мову асобныя творы П. пераклаў С.​Міхальчук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1983—85;

Верую...: Последние повести. Л., 1991;

Бел. пер. — Слова гонару: Апавяданні. Мн., 1978.

Літ.:

Сарнов Б. Л.​Пантелеев. М., 1959;

Путилова Е. Л.​Пантелеев. Л., 1969.

т. 12, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭТРЫ́НЫ,

прыродныя кантактныя інсектыцыды, што знаходзяцца ў кветках рамонкаў роду пірэтрум.

Аптычна актыўныя высокакіпячыя вадкасці. Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў, не раствараюцца ў вадзе. Лёгка акісляюцца ў паветры, асабліва на святле. Паводле хім. прыроды П. — складаныя эфіры (+)-транс-хрызантэмавай і (+)-транс-пірэтрынавай кіслот з цыклічнымі кетаспіртамі: пірэтралонам (назва эфіраў пірэтрын I і II адпаведна), цынералонам (цынерын I і II), жасмалонам (жасмалін I і II). Найб. моцнае ўздзеянне аказвае пірэтрын I; у прыроднай сумесі П. найб. колькасць (каля 70%) пірэтрыну I і II. Выкарыстоўваюць для барацьбы з насякомымі ў закрытых памяшканнях у выглядзе пірэтруму — сухога парашку з кветак (мае 0,3—2,5% П.) ці прэпаратаў на аснове вадкага экстракту (20—60% П.) з дабаўкамі антыаксідантаў і сінергістаў.

Агульная формула пірэтрынаў (R i R′ — арганічныя радыкалы). Для пірэтрыну I і пірэтрыну II R—CH3 і CH3OC(O) адпаведна, R′=CH=CH2; для цынерыну I R=R′=CH3.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.

Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙10​4, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 ​oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш. арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФІНАВА́ННЕ (ад франц. raffiner ачышчаць),

канчатковая ачыстка тэхн. прадуктаў ад пабочных прымесей у металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Ачыстку харч. прадуктаў (напр., алеяў, цукру) наз. рафінацыяй.

У металургіі пашырана Р. металаў — ачыстка першасных, ці чарнавых металаў (маюць 96—99% асн. металу), ад прымесей для павышэння якасці сталей, металаў і сплаваў, а таксама атрымання каштоўных металаў (золата, серабра і інш.), якія ёсць у чарнавых металах. Асн. метады Р.: піраметалургічныя (гл. Піраметалургія), электралітычныя і хім., заснаваныя на адрозненні ўласцівасцей (т-р плаўлення, шчыльнасці і інш.) элементаў, што раздзяляюць. Піраметалургічнае Р., якое ажыццяўляюць у расплавах, мае шэраг разнавіднасцей (напр., зонная плаўка). Электралітычнае Р. — электроліз водных раствораў ці расплаваў солей. выкарыстоўваюць для атрымання каляровых металаў (медзь, нікель і інш.) высокай чысціні. Хім. Р. засн. на рознай растваральнасці металаў і прымесей у растворах кіслот і шчолачаў (напр., афінаж — Р. высакародных металаў). Для атрымання чыстых металаў звычайна выкарыстоўваюць паслядоўна некалькі метадаў.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,

спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш. спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл. раздз. Узброеныя сілы ў арт. Расія), мабільныя сілы і інш. спец. ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш. неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць геам. палажэнняў, якія не залежаць ад пастулата аб паралельных прамых. Агульная частка для эуклідавай геаметрыі і Лабачэўскага геаметрыі.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТМАН,

папера для чарчэння і рысавання. Устойлівы да сцірання, мае шурпатую паверхню. Наз. ў гонар англ. прамыслоўца 18 ст. Дж.​Ватмана.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕН,

у комі міфалогіі бог, стваральнік усяго добрага для народа, рамеснік, майстар. Супрацьстаіць брату Омалю, які творыць толькі дрэннае і злое.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)