«ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТЫРА́НАЎ»,

алігархічны ўрад, які кіраваў Афінамі ў крас.—снеж. 404 да н.э. Выбраны нар. сходам пад націскам Спарты пасля паражэння Афін у Пелапанескай вайне. У склад урада ўвайшлі зацятыя праціўнікі дэмакратыі на чале з Крытыем і больш памяркоўныя алігархі на чале з Фераменам. На аснове высокага маёмаснага цэнзу «Т.т.» абмежавалі колькасць паўнапраўных грамадзян да 3 тыс. чал., са сваіх стаўленікаў прызначылі «Раду 500», праводзілі рэпрэсіі ў адносінах да прыхільнікаў дэмакратыі (знішчана не менш як 1500 чал.). У выніку паўстання Крытый быў забіты, рэжым «Т.т.» скінуты; у Афінах адноўлена дэмакр. праўленне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛАМЕРЫЗА́ЦЫЯ хімічная ланцуговая рэакцыя ненасычаных або цыклічных злучэнняў (манамераў) у прысутнасці рэчыва — перадатчыка ланцуга (тэлагена),

што прыводзіць да ўтварэння сумесі нізкамалекулярных гамолагаў. Паводле механізма падобная да полімерызацыі, аднак пры Т. канстанта скорасці перадачы ланцуга значна большая за канстанту скорасці яго росту (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Малекулы прадуктаў Т. — тэламеры маюць ад 2 да 40 звёнаў манамера і канцавыя групы, якія з’яўляюцца фрагментамі тэлагена. Т. адбываецца пры ўтварэнні нафты, фарміраванні паліенавых ланцугоў біялагічна актыўных рэчываў і інш. прыродных працэсах. Выкарыстоўваюць у прам-сці для вытв-сці лакаў, эмалей, сікатываў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных рэчываў.

Літ.:

Радикальная теломеризация. М., 1988.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УБЕ́ЖА, Убежжа,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 12 км на Пд ад г.п. Расоны. Пл. 0,34 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 14,3 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 8,1 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на ПдУ да 3 м), пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, пясчаныя, парослыя хмызняком. Дно да глыб. 1,2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 1,3 м. Упадае ручай з Сяляўскага воз., выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 16, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЎНЕ́ННЕ ЧА́СУ,

рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным часам. Роўная рознасці прамых узыходжанняў сапраўднага і т.зв. сярэдняга Сонца.

У.ч. абумоўлена тым, што сапраўдны сонечны час нераўнамерны з прычыны нераўнамернасці руху Зямлі па арбіце і нахілу экліптыкі да экватара. На працягу года мяняецца ад +14 мін 22 с да -16 мін 24 с. Пры дапамозе У.ч. вызначаюць сярэдні мясцовы час. Значэнні У.ч. на кожны дзень даюцца ў астр. штогодніках і календарах.

Графік ураўнення часу: 1, 2 — складальныя ўраўнення часу. вызначальныя нераўнамернасцю руху Зямлі па арбіце і нахілам экліптыкі да экватара. адпаведна; 3 — ураўненне часу.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́Я,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзіва, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,32 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км, пл. вадазбору 1,5 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 8—10 м, пад лесам, на Пн і Пд — да 5 м, разараныя. Берагі высокія, пясчаныя, на З зліваюцца са схіламі. У цэнтры возера востраў. Дно выслана гліністым ілам. Зарастае да глыб. 1,7 м, шырыня паласы надводнай расліннасці да 10 м. Упадае ручай і злучана ручаём з воз. Крывое.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЮРО́К КАНАРЭ́ЕЧНЫ, уюрок еўрапейскі (Serinus serinus),

від пеўчых птушак сям. уюрковых атр. вераб’інападобных. Часам лічыцца падвідам, родапачынальнікам пакаёвай, дэкар. канарэйкі. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і прылеглых астравах. На Беларусі трапляецца з 1950-х г.; нешматлікі пералётны від. Селіцца ў пералесках, парках, садах, паблізу жылля.

