ГО́РАВІД (Горэвід),

нераскрыты псеўданім бел. паэта канца 19 ст. Аўтар вершаў «Палякам у дзень 3-га мая» (нап. 1891, у сотую гадавіну польскай канстытуцыі») і «Я клічу вас...» (апубл. 1909), у якіх заклікаў бел. народ абудзіцца, «ланцугі цемрачы парваці». Творы Горавіда — адзін з прамых зваротаў да бел. нац. свядомасці. Паэт перажываў з-за недастатковай масавасці бел. нац. руху, але верыў, што самасвядомасць і адчуванне сваёй гісторыі не загінулі ў народзе. Грамадз. ідэалы паэта агульнадэмакратычныя, хоць і не зусім акрэсленыя. Выдатная тэхніка верша, звароты да гісторыі сведчаць пра высокую культуру аўтара.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст. 2 выд. Хрэстаматыя. Мн., 1988.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДЧАНКА (Таіса Канстанцінаўна) (н. 1.12.1951, р. п. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыла БДУ (1976). У 1979—92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка. Друкуецца з 1979. Даследуе творчасць бел. пісьменнікаў 1920—30-х г. (Б.​Мікуліч, В.​Каваль), сучасных бел. празаікаў (манаграфія пра І.​Чыгрынава «Жывая памяць народа», 1984; кн. «Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння», 1991, і інш.). Аўтар даследавання «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.​Гарэлік і А.​Гурскай).

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ.

Дзейнічаў ў Гродне ў 1909—14. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нац. свядомасць моладзі. Кіраўнікі: ксёндз Ф.​Грынкевіч, да студз. 1912 К.​Колышка, з восені 1913 А.​Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясц. школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газ. «Наша ніва», бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», бел. кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та і інш. Члены гуртка займаліся літ. творчасцю (З.Верас, Я.​Лявіцкі, Колышка), збіралі б-ку бел. выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЧ (Мікалай Іванавіч) (14.8.1787, С.-Пецярбург — 24.1.1867),

рускі журналіст, пісьменнік, філолаг. Чл.-кар. Пецярб. АН (1827). У 1812—39 рэдактар-выдавец (з 1826 з Ф.Булгарыным) час. «Сын отечества», які да сярэдзіны 1820-х г. быў звязаны з дзекабрысцкімі коламі, пасля 1825 эвалюцыяніраваў да кансерватызму. У 1831—59 з Булгарыным выдаваў газ. «Северная пчела», якая была пад апекай 3-га аддзялення, што загадвала паліт. наглядам. Аўтар рамана «Чорная жанчына» (1834), першай кн. па гісторыі рус. л-ры «Спроба кароткай гісторыі рускай літаратуры» (1822), «Пачатковых правілаў рускай граматыкі» (1828), мемуараў «Запіскі пра маё жыццё» (поўнасцю выд. 1886). З Булгарыным сатырычна апісаны ў бел. паэме «Тарас на Парнасе».

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 27.1.1940, Мінск — 18.1.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Настаўнічаў на Лагойшчыне, у 1967—70 працаваў у выд-ве «Беларусь», час. «Нёман», у 1970—75 на Бел. радыё. Друкаваўся з 1959. Пісаў пра жыццё вясковай інтэлігенцыі, пошукі моладдзю свайго жыццёвага шляху (зб. апавяданняў «Вокны ўначы», 1969, «Крыніца, светлая вадзіца», 1979, «У полі, за сялом...», 1981; аповесць «На павароце», 1971). Апавяданні пераважна лірычныя, у іх паэтызуецца свет прыроды, душэўны стан герояў, іх перажыванні. Аўтар зб. нарысаў «Людзі вясны» (1982), твораў для дзяцей.

Тв.:

На павароце: Аповесць і апавяданні. Мн., 1973;

Гул медзянога бору. Аповесць, апавяданні. Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БАР ((Gábor) Андар) (24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел. нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.​Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́ЗЕК ((Gajdusek) Даніэл Карлтан) (н. 9.9.1923, г. Іонкерс, ЗША),

амерыканскі педыятр, вірусолаг і эпідэміёлаг. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі неўралогіі. Скончыў Рочэстэрскі ун-т (1943). З 1949 у Гарвардскім ун-це, у 1954 — у Пастэраўскім ін-це ў Тэгеране, у 1955—57 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне, з 1958 у Нейралагічным цэнтры Нац. ін-та здароўя (ЗША). Навук. працы па вірусалогіі, эпідэміялогіі, педыятрыі, генетыцы і эвалюцыі чалавека ў ізаляваных папуляцыях. Стваральнік вучэння пра павольныя вірусныя інфекцыі чалавека (хваробы з працяглым інкубацыйным перыядам і пашкоджаннем ц. н. с.). Нобелеўская прэмія 1976 (разам з Б.Бламбергам).

Д.К.Гайдузек.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯНІ́С,

у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.​Альтдорфера, Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).

Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.

т. 6, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІРЧА́Н (Дэрэнік Карапетавіч) (18.2.1877, г. Ахалкалакі, Арменія — 6.12.1956),

армянскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Арменіі (1940). Акад. АН Арменіі (1953). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі (1892—94). Скончыў тбіліскую семінарыю Нэрсісян (1897), Жэнеўскі ун-т (1909). Друкаваўся з 1893. Аўтар паэт. кніг «Вершы» (1899 і 1913), «Вясна» (1920). Найб. ярка яго талент выявіўся ў драматургіі і прозе. Пра гіст. мінулае арм. народа раманы «Вардананк» (т. 1—2, 1943—46), «Месроп Маштоц» (незавершаны, кн. 1, 1956). Аўтар п’ес «Фасфарычны прамень» (1932), «Напалеон Каркацян» (1934), прац па літаратура-, мова- і мастацтвазнаўстве, гістарыяграфіі. На бел. мову творы Д. пераклалі В.​Лукша, М.​Татур.

Д.​Гаспаран.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРЭ́ГУС (Міхаіл Гардзеевіч) (5.12.1904, с. Вясёлае Харкаўскай вобл., Украіна — 31.7.1997),

украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963), чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Харкаўскім маст. ін-це (1923—30). Сярод твораў: цыклы афортаў «Па дарогах Украіны» (1941), «Па дарогах вайны» (1941—42), «Вяртанне» (1943—44), «Украінскія народныя думы і гістарычныя песні» і «Маруся Багуслаўка» (абодва 1947); трыпціх «Дума пра казака Галоту» (1960), цыкл «Стэп» (1970—80-я г.). Аўтар ілюстрацый да твораў І.​Катлярэўскага, М.​Гогаля, Т.​Шаўчэнкі, Л.​Талстога і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1969.

Літ.:

Врона І.М. Дерегус. Київ, 1958;

М.​Дерегус. Офорты: [Альбом]. Киев, 1971.

М.Дэрэгус. Маруся Багуслаўка. 1947.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)