Даўж. да 11,5 см, маса да 14 г. Апярэнне самцоў пераважна жоўта-зялёнае, у самак — з перавагай зялёных адценняў. Дзюба кароткая, конусападобная. Ногі бурыя. Радужына цёмна-бурая. Корміцца расліннасцю (пераважна насеннем), насякомымі. Манагам. Адкладвае да 5 яец 1—2 разы за лета.

Уюрок канарэечны: 1 — самка; 2 — самец.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІ́НІЙ Гай (Gaius Flaminius; ? — 23.6.217 да н.э.),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Стараж. Рыма. Нар. трыбун 232, цэнзар 220, консул 223 і 218 да н.э. Адстойваў інтарэсы плебеяў і коннікаў. Правёў законы аб надзяленні плебеяў зямлёю (232), аб далучэнні вольнаадпушчанікаў да 4 гар. трыбаў (220), што спрыяла дэмакратызацыі рым. грамадства. Садзейнічаў будаўніцтву (цырк Ф. на Марсавым полі і Фламініева дарога з Рыма ў Арымін). Паспяхова ваяваў з інсубрамі ў Галіі (223). Загінуў у час 2-й Пунічнай вайны ў бітве каля Тразіменскага воз. разам з б. часткай арміі, якую ён узначальваў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМЕ́НЕС (Jiménez) Хуан Рамон (24.12.1881, г. Магер, Іспанія — 29.5.1958),

іспанскі паэт; прадстаўнік мадэрнізму. Належаў да пісьменнікаў «Пакалення 1898 года». Для зб. «Журботныя арыі» (1903) і інш. характэрны суб’ектывізм і меланхолія. У зб. «Вясеннія балады» (1910) традыцыі андалускага фальклору. У зб-ках «Духоўныя санеты», «Дзённік паэта-маладажона» (абодва 1917), «Бясконцасць» (1918) зварот да ўнутр. свету чалавека. Адыход ад класіцыстычных форм, імкненне да непасрэднасці адлюстравання ў вершах і лірычнай прозе (кнігі «Платэра і я», 1914; «Звер з глыбіні душы», 1949) і крытычных эсэ («Іспанцы трох светаў», 1942; «Бясконцы паток», апубл. 1961). Нобелеўская прэмія 1956.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1981.

Х.Р.Хіменес.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ННАЕ ДРЭ́ВА, цынхона (Cinchona),

род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы. З 19 ст. культывуюцца ў Індыі, Інданезіі (асн. маса сусв. здабычы хініну) Х.д.: Леджэра (C.ledgeriana), лекавае (C.officinalis), чырванакорае (C. succirubra) і інш.

Дрэвы выш. 10—15, да 25 м. Лісце супраціўнае, скурыстае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў несапраўдных парасоніках, сабраных у мяцёлкі. Плод — каробачка. Кара і інш. ч. Х.д. маюць да 30 алкалоідаў (найважн. — хінін), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Шляхам селекцыі ўтрыманне хініну павялічылася з 2—2,5 да 16%. З развіццём хім. сінтэзу алкалоідаў культура Х.д. скарачаецца. Лек. расліны.

Галінка хіннага дрэва чырванакорага.

т. 17, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Пётр Акіндзінавіч (1843—28.8.1894),

расійскі караблебудаўнік-самавук. З 1859 у караблебуд. майстэрні Неўскага суднабуд. з-да ў С.-Пецярбургу, дзе прайшоў шлях ад рабочага да карабельнага майстра. Кіраваў буд-вам фрэгата «Генерал-адмірал» (1873), кліпераў «Разбойнік» (1878), «Вяшчун» (1880) і інш. З 1882 гал. інжынер Франка-рус. з-да. Распрацаваў шэраг тэхнал. працэсаў: апрацоўку суднабуд. сталі, разметку і праколку адтулін у лістах, клёпку і інш.; вынайшаў кесон для рамонту падводнай часткі корпуса судна без уводу яго ў док. Аўтар праектаў браняносных караблёў.

Літ.:

Академик А.​Н.​Крылов: Воспоминания и очерки. М., 1956.

т. 17, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